Паклікалі Блакітныя азёры

Штогод настаўнікі сярэдняй школы № 157 імя А.С.Бурдзейнага арганізоўваюць шматдзённыя паходы па краіне. У ліпені гэтага года 15 вучняў, бацькоў і настаўнікаў у рамках рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны” накіраваліся ў падарожжа па экалагічнай сцежцы “Блакітныя азёры”, што ў Нацыянальным парку “Нарачанскі” ў Мядзельскім раёне.

Маршрут падарожнікаў быў наступны: Мінск — Канстанцінава — Балдук — Глубелька — Глубля — Боўцік — возера Мёртвае — Карась — Акунёк. Ідучы па экалагічным маршруце, дзеці пазнаёміліся са шматлікімі азёрамі. Усюды іх чакаў цікавы аповед настаўнікаў аб гісторыі, флоры і фаўне азёр. Так, напрыклад, з возерам Глубля злучаецца невялікім ручайком незвычайна прыгожае і ўнікальнае па сваіх характарыстыках возера Глубелька. Вада з яго дна не перамешвалася з паверхневай на працягу некалькі тысяч гадоў. А жаўтавата-карычневы колер возера Мёртвага — ад сцёкаў з балоцістых берагоў.

Пасля доўгай хады вучні начавалі ў палатках на беразе возера Балдук, самі варылі ежу, удзельнічалі ў розных тэматычных конкурсах, дзе маглі прадэманстраваць свае навыкі фізічнай падрыхтоўкі, эрудыцыю, вучыліся жыць ва ўмовах лесу.

Як толькі сонца хавалася за неба-схілам,  дзеці садзіліся  вакол  вогнішча і дзяліліся ўражаннямі ад убачанага за дзень. Не абыходзілася і без песень — галоўнага атрыбута падарожжаў.

— Рамантыка прыгод, пазітыўныя эмоцыі і набыццё новых уменняў прывабілі дзяцей. Энтузіязм, з якім яны выконвалі кожнае заданне, быў заразлівым. Практычна кожная  хвіліна паходнага жыцця была распісана: раніцай — зарадка з настаўніцай фізічнай культуры Таццянай Мікалаеўнай Каранец і гатаванне снедання, далей — навядзенне парадку ў палатачным гарадку, паходы па азёрах, затым — абед і зноў гульні, шарады, заданні, збор чарніц, купанне. Сумаваць не прыходзілася. Было прыемна назіраць за тым, як навічкі вучыліся ў вопытных падарожнікаў, якія падказвалі і дапамагалі сваім новым таварышам. “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!”— гэты дэвіз мушкецёраў стаў і дэвізам удзельнікаў нашага экалагічнага маршруту.

Заклікаем усіх, хто сумуе гэтым летам, узяць прыклад з нас і адпачыць з карысцю на Блакітных азёрах.

Алена ЛЫСЮК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце;
Алена БРАЧКОВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 157 імя А.С.Бурдзейнага.