Пажынаем плады супрацоўніцтва

Партнёрства паміж Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны і Гомельскім абласным эколага-біялагічным цэнтрам мае даўнія карані.

Экацэнтр — вядучая ўстанова дадатковай адукацыі эколага-біялагічнага профілю ў Гомельскай вобласці. Яна сабрала пад сваім дахам амаль тысячу хлопцаў і дзяўчат, неабыякавых да такіх прадметаў, як біялогія, геаграфія, экалогія, тых, каго цікавіць раслінны і жывёльны свет, хто захапляецца даследчай дзейнасцю. ГДУ імя Францыска Скарыны з’яўляецца цэнтрам навуковага патэнцыялу вобласці, месцам, дзе працуюць дзясяткі педагогаў-навукоўцаў, а на профільных біялагічным і геолага-геаграфічным факультэтах вучацца студэнты — будучыя эколагі, геолагі, работнікі лясной гаспадаркі і, вядома ж, настаўнікі геаграфіі і біялогіі. Развіваючы партнёрскія адносіны, экалагічны цэнтр мае патрэбу ў навуковай падтрымцы для рэалізацыі праектаў школьнікаў. Універсітэт жа, у сваю чаргу, арыентуецца на навучэнцаў цэнтра як на будучых матываваных абітурыентаў.

Часцей за ўсё ўзаемная цікавасць узнікае падчас работы над пэўным праектам, для рэалізацыі якога неабходна навуковая падтрымка. Для экалагічнага цэнтра і ўніверсітэта такім праектам стала абласная канферэнцыя навуковых эколага-біялагічных работ навучэнцаў “Моладзь і экалагічныя праблемы сучаснасці”. На ёй былі прадстаўлены лепшыя даследаванні па біялогіі і экалогіі, выкананыя школьнікамі ў навучальным годзе. Ужо не першы год у якасці членаў журы канферэнцыі выступаюць выкладчыкі кафедраў батанікі, заалогіі, экалогіі.

У рамках супрацоўніцтва Гомельскага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра і Гомельскага дзяржуніверсітэта дасягнута ўжо вельмі многае. У першую чаргу гэта навуковая падтрымка дзіцячых даследчых работ, многія з якіх выкананы пад кіраўніцтвам і па заданнях навукоўцаў універсітэта. Так, у 2016 годзе даследаванне стракоз, якія жывуць на вадаёмах Гомеля, выкананае пад кіраўніцтвам Т.В.Азяўчыкавай, прынесла абсалютную перамогу на Рэспубліканскім конкурсе біёлага-экалагічных работ выпускніцы сярэдняй школы № 8 Гомеля Ксеніі Крыцынай.

Выкладчыкі ўніверсітэта — частыя госці ў эколага-біялагічным цэнтры. Без іх не абыходзіцца ні адно пасяджэнне “Клуба педагогаў-даследчыкаў” — аб’яднання настаўнікаў біялогіі, геаграфіі і хіміі, якія працуюць у школе з адоранымі дзецьмі, займаюцца з імі даследчай дзейнасцю. Такі цесны кантакт педагогаў сярэдняй і вышэйшай школы дазваляе настаўнікам быць у курсе новых актуальных напрамкаў у развіцці сучаснай навукі і спрыяе правільнаму выбару тэмы даследаванняў. А гэта, у сваю чаргу, гарантуе выніковыя выступленні навучэнцаў на конкурсах і канферэнцыях любога ўзроўню.

Дзякуючы супрацоўніку кафедры экалогіі А.С.Сакалову, у Гомельскім эколага-біялагічным цэнтры адкрылася “Экашкола” — адно з першых у краіне аб’яднанняў па інтарэсах завочнай формы навучання. На працягу года дзеці вывучаюць тэарэтычны матэрыял пры дапамозе сродкаў дыстанцыйнага навучання, а на канікулах прыязджаюць на сесію ў абласны цэнтр, каб засвоіць пройдзены матэрыял на практыцы. Заняткі ў “Экашколе” праводзяць выкладчыкі кафедры экалогіі геолага-геаграфічнага факультэта. Летам навучэнцы разам з выкладчыкамі ўдзельнічаюць у рабоце профільных экалагічных лагераў “Даследчык” і “Экспедыцыя”, дзе займаюцца даследчай работай пад кіраўніцтвам навукоўцаў. У планах — прыцягненне да работы экалагічных лагераў найбольш таленавітых і адораных студэнтаў УВА. Такі вопыт будзе для іх добрым стартам, бо работа з дзецьмі — іх будучая прафесія. А можа, хто-небудзь з цяперашніх студэнтаў застанецца працаваць у эколага-біялагічным цэнтры ў якасці педагога дадатковай адукацыі.

Несумненна, экацэнтр з’яўляецца выдатнай базай для праходжання вучэбнай і вытворчай практыкі студэнтамі біялагічнага факультэта. Студэнты-валанцёры атрада “Флора” кафедры батанікі і фізіялогіі раслін, працуючы на вучэбным эколага-біялагічным комплексе, з аднаго боку, дапамагаюць педагогам-эколагам у рэалізацыі шэрага праектаў у сферы ландшафтнага дызайну, кветкаводства, агародніцтва і садоўніцтва, а з другога — замацоўваюць свае веды, атрыманыя на занятках ва ўніверсітэце. Варта адзначыць і важнасць працы студэнтаў на вучэбна-доследным участку, паколькі атрыманыя навыкі па арганізацыі, планаванні і ўладкаванні ўчастка могуць быць выкарыстаны ў будучай педагагічнай дзейнасці — падчас працы на прышкольным участку, у прыватнасці, для арганізацыі пазакласнай работы.

Супрацоўніцтва паміж дзвюма ўстановамі доўжыцца ўжо не адзін дзясятак гадоў. Кожны год нараджаюцца новыя праекты, адкрываюцца новыя гарызонты для сумеснай дзейнасці, а гэта дае надзею на тое, што абедзве ўстановы яшчэ доўгі час будуць пажынаць плады свайго супрацоўніцтва.

Раман ХЛЕБІН,
метадыст Гомельскага дзяржаўнага абласнога
эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.