Паспяховы навучэнец – гэта “Лега” + праект

У стагоддзе мадэрнізацыі і асобасна арыентаванага падыходу ў адукацыі патрабуецца прымяненне новых метадаў навучання ў школе. На базе сярэдняй школы № 67 Мінска быў адкрыты першы клас, функцыянаванне якога ажыццяўляецца з дапамогай канструктара “Лега” і ў якім педагог робіць акцэнт на развіццё творчага патэнцыялу вучняў.

Выкарыстанне “Лега” не з’яўляецца навінкай у адукацыйнай практыцы. Наадварот, настаўнікі, бацькі добра ведаюць, што гэты канструктар якасна ўплывае як на псіхафізічнае, так і на разумовае развіццё дзяцей. Упор на дробную маторыку, што з’яўляецца самым важным і неабходным элементам для пісьма, маўлення навучэнца, дазваляе хутчэй дасягнуць вучэбнай мэты на ўроку. Маляўнічыя, бяспечныя, функцыянальныя кубікі як нагляднасць дазваляюць школьніку лягчэй авалодаць вучэбным матэрыялам і павялічыць слоўнікавы запас пры рабоце з канструктарам, які са школьнай парты робіць свет дзяцей ярчэйшым. З’яўляецца жаданне вучыцца.
У нашай школе працуе таварыства юных даследчыкаў, якое накіравана на цеснае ўзаемадзеянне з навучэнцамі і выяўленне дзяцей з высокай матывацыяй да ведаў. У аснову работы гэтага аб’яднання пакладзены метад праектаў, з дапамогай якога хлопчыкі і дзяўчынкі могуць раскрыць творчы патэнцыял, атрымаць новыя веды і павысіць самаацэнку. Больш за 50% навучэнцаў у гэтым таварыстве — хлопчыкі і дзяўчынкі з “Лега”-класа, якія разгарнулі праектную дзейнасць і дасягнулі значных вынікаў на раённых, гарадскіх конкурсах і фестывалях рознай тэматыкі і накіраванасці.

Метад праектаў узнік даўно, але цяпер гэтай форме навучання надаюць у адукацыйнай практыцы вялікае значэнне. Так здарылася, што новае пакаленне думае па-іншаму. Сучасныя дзеці жывуць у век развіцця новых тэхналогій. Яны хутка шукаюць інфармацыю, могуць больш даведацца за кароткі прамежак часу, робяць акцэнт на дэталі, спрабуюць усё сістэматызаваць і зрабіць пэўныя высновы. Усім гэтым патрабаванням цалкам адпавядае метад праектаў. Ён цікавы для вучняў, паколькі пагружае дзіцячую псіхіку ў новае, пастаянна зменлівае асяроддзе. Гэта не дае школьніку сумаваць і гультайнічаць, бо матэрыял увесь час новы. Метад праектаў падымае вучня на якасна новы ўзровень, таму што часцей за ўсё вучэбны матэрыял выходзіць за рамкі школьнай праграмы. Разумовы рост адразу дае аб сабе зна ць, бо вучань знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых ведаў.Ажыццяўляючы работу над праектам “Касмічны сметнік”, навучэнцы “Лега”-класа задумаліся над глабальнымі праблемамі сучаснасці. Яны даведаліся, што ў космасе таксама ёсць неабходнасць збіраць рэшткі касмічных караблёў і клапаціцца пра тое, каб касмічнае смецце не прыляцела на планету Зямля. У выніку школьнікі сабралі касмічны шатл для ўтылізацыі смецця ў космасе з кубікаў “Лега” і ярка абаранілі яго на фестывалі ў Мінску.

У трэцім класе вучні ўскладнілі задачу пры авалоданні канструктарам. Свае тэхнічныя здольнасці і магчымасці яны сталі прымяняць у гуртку “Робататэхніка”. Так, быў ажыццёўлены праект “Ратуйце жука-цесляра”, пры рабоце над якім навучэнцы вывучылі звесткі з Чырвонай кнігі Беларусі, каб сваімі сіламі пабудаваць сапраўднага жука, які рухаецца, і расказаць пра яго выгляд аднакласнікам.

Кубікі “Лега” ў праектнай дзейнасці адыгрываюць ролю эфектыўнага вучэбнага сродку. Трэба адзначыць, што дзеці ўспрымаюць канструктар як пазнавальную цікавую цацку. Гэты наглядны матэрыял дае магчымасць убачыць вынік праектнай дзейнасці — гатовы прадукт — на свае вочы. Яшчэ больш задавальняе вучняў выраб, зроблены сваімі рукамі.

Натуральна, калі вучэбная дзейнасць праходзіць настолькі цікава і актыўна, то і вынікі высокія. Навучэнец расце маральна, з’яўляючыся паспяховым у школе, набывае аўтарытэт сярод аднагодкаў, мае падтрымку па-за школай і дома.

Вольга ВОЛКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 67 Мінска.