Па заслугах і пашана

У Віцебскім раёне ўрачыста ўшанавалі лепшых прадстаўнікоў устаноў адукацыі, якія выявілі свае таленты, веды, неардынарныя здольнасці, мэтанакіраванасць і працавітасць, дасягнулі значных вынікаў у вучэбнай, творчай і спартыўнай дзейнасці. А нароўні з імі — бацькоў і педагогаў. Сустрэча адбылася ў раённым Доме культуры пры падтрымцы раённай арганізацыі “Белая Русь”.

Дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу падтрымцы і развіццю адукацыі. Больш як 50 працэнтаў бюджэту Віцебскага раёна выдаткоўваецца менавіта на гэтую сферу, дзякуючы чаму ўсе 43 установы адукацыі маюць годны, сучасны выгляд, добраўпарадкаваную тэрыторыю, сфарміраваную спартыўную базу, абсталяваныя найноўшымі тэхнічнымі сродкамі. Пра гэта ў сваім прывітальным слове расказала намеснік старшыні райвыканкама Ксенія Карабач. Выйсці на новы ўзровень інфармацыйнага і развіццёвага асяроддзя дазволіла набыццё трох лінгафонных кабінетаў і сямі інтэрактыўных дошак, трох новых кабінетаў фізікі.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Вольга Разанава адзначыла, што менавіта сумесная дзейнасць аддзела, устаноў адукацыі, бацькоў, папячыцельскага савета, накіраваная на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў і павышэнне якасці адукацыі, дае магчымасць наладжваць вучэбны працэс па розных напрамках. Так, у гэтым навучальным годзе на базе 4 устаноў адукацыі ў 11 класах арганізавана вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. У 14 установах адкрыта 16 рэсурсных цэнтраў рознай прадметнай і выхаваўчай накіраванасці, у тым ліку па рабоце з адоранымі навучэнцамі, падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметахах. За мінулы навучальны год у скарбонцы перамог навучэнцаў 220 дыпломаў абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўню за ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці, дыстанцыйных алімпіядах, конкурсах вучэбнай накіраванасці. З мэтай падрыхтоўкі вучняў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання ў 10-х і 11-х класах працуе 5 міжшкольных факультатываў на павышаным узроўні праз раённы кансультацыйны цэнтр на базе ВДУ імя П.М.Машэрава, Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Леанід Сцяпанаў заўважыў, што сучасная школа арыентавана не толькі на засваенне вучнямі пэўнай сумы ведаў, але і на развіццё асобы кожнага дзіцяці, яго пазнавальных і творчых здольнасцей, фарміраванне грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі. І сёння Віцебскі раён — адзін з тых, які задае тон у гэтым кірунку. У пацвярджэнне гэтага Вольга Разанава прывяла прыклад:
— Штогод навучэнцы і педагогі прымаюць удзел у мерапрыемствах турыстычна-краязнаўчай накіраванасці, займаючы прызавыя месцы на абласных турыстычных злётах, турыядах, у першынстве Рэспублікі Беларусь па тэхніцы пешаходнага турызму і іншых спаборніцтвах. Прыкладам імкнення да перамогі для вучняў з’яўляюцца ў першую чаргу педагогі, якія прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, у спартыўных спаборніцтвах і іншых мерапрыемствах.
Дасягненні Марыі Макаравай — гордасць для яе бацькоў Таццяны Алегаўны і Міхаіла Міхайлавіча. Навучэнка Суйкаўскай сярэдняй школы, пераможца трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі — у ліку ўзнагароджаных у намінацыі “Вучэбна-даследчыя дасягненні”. Да такога выніку дзяўчыну прывялі стараннасць і цікавасць да вучэбных прадметаў, якімі яна захапілася дзякуючы педагогу Святлане Антоненка.
“Па працы і пашана”, — так ёміста звярнуўся да ўзнагароджаных у намінацыі “Творчыя дасягненні” намеснік начальніка райаддзела адукацыі, спорту і турызму Уладзімір Навічонак. Не першы раз прымалі ў свой адрас словы падзякі за дачку Ірыну, навучэнку Вымнянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Зоя Анатольеўна і Юрый Дзмітрыевіч Сіняковы. Дзяўчына — пераможца абласнога конкурсу юных экскурсаводаў “Мая малая радзіма”. Шлях да поспеху Ірына прайшла разам са сваім педагогам Наталляй Вінаградавай.
У намінацыі “Спартыўныя і турыстычныя дасягненні” сярод узнагароджаных тры ўчарашнія выхаванцы настаўніка фізічнай культуры Мазалаўскай сярэдняй школы Івана Марчанкі, навучэнцы вучылішча алімпійскага рэзерву, прызёры абласных спаборніцтваў па зімовым мнагаборстве “Здароўе”, члены зборнай вобласці па біятлоне Ганна Маслакова і Яна Клёцкіна, а таксама чэмпіён Беларусі па зімовым мнагаборстве “Абаронца Айчыны” Арцём Сярэбранікаў. Нягледзячы на змену месца вучобы, хлопцы працяг-ваюць выступаць у складзе каманды нашага раёна на спартыўных спаборніцтвах, прыносячы ў яе прызавую скарбонку ўсё новыя і новыя перамогі.
— Хочацца пажадаць, каб гэтыя першыя дасягненні назаўсёды засталіся ў вашай памяці. Каб пасля, атрымаўшы прафесійную адукацыю, вы абавязкова вярнуліся ў родныя мясціны, дзе калісьці ўзялі старт на шляху да вялікіх перамог, каб прымнажаць дасягненні Прыдзвінскага краю, сваёй стваральнай працай уносіць дастойны ўклад у яго росквіт, — звярнулася да юных удзельнікаў раённай канферэнцыі Ксенія Карабач.

Таццяна ДЗІКАНАВА.