Памяць у маім сэрцы

Я вельмі ганаруся сваім дзядулем, памяць пра яго і падзеі Вялікай Айчыннай вайны будзе жыць вечна ў маім сэрцы.

На жаль, наша пакаленне мала ведае пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Наш святы абавязак — зберагчы і перадаць з пакалення ў пакаленне праўду аб самай жудаснай вайне мінулага стагоддзя, аб мужнасці і самаахвярным служэнні сваёй Радзіме нашых дзядоў і прадзедаў, аб вялікім подзвігу народа.

“Войны — злачынная справа! Вайна выклікае гнеў мой, і слёзы, і боль!” Мне здаецца, што гэтыя шчырыя словы Міколы Гусоўскага былі напісаны не яго рукой, а душой, сэрцам нашага славутага земляка. Сапраўды, ці ёсць у свеце што-небудзь больш страшнае, жудаснае, што руйнуе чалавечыя жыцці, пакідае незагойныя раны ў душах і сэрцах людзей?! Хіба можна калі-небудзь забыць такое? У нашай Беларусі няма ніводнай сям’і, дзе б не згадвалі падзеі Вялікай Айчыннай вайны, дзе б не аддавалі даніну любові, пашаны, удзячнасці і памяці родным, блізкім і далёкім лю­дзям, якія ахвяравалі сабой для перамогі над ненавісным ворагам, для таго каб іх нашчадкі жылі ў свабоднай, квітнеючай краіне.

Мой дзядуля і прадзед майго сына Васіль Аляксандравіч Вайтовіч, 1926 г.н., ураджэнец вёскі Залозкі Навагрудскага раёна Гро­дзенскай вобласці, сустрэў вайну ва ўзросце 15 гадоў у чэрвені 1941 года. У першыя дні вайны ён разам з роднымі пайшоў у партызанскі атрад імя Варашылава брыгады імя Дзяржынскага, які аж да 1944 года дзейнічаў у Налібоцкай пушчы. За час вайны ён шмат бачыў і перажыў. Нам, яго дзецям і ўнукам, расказваць пра тыя падзеі дзядуля не хацеў, бо ў­спаміны балюча пяклі яго сэрца, надоўга парушалі душэўны спакой. Гэта былі вельмі жорсткія часы, якія не варта забываць для таго, каб не паўтарылася тая страшная бяда, якая прыйшла ў 1941 годзе.

Пасля перамогі Васіль Аляксандравіч вярнуўся ў родную вёску і працаваў у родным калгасе “Камунар”. На жаль, сёння дзядулі няма з намі, але памяц­ь аб ім жыве. Мы з дзецьмі часта разглядваем фотаздымкі, узнагароды, успамінаем яго. У нашай памяці ён застаўся разумным, добрым і сумленным чалавекам.

Васіль Аляксандравіч Вайтовіч меў шмат узнагарод, сярод якіх — ордэн Чыр­вонай Зоркі, медаль “За баявыя заслугі”. Міністэрствам абароны СССР у 1985 годзе ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені.

Наша пакаленне радуецца жыццю, а­трымлівае адукацыю, працуе. Менавіта аб такой будучыні марылі салдаты Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта ім мы павінны быць удзячны за чыстае неба і ласкавае сонца над галавой!

9 Мая ў нашай сям’і асаблівае свята. Кожны год разам з сынам мы рыхтуем віншавальную паштоўку ў гонар Перамогі, раз­вучваем вершы, спяваем ваенныя песні, усёй сям’ёй глядзім фільмы пра вайну. Хочацца верыць, што маім дзецям ніколі не давядзецца адчуць жахі вайны, але памяць пра гераізм нашых продкаў застанецца назаўсёды.

Вольга СТАРЖЫНСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 1 Карэліч.