Падарожжа па шляху да ведаў

Напярэдадні гэтага навучальнага года ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” пачало рэалізацыю сацыяльнага праекта “Школьны аўтобус”, дзякуючы якому вучні ў сельскай мясцовасці маюць магчымасць атрымліваць сучасную адукацыю на належным узроўні. Першая партыя з шасцідзесяці школьных аўтобусаў (па дзесяць на кожную вобласць краіны) у Дзень ведаў была перададзена навучальным установам. Адметным у акцыі быў той факт, што вадзіцелямі многіх новенькіх аўтобусаў сталі жанчыны.

У Магілёўскай вобласці для арганізацыі падвозу сельскіх школьнікаў за кошт раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму было спецыяльна навучана дзесяць жанчын-вадзіцеляў. Усе яны з надыходам верасня селі за руль новенькіх МАЗаў. Як у іх атрымліваецца спраўляцца з такой няпростай і адказнай справай, якую прынята лічыць мужчынскай, ці ўзнікаюць праблемы і цяжкасці? Адказ на гэтае пытанне карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” паспрабавала знайсці падчас рэйдавай паездкі па маршруце школьнага аўтобуса ў Магілёўскім раёне.
Як расказала начальнік аддзела тэхнагляду і развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў упраўлення адукацыі аблвыканкама Ганна Бломнік, школьныя аўтобусы па сацыяльнай акцыі ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” паступілі ў дзевяць раёнаў вобласці.
— Новым, афарбаваным у пазітыўны жоўты колер МАЗам парадаваліся ў Круглянскім, Быхаўскім, Бялыніцкім, Клімавіцкім, Клічаўскім, Крычаўскім, Асіповіцкім, Магілёўскім і Шклоўскім раёнах. За рулём кожнай машыны — менавіта жанчыны, — падкрэсліла Ганна Сцяпанаўна.
Цікавым, па словах Ганны Бломнік, з’яўляецца той факт, што ў некаторых школах аўтобусамі кіруюць настаўнікі, выхавальнікі, а ў Абідовіцкім ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Быхаўскага раёна падвоз і зусім ажыццяўляе завуч.

Асноўная пасада Наталлі Леанідаўны Сычовай — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, але два разы на дзень яна змяняе статус завуча на не зусім звыклае вадзіцельскае крэсла. Па словах дырэктара Абідовіцкага ВПК Аляксандра Іванавіча Савосценкі, з такімі дадатковымі абавязкамі яна выдатна спраўляецца і ўдзячная кіраўніцтву навучальнай установы за аказаны давер.
Непрыкметна пад’язджаем да месца перасадкі на школьны транспарт. Па сваім штодзённым маршруце нас правязе вадзіцель аўтобуса ясляў-сада аграгарадка Палыкавічы Аксана Чвірава. Дарэчы, Аксана Іванаўна падвозіць да месца вучобы і назад дадому не толькі выхаванцаў дзіцячага сада, але і школьнікаў. Паводле яе слоў, бацькі дзяцей не праяўляюць турботы з нагоды таго, што за рулём жанчына.
— Нам давяраюць, тым больш што ў аўтобусе заўсёды ёсць педагог, які суправаджае дзяцей, усаджвае іх, прышпільвае рамянямі бяспекі і сочыць за парадкам. Шчыра кажучы, тое, што школьныя аўтобусы водзяць менавіта жанчыны, — правільнае рашэнне. Мы ж самі маці, таму ўвагу малым удзяляем як родным. Бацькі гэта разумеюць і з абсалютным спакоем адпускаюць з намі сваіх дзяцей, — гаворыць Аксана Іванаўна.
Яе словам знаходзіцца і нагляднае пацвярджэнне. Перад ад’ездам педагог, які суправаджае дзяцей, сапраўды ўдзяліла пільную ўвагу бяспецы кожнага з малых, пасля чаго аўтобус упэўнена скіраваў па ўжо знаёмым маршруце. Аксана Іванаўна раніцай прывозіць дзяцей навакольных вёсак у дзіцячы сад, а ўвечары развозіць іх па дамах. Нягледзячы на тое, што зімой з-за ўмоў надвор’я сітуацыя на дарогах бывае досыць складанай, яна з ёй лёгка спраўляецца.
— Скажу шчыра, бывае, узнікаюць пэўныя цяжкасці. Напрыклад, даводзілася развозіць дзяцей у снегапад, ды галалёдзіца на дарогах перыядычна з’яўлялася. Нягле-дзячы на новы стан машыны, здараліся і пэўныя паломкі. Але ў такіх выпадках я проста не губляла ўпэўненасці, была вельмі ўважлівай і зніжала хуткасны рэжым, — адзначае Аксана Чвірава.
Упэўнена і акуратна кіруючы немаленькім МАЗам, Аксана Іванаўна даставіла малых ва ўстанову за паўтары гадзіны, зрабіўшы за гэты час тры рэйсы па найбліжэйшых вёсках і праехаўшы ў агульнай колькасці больш за восемдзесят кіламетраў. Такі паказчык на справе пацвердзіў: жанчыны-вадзіцелі ніколькі не саступаюць у кіраванні вадзіцелям-мужчынам.

Наша невялікае падарожжа завяршылася. Уражанні ад рэалізацыі на Магілёўшчыне праекта “Школьны аўтобус” засталіся толькі станоўчыя. У тым ліку і ў кіраўніка праекта ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” Уладзіміра Лапаціна.
— У Магілёўскай вобласці наш праект атрымаў, бадай, самае шырокае развіццё. Менавіта ў гэтым рэгіёне падрыхтавана найбольшая колькасць жанчын-вадзіцеляў. І, як мы пераканаліся, з ускладзенымі на іх абавязкамі яны годна спраўляюцца, — адзначыў Уладзімір Аляксандравіч. — У адпаведнасці з пяцігадовай праграмай, Банк развіцця ўзяў на сябе абавязацельства поўнасцю вырашыць пытанне забеспячэння ўстаноў адукацыі ў сельскай мясцовасці камфартабельнымі школьнымі аўтобусамі. І гэта абавязацельства будзе выканана. Так, да будучага навучальнага года ў кожную вобласць плануецца паставіць зноў мінімум па дзесяць аўтобусаў, а магчыма, што гэтая колькасць і павялічыцца. Пытанне мы зараз актыўна прапрацоўваем. Плануюцца ў гэтым годзе і новаўвядзенні, прычым яны будуць укараняцца з улікам спецыфікі і асаблівасцей кожнай з абласцей. Напрыклад, ёсць ідэя абсталяваць маршруты руху аўтобусаў сучаснымі прыпыначнымі пунктамі, дзе навучэнцы будуць чакаць транспарт; пры вучэбна-вытворчых камбінатах стварыць рамонтныя групы, якія ажыццяўлялі б нескладаны рамонт аўтобусаў; пабудаваць на тэрыторыі ўстаноў адукацыі гаражы, а таксама прапрацаваць магчымасць устаноўкі ў новай партыі аўтобусаў тэлевізараў, што дазволіць дзецям ў дарозе глядзець мультфільмы ці казкі, — дадаў ён.
Што ж, ідэі добрыя, і сельскім школьнікам, без сумненняў, прыйдуцца па душы. Таксама, як ужо прыйшліся даспадобы новыя аўтобусы, якія пад упэўненым кіраўніцтвам жанчын-вадзіцеляў штодня вязуць іх па шляху да ведаў і сучаснай якаснай адукацыі.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.