У Кадзінскай сярэдняй школе з поспехам рэалізуецца праект “Дарагія мае землякі”. Навучэнцы разам з класнымі кіраўнікамі сустракаюцца з людзьмі цікавага лёсу, якія ўслаўляюць сваёй працай і талентам нашу малую радзіму.
Нядаўна, даведаўшыся пра тое, што ў вёсцы Вялікая Бароўка жыве творчы чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй Галіна Фокаўна Бандарэнка, піянеры 5 “А” класа вырашылі адправіцца да яе ў госці.
Галіна Фокаўна заўсёды вяла актыўны лад жыцця: займалася рознымі відамі спорту, малявала, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, была арганізатарам цімураўскай работы, наведвала гурткі.
Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, свой запал і энергію жанчына не страціла. Яна поўная новых ідэй і задум, шмат гадоў з’яўляецца членам клуба “Сяброўскі ачаг”. Галіна Фокаўна заўсёды сярод людзей, дапамагае ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу.
Не так даўно гэтая няўрымслівая жанчына займалася зборам матэрыялаў для музея Кадзінскай школы, а сёння яна мае свой этнаграфічны музей “Багата хата”, які з задавальненнем наведваюць жыхары Вялікай Бароўкі і суседніх населеных пунктаў.
Чаго там толькі няма! Прасы, гармонікі, хатняе начынне, сталярныя інструменты, гадзіннікі і многае іншае. Самымі каштоўнымі экспанатамі для гаспадыні музея з’яўляюцца калаўрот і швейная машына, на якіх працавала яе мама — Кацярына Паўлаўна Максімава.
Ведаючы захапленне Г.Ф.Бандарэнка, мясцовыя жыхары пастаянна папаўняюць яе калекцыю старадаўнімі рэчамі, знойдзенымі на гарышчах дамоў сваякоў.
У Галіны Фокаўны ёсць яшчэ адно цікавае хобі. Яна займаецца пластыкай прыродных форм. Гэты творчы чалавек можа ажывіць любы пень ці драўняны нараст. Самае дзіўнае, што пяцікласнікі ў кожнай скульптуры змаглі пазнаць жывёл, птушак, казачных персанажаў — настолькі гэтыя вырабы праўдападобна выглядаюць.
А з якой цікавасцю хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі аповед пра працэс стварэння кампазіцый, усталяваных як у доме, так і ў двары. І яшчэ адно адкрыццё мы зрабілі для сябе: наша гераіня валодае геніяльнай памяццю. Яна цудоўна чытае вершы, ведае на памяць шмат літаратурных твораў. У гутарцы за кубкам гарбаты пяцікласнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі, выказалі словы падзякі не толькі за экскурсію, але і за павучальныя жыццёвыя гісторыі.
Такія сустрэчы пагружаюць дзяцей у свет паэзіі, прыгажосці прыроды, каштоўнасці працы. Пабыўшы некалькі гадзін побач з такім чалавекам, як Галіна Фокаўна, дзеці пачынаюць разумець, што значыць па-сапраўднаму любіць сваю малую радзіму.
Алена БАГАМАЗ,
класны кіраўнік 5 “А” класа Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна.