Памяць пра мінулае — шлях да будучыні

Выхаванне падрастаючага пакалення на прыкладах гераічнага мінулага, подзвігу дзядоў і прадзедаў у гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў выхаваўчай работы ў аздараўленчым лагеры “Крыніца” Абласнога цэнтра творчасці Магілёва.

У лагеры, у спрыяльнай атмасферы адпачынку і аздараўлення, выхавальнікі працягваюць фарміраваць грамадзянскасць і патрыятызм у дзяцей і падлеткаў, дапамагаюць ім правільна разумець важныя падзеі ваеннага часу і захоўваць памяць пра герояў той вайны.

У “Крыніцы” сярод мноства мерапрыемстваў незабыўным стаў вечар памяці “Ніхто не забыты”, прысвечаны 80-годдзю гераічнай абароны Магілёва. Хлопцы і дзяўчаты сабраліся, каб ушанаваць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны і пагаварыць пра тое, як важна берагчы мір на зямлі.

У гонар тых, хто 23 дні мужна і стойка абараняў Магілёў, і тых, хто 28 чэрвеня 1944 года яго вызваляў, было запалена “Вогнішча памяці”. Мерапрыемства было арганізавана і праведзена выхаванцамі старэйшых атрадаў. Пасля вывучэння гістарычных фактаў пра вайну імі быў напісаны сцэнарый, кожны атрад падрыхтаваў творчыя нумары. Ля вогнішча прагучалі блізкія сэрцу песні “У зямлянцы”, “Жураўлі”, “Кацюша”. У выкананні дзяцей і выхавальнікаў прагучала сучасная песня пра веру і надзею “Жыць” Ігара Мацвіенкі. Для ўзмацнення эмацыянальнага ўздзеяння былі пабудаваны дэкарацыі з месца бою.

Успомнілі выхаванцы і пра герояў той вайны: Еўдакію Лысенка, якая адправіла на фронт дзесяцярых сыноў і ўсіх дачакалася з вайны, Настассю Купрыянаву, у гонар якой у Жодзіне стаіць манумент савецкай маці-патрыётцы, што выгадавала пяцярых сыноў — усе яны загінулі на вайне, абараняючы сваю Ра­дзіму. Згадалі абеліск у Паўночнай Асеціі: ля падножжа вялікай скалы стаіць смуткуючая маці, а над яе галавой ляцяць сем жураўлёў. Яны развітваюцца з ёй і з зямлёй, якую абаранілі цаной свайго жыцця. Усе сыны сям’і Газданавых загінулі ў баях пры Наварасійску, Кіеве і ў Беларусі…

Эстафету памяці працягнулі падлеткі, якія з дапамогай баць­коў падрыхтавалі і падзяліліся ваеннымі гісторыямі сваёй сям’і, сваіх прадзедаў і прабабуль, якія пайшлі на фронт, расказалі пра іх подзвігі і ўзнагароды… Хлопцы і дзяўчаты расказвалі ваенныя гісторыі, паказвалі фатаграфіі і гаварылі пра тое, як захоўваецца памяць пра іх у сем’ях.

Лейтматывам вечара памяці сталі словы вядучых: “Мы павінны памятаць, што самае вялікае шчасце — гэта жыць! Жыць у міры і згодзе! Мы моцныя, пакуль мы адзіныя!” Фінальным акордам вечара прагучала песня “Дзень Перамогі”.

Нашы выхаванцы імкнуліся да таго, каб захаваць жывую памяць пра Вялікую Айчынную вайну, каб удзельнікі вечара пранікліся подзвігам, сілай духу і згуртаванасцю нашага народа і былі дастойнымі нашчадкамі тых лю­дзей, чыімі намаганнямі была спынена спроба заваявання Айчыны.

Святлана РЫСЬКОВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Абласнога цэнтра творчасці Магілёва.