Паэты з “Пралескі”

Міжшкольнае літаратурнае аб’яднанне “Пралеска”, якім кіруе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Юльянаўна Лісай, працуе на базе сярэдняй школы № 1 Скідаля Гродзенскага раёна ўжо шосты год. За гэты час школьнікі выдалі пяць зборнікаў сваіх вершаў, высокую адзнаку якім далі старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч, гродзенскія паэты Мікалай Сяроў, Ала Нікіпарчык.

Яшчэ адно дасягненне юных паэтаў — дыплом I ступені за паэтычны зборнік “Пралеска” ў Абласным літаратурным конкурсе “Бацькаўшчына светлая мая”, які быў прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Двойчы паэты з “Пралескі” ўзнагароджаны дыпломамі I ступені Саюза пісьменнікаў Беларусі і рэдакцыі часопіса “Роднае слова”: у 2013 годзе — у намінацыі “Творчая спадчына Беларусі” рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых і творчых работ, у 2014 годзе — за ўдзел у літаратурным конкурсе, прысвечаным 70-годдзю вызвалення Беларусі, у намінацыі “Люблю цябе, Белая Русь”. Дыпломамі I ступені адзначаны вершы “Вянка санетаў” вучаніц 11 класа Кацярыны Дзерачэнік, Алены Агурцовай, Ларысы Шпак. Асаблівасцю выдадзенага зборніка з’яўляецца тое, што мастацкае афармленне выканана адным з аўтараў — Аленай Агурцовай. Заняткі ў “Пралесцы” дапамагаюць таленавітым дзецям у поўнай меры развіць творчыя здольнасці. Так, Кацярына Дзерачэнік тройчы станавілася пераможцай Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, у гэтым навучальным годзе дзяўчына атрымала дыплом І ступені. Яна з’яўляецца тройчы стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў, а таксама стыпендыятам іншых раённых і абласных фондаў.
Марыя Юльянаўна Лісай узнагароджана Ганаровай граматай рэдакцыі часопіса “Роднае слова”, граматай Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама адзначана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў.
Вучаніцы 11 класа развітваюцца са школай, але заняткі ў літаратурным аб’яднанні “Пралеска” далі юным паэткам тое, што яны пранясуць праз усё жыццё: імкненне да творчасці, любоў да паэтычнага слова і мілагучнай роднай мовы.

Наталля ЧАРКЕС,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Скідаля.
Фота аўтара.