Памятаем і шануем

Навучэнцы сярэдняй школы № 21 Гомеля ўцягнуты ў разнастайную выхаваўчую работу ў межах інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў праз арганізацыю добраахвотніцкай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”.

У межах кірунку “Памятаем і шануем” праводзіўся збор матэрыялаў пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, краязнаўчая дзейнасць, сустрэчы з удзельнікамі войнаў… Удзельнікі добраахвотніцкіх атрадаў “Агеньчык” і “Полымя” зрабілі вялікую пошукава-даследчую работу.

Працягваюць дзейнічаць акцыі “Ветэран жыве побач”, “Мой падарунак ветэрану”. Падшэфнымі з’яўляюцца як ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, так і ветэраны працы — педагогі ўстановы адукацыі. Штогод у Дзень вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 26 лістапада, праходзіць урачыстая лінейка, на якой навучэнцы 5—6 класаў уступаюць у Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю. Валанцёры малодшых класаў пабывалі ў Гомельскім абласным музеі ваеннай славы. З вялікай цікавасцю вывучалі ваенную тэхніку, размешчаную на адкрытых экспазіцыях музея.

Валанцёры школы ўзялі ўдзел у інтэрнэт-чэленджы фотаздымкаў і відэаролікаў “#Беларусьпомнит”, па ўмове якога неабходна размясціць у сацыяльных сетках сваё фота са здымкамі з сямейных архіваў са сваякамі-франтавікамі, зрабіць нататку да фота з хэштэгам “#Беларусьпомнит”.

У маі 2020 года адміністрацыя школы правяла міжнародную канферэнцыю “Вялікая Перамога — гонар пакаленняў”, у якой прынялі ўдзел вучні не толькі нашай школы, але і Санкт-Пецярбурга, Куйбышава (Новасібірская вобласць), Анапы, Калінінграда (Расійская Федэрацыя).

Таксама быў арганізаваны відэаконкурс чытальнікаў “Жывое слова пра вайну”, конкурс праектаў “Я ганаруся…”, дзе навучэнцы расказвалі пра сваіх продкаў, якія прынялі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Такія сацыяльна значныя акцыі і калектыўныя творчыя мерапрыемствы спрыяюць усведамленню маральных каштоўнасцей, садзейнічаюць засваенню нацыянальных каштоўнасцей, традыцый беларускага народа.

Да таго ж у школе пастаянна адбываюцца канцэрты-віншаванні для ветэранаў вайны і працы, праходзяць дабрачынныя святы для дзяцей-інвалідаў, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей у падшэфных дзіцячых садах, пажылых людзей.

Падчас правядзення акцый “Канікулы ў бяспечным рэжыме”, “Нашы дзеці”, “Моладзь за бяспеку” ў дзіцячых садах, Доме малюткі, перад мнагадзетнымі сем’ямі прадстаўлены казкі, пастаўленыя ­ўдзельнікамі добраахвотніцкіх атрадаў па тэматыцы бяспекі жыццядзейнасці: “Церамок”, “Воўк і сямёра казлянят”, “Чырвоная Шапачка”, “Ліска з качалкай”.

Валанцёры атрадаў “Агеньчык” і “Полымя” вучаць дашкольнікаў і дзяцей з атрада “Іскра” па прынцыпе “роўны навучае роўнага”.

У летні перыяд у нашай школе штогод працуе прышкольны лагер “Міласэрнасць”, у аснове дзейнасці якога дапамога тым лю­дзям, хто мае ў ёй патрэбу.

Мы актыўна супрацоўнічаем з дзіцячымі і маладзёжнымі аб’яднаннямі: БРПА, БРСМ, БМГАРП. За час рэалізацыі праекта право­дзілася выхаваўчая работа па фарміраванні маральных якасцей і каштоўнасных арыентацый навучэнцаў на класных і інфармацыйных гадзінах. Педагогі і лідары маладзёжных арганізацый забяспечваюць развіццё сфарміраваных у школе груп валанцёраў. Яны садзейнічаюць дэмакратычнаму стылю ўзаемаадносін паміж навучэнцамі, выяўляюць іх арганізатарскія і камунікатыўныя здольнасці.

Усе вучні кадэцкіх класаў уваходзяць у “Беларускае маладзёжнае аб’яднанне юных ратавальнікаў-пажарных”. Яны паглыблена вывучаюць асновы бяспекі жыццядзейнасці, удзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе “Школа бяспекі”, дзе паказваюць высокія вынікі, займаюць прызавыя месцы.

Заняткі клуба “Лідар” арганізаваны на базе спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Навучэнцы маюць магчы­масць наведваць урокі ў цэнтры бяспекі ліцэя, праходзіць падрыхтоўку па пажарна-выратавальным спорце, займацца страявой падрыхтоўкай, вучыцца аказваць першую дапамогу пацярпеўшым. Да таго ж право­дзяцца заняткі па навучанні тэхніцы вальса. Так, сёлета быў праведзены “Кадэцкі баль” у гарадскім Цэнтры культуры. Сумесна з баць­камі дзеці падбіралі і шылі гарнітуры, вячэрнія сукенкі. Такая дзей­насць садзейнічае згуртаванасці дзяцей і дарослых.

Кадэты з’яўляюцца ўдзельнікамі акцый, мітынгаў, маршаў памяці ва ўзаемадзеянні з Гомельскім абласным аддзяленнем ГА “Беларускі фонд міру”. Яны ўдзельнічаюць у правядзенні інфармацыйна-асветніцкіх прапагандысцкіх акцый ва ўзаемадзеянні з Гомельскім гарадскім і абласным упраўленнем МНС і абласной Дзяржаўтаінспекцыяй.

Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне інавацыйнай дзейнасці  ажыццяўляецца педагогам-псіхолагам школы. Праводзіліся заняткі з элементамі трэнінгу для педагогаў па развіцці спосабаў самарэгуляцыі і прыёмаў самападтрымкі эмацыянальнага стану, па развіцці крэатыўнасці і здольнасці да рэфлексіі, для навучэнцаў — па развіцці камунікатыўных навыкаў.

За тры гады педагог-псіхолаг правёў сустрэчы з навучэнцамі, якія задзейнічаны ў інавацыйным праекце, і іх законнымі прадстаўнікамі з мэтай інфармавання пра асаблівасці адукацыйнага працэсу ў кантэксце інавацыйнай дзейнасці, створаны педагагічны клуб для бацькоў “Маральныя каштоўнасці сям’і як арыенціры выхавання”. Праводзіліся заняткі, трэнінгі па фарміраванні маральных каштоўнасных арыентацый, па развіцці крэатыўнасці, камунікатыўных навыкаў, эмацыянальнай сферы навучэнцаў па ўзроставых катэгорыях, а таксама трэнінгавыя заняткі для бацькоў.

Акрамя гэтага, педагогам-псіхолагам праводзіліся факультатыўныя заняткі “Вучымся жыць у міры і згодзе”, “Падрыхтоўка валанцёраў да рэалізацыі падыходу “роўны навучае роўнага”, “Падрыхтоўка школьніка-лідара і арганізатара дзіцячага маладзёжнага грамадскага аб’яднання”.

Усе мерапрыемствы накіраваны на тое, каб псіхалагічная дасведчанасць педагогаў станавілася нормай іх прафесійнай кампетэнтнасці, дапамагала ў інавацыйна-педагагічнай дзейнасці, а навучэнцы з радасцю бралі ўдзел у праектах.

Інеса КАРПІНА,
дырэктар сярэдняй школы № 21 Гомеля;
Маргарыта РЭМЕЗАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 21 Гомеля.