Падарожжа — гістарычны экскурс

Вучні Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна — актыўныя ўдзельнікі праекта “У госці да суседзяў”.

Краязнаўства — гэта не толькі невычэрпная крыніца папаўнення ведаў па гісторыі роднай Беларусі, але і дзейсны сродак  патрыятычнага выхавання маладога пакалення. Гэтым разам пяцікласнікі і шасцікласнікі пралажылі свае турыстычныя маршруты па Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Ваенна-патрыятычны маршрут “У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу” пачаўся з наведвання могілак часоў Першай сусветнай вайны ў ваколіцах Гарадзішча. Мы з вучнямі знаходзіліся на тым месцы, дзе праходзіла лінія фронту, якая раздзяляла  нямецка-аўстрыйскія войскі і войскі рускай арміі.

Потым наш гістарычны экскурс працягнуўся ў вёсцы Калдычэва, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся канцэнтрацыйны лагер, у якім загінулі 22 тысячы мірных жыхароў. У іх ліку і браты Мікалай і Георгій Хільтовы, свяшчэннаслужыцелі з Клецка, якія дапамагалі партызанам. Іх бацька, айцец Андрэй Хільтоў, быў настаяцелем храма ў нашай вёсцы Валеўка. Аповед настаўніка аб цяжкіх выпрабаваннях вязняў канцэнтрацыйнага лагера ўскалыхнуў дзіцячыя сэрцы.

Гутарка аб мужнасці і гераізме беларускага народа працягнулася на месцы гібелі Героя Беларусі лётчыка Уладзіміра Карвата. Юныя грамадзяне краіны разам з дарослымі разважалі над вытокамі гераізму, самаахвярнасці, любові да Радзімы лепшых сыноў Беларусі. Сапраўды, у жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу, а вайна пачынаецца тады, калі вырастае пакаленне, якое не памятае вайны мінулай. Дык давайце будаваць сваё жыццё па прынцыпе: ”Памятай аб мінулым і жыві такім сённяшнім днём, за які не будзе сорамна ў будучыні”.

Другі наш маршрут пачаўся на хутары Завоссе, дзе нарадзіўся славуты пясняр Навагрудчыны Адам Міцкевіч. Цікавы і змястоўны аповед дырэктара Музея-ся­дзібы Адама Міцкевіча папоўніў веды вучняў аб жыцці і творчасці нашага земляка, якія выйшлі далёка за межы падручніка. Дзеці апынуліся ў сапраўднай шляхецкай сядзібе і дакрануліся да цэлага пласту гісторыі і культуры свайго народа. Восеньскае на­двор’е спрыяла таму, каб любавацца прыгажосцю беларускіх края­відаў.

Незабыўныя ўражанні засталіся ад наведвання міні-заапарка і конна-спартыўнага клуба “Троя”. Дзеці не толькі цікава правялі час у зносінах з жывой прыродай, але і паспрабавалі сябе ў ролі жакеяў.

Суседняя Брэстчына нам вельмі спадабалася. Мы яшчэ не раз пракладзём праз яе свае маршруты.

Тамара СУРАГА,
настаўніца гісторыi Валеўскага дзіцячага сада  —  сярэдняй школы Навагрудскага раёна.