Пад знакам эканоміі і беражлівасці

Быць разумна разважлівым — гэта патрабаванне часу, таму ўсе, хто жыве ў нашай краіне, павінны вучыцца эканомна карыстацца энергетычнымі, фінансавымі, матэрыяльнымі і працоўнымі рэсурсамі.

Сістэма работы аддзела і ўстаноў адукацыі, спорту і турызму Добрушскага раёна па энергазберажэнні ўключае ў сябе наступныя напрамкі: складанне і рэалізацыя плана па забеспячэнні эканомнага і рацыянальнага выкарыстання вады, цеплавой і электрычнай энергіі, адукацыйная работа з навучэнцамі, арганізацыя даследчай дзейнасці, асветніцкая і метадычная работа з педагогамі і бацькамі, абагульненне і распаўсюджванне прадукцыйнага вопыту работы па навучанні дзяцей асновам эфектыўнага энергакарыстання.
Фарміраванне беражлівага стаўлення да выкарыстання энергарэсурсаў пачынаем з дашкольнага ўзросту і працягваем на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Ва ўстановах дашкольнай адукацыі створана цэласная сістэма па гэтым напрамку, якая аказвае дзейсную дапамогу ў арганізацыі работы з выхаванцамі, бацькамі, педагогамі.
У метадычных кабінетах устаноў аформлены змяняльныя тэматычныя выставы, дзе сабраны матэрыялы: картатэкі гульняў, канспекты заняткаў, свят, кансультацыі і рэкамендацыі.
Арганізуем разнастайныя і эфектыўныя формы метадычнай работы з педагогамі: майстар-класы, прэзентацыі, семінары, круглыя сталы, творчыя групы і г.д. У сваю чаргу педагогі ва ўзаемадзеянні з сям’ёй арганізуюць работу з выхавальнікамі.
У розных відах дзіцячай дзейнасці: музычная, тэатральная, эксперыментаванне, назіранне, маляванне, лепка, — фарміруем у дзяцей навыкі рэсурсазберажэння, якія выхаванцы рэалізоўваюць у сваім штодзённым жыцці.
Прыцягваем бацькоў у дапамогу дзецям для правядзення даследаванняў па расходаванні прыродных рэсурсаў у дамашніх умовах і выяўлення магчымасцей іх эканоміі: “Мая беражлівая сям’я”.
Уключаем ідэі энергазберажэння ў розныя ілюстраваныя дзіцячыя кнігі, тым больш, што кнігі дашкольнікам чытаюць усе члены сям’і.
Намі праведзены раённы конкурс на лепшую аўтарскую кнігу ўстановы адукацыі па пытаннях эканоміі і беражлівасці. Прыкладам для выкарыстання сталі аўтарскія кнігі ўстаноў-пераможцаў: ясляў-сада № 5 Добруша — “Падарожжа ў краіну зберажэння”, ясляў-сада № 4 Добруша — “Скарбы Гнома-эканома”.

На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі працягваем работу па фарміраванні ў навучэнцаў першапачатковых уяўленняў аб энергіі і энергарэсурсах, развіцці ўяўленняў аб навакольным асяроддзі, неабходнасці і спосабах яго захавання, выхаванні элементарнай культуры беражлівага энергакарыстання.
Практычна на кожным уроку педагогі вядуць такую работу: рашаюць задачы на разлік электраэнергіі і вады, вывучаюць вершы, чытаюць і складаюць апавяданні і казкі, рыхтуюць тэматычныя малюнкі “Мы малюем дом родны”, “Сябры Берагошы”, “Планета Зямля — наш агульны дом”, “Энергазберагай”.
Вялікую ўвагу пытанням энергазберажэння ўдзяляем у пазаўрочнай дзейнасці. Праводзім класныя і інфармацыйныя гадзіны: “Энергетычныя рэсурсы Рэспублікі Беларусь”, “Ад лучыны — да электрычнасці”, “Шлях цеплавой энергіі ў дом”, “Што дае прырода чалавеку”, пазакласныя мерапрыемствы “Біялагічны аўкцыён”, гульню “Дзень Зямлі”, конкурс знаўцаў “Крыніцы энергіі”.
Педагогі, улічваючы ўзроставыя асаблівасці малодшых школьнікаў, праводзяць навучанне праз актыўныя формы работы, практычную дзейнасць, пастаноўку доследаў, правядзенне элементарных відаў даследчых работ, самастойную дзейнасць школьнікаў; выкарыстоўваюць гульнявы і забаўляльны матэрыял; праводзяць спаборніцтвы, завочныя экскурсіі, выставы, вусныя часопісы, святы.

Навучэнцы ІІ і ІІI ступеней сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў, накіраваных на эканомнае выкарыстанне энергарэсурсаў.
Праводзім штогадовы раённы конкурс выяўленчай творчасці “Энергазберажэнне вачамі новага пакалення”, конкурс сацыяльнай рэкламы на тэму “Энергаэфектыўнасць і экалогія”, у якіх удзельнічаюць старшакласнікі. Такія віды дзейнасці дапамагаюць фарміраваць сацыяльную адказнасць моладзі — будучыні нашага раёна, краіны.
Для навучання ведам па пытаннях энергазберажэння шырока выкарыстоўваем магчымасці не толькі вучэбных, але і факультатыўных заняткаў.
Арганізавана работа 135 факультатываў, з іх 21 клас рэалізоўвае праграму факультатыву “Азбука Берагошы”, 5 класаў — праграму “Экалагічнае краязнаўства”.
Працуюць 4 факультатывы “Энергія і навакольнае асяроддзе”, 3 факультатывы “Экалогія і эвалюцыя чалавека” на ІІІ ступені навучання.
Даследчая, эксперыментальная і праектная дзейнасць навучэнцаў і педагогаў — адзін з напрамкаў нашай работы. Тэматыка праектаў аб’яднана агульнай мэтай — фарміраванне ў навучэнцаў новага энергаахоўнага тыпу мыслення, пошук цікавых форм дзейнасці, а таксама форм прапагандавання эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў.
Штогод праводзім раённы конкурс даследчых работ навучэнцаў у намінацыі “Навучэнскі праект па энергазберажэнні”. Колькасць і якасць прадстаўленых работ расце. Навучэнцы становяцца не толькі ўдзельнікамі, але і пераможцамі абласнога і рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”.

Раён працягвае работу ў рамках ініцыятывы па распрацоўцы і рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця тэрыторыі (мясцовых павестак — 21) у Беларусі. Пяць устаноў рэалізоўваюць школьныя мясцовыя павесткі — 21. Гімназія Добруша ўжо трэці год з’яўляецца рэсурсным цэнтрам камплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця (рэспубліканскі інавацыйны праект).
Вучэбна-метадычны кабінет і метадычныя службы раёна праводзяць сістэмную метадычную работу з кіруючымі і педагагічнымі кадрамі па пытаннях энерга- і рэсурсазберажэння з мэтай павышэння ўзроўню інфармаванасці педагогаў па пытаннях у сферы энерга- і рэсурсазберажэння і навучання іх актыўным формам правядзення энергазберагальных мерапрыемстваў з дзецьмі.
Абагульнены прадукцыйны вопыт работы педагогаў: Таццяны Цвяточнікавай, гімназія Добруша; Людмілы Борсук, Уцеўская сярэдняя школа; Наталлі Козыравай, Ігаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа; устаноў адукацыі: Насовіцкая сярэдняя школа, церахоўская сярэдняя школа № 1.
У кастрычніку ва ўстановах адукацыі, спорту і турызму раёна прайшоў месячнік “Пад знакам эканоміі і беражлівасці”. На базе Уцеўскай сярэдняй школы быў адкрыты практычны цэнтр па энергазберажэнні — першы ў раёне (за месяц работы яго наведалі 210 чалавек). Установа з’яўляецца апорнай: тут ёсць банк даных метадычных распрацовак па энергазберажэнні і экалагічнай дзейнасці, матэрыялы творчай дзейнасці, відэаматэрыялы.
Па выніках абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон” у намінацыі “Лепшы раён вобласці па арганізацыі работы ўстаноў адукацыі ў сферы энергазберажэння” наш раён на працягу некалькіх гадоў займае вядучыя пазіцыі.
Галоўная наша задача — навучыць дзіця браць адказнасць на сябе за якасць свайго жыцця на планеце Зямля. Яно павінна ўсведамляць, калі яно радуецца жыццю і атрымлівае яе даброты, то і наступныя пакаленні таксама будуць жыць на гэтай планеце і атрымліваць такія ж даброты, бо яно паводзіла сябе адпаведным чынам — адказна і свядома.

Святлана КАВАЛЁВА,
загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета
аддзела адукацыі, спорту і турызму

Добрушскага райвыканкама.