Па сцежках спадчыны

Другі год наша школа і яшчэ 26 устаноў адукацыі краіны працуюць над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстаноў адукацыі”.

Мэтазгоднасць ажыццяўлення інавацыйнага праекта абумоўлена як агульнымі задачамі, якія стаяць перад установамі адукацыі краіны, — выхаванне грамадзяніна і патрыёта, высокамаральнай асобы, прыстойнага і культурнага чалавека, так і лакальнай задачай, якая стаіць перад Азёркаўскай сярэдняй школай, — укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі з пункту гледжання грамадзянска-патрыятычнага, духоўнага і маральнага развіцця дзіцяці.

Веданне навучэнцамі гісторыі свайго краю, малой радзімы, традыцый, звычаяў, абрадаў, авалоданне імі рознымі нацыянальнымі рамёствамі, далучэнне да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дадуць магчымасць падрастаючаму пакаленню ўсвядоміць, што мы — беларусы, са сваёй самабытнасцю і непаўторнасцю. Узнікла неабходнасць мэтанакіраванай работы па фарміраванні ў навучэнцаў погляду на нацыянальную культуру як на фундаментальную духоўную каштоўнасць народа. Нашай краіне патрэбны грамадзяне, якія валодаюць этнакультурнымі кампетэнцыямі, бо гэта з’яўляецца важным падмуркам фарміравання агульначалавечых і духоўных кампетэнцый.

Кіраўнік інавацыйнага праекта — дырэктар школы Валянціна Аляксандраўна Мармыш, каардынатар дзейнасці — намеснік дырэктара Рэгіна Іванаўна Дравіца. Пяць педагогаў школы актыўна ўключыліся ў рэалізацыю праекта. За гэты час мы пашырылі адукацыйнае асяроддзе для вучняў шляхам правядзення факультатыўных заняткаў “Вытокі роднай мовы” (3—4 класы), “Беларускае красамоўства” (4 клас), “Вакальны ансамбль (фальклорны)” (6 клас), “Храмы, замкі і палацы Беларусі”, “Практыкум па беларускай мове” (10 клас). Для вучняў 8—9 класаў былі адкрыты платныя дадатковыя паслугі па падрыхтоўцы вучняў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання па прадмеце “Беларуская мова”, працуе музей “Наша спадчына”, у якім праводзяцца заняткі ў “Беларускай хатцы”, арганізаваны заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах “Спадчына”  (аўтарская праграма Т.А.Галавач), “Рэчанька”.

 У рамках пазакласнай работы праводзяцца каляндарна-абрадавыя святы на мясцовым матэрыяле, фестывалі “Па сцежках спадчыны”, “Красавік у стылі этна”. Дзякуючы інавацыйнаму праекту, актывізаваўся ўдзел вучняў і педагогаў у навукова-практычных канферэнцыях, значна пашырана дзейнасць школьнага музея “Наша спадчына”. Заняткі з вучнямі праходзяць у інтэрактыўным рэжыме. Такая арганізацыя работы дазваляе стварыць камфортныя ўмовы, пры якіх кожны ўдзельнік адчувае сваю паспяховасць, уцягнуты ў дзейнасць, мае магчымасць асэнсоўваць, назіраць, рабіць канкрэтную справу і, такім чынам, быць далучаным да традыцый беларускага народа,  рэгіянальных асаблівасцей нашай мясцовасці.

У работу па рэалізацыі інавацыйнага праекта былі ўключаны большасць сем’яў нашых навучэнцаў. Работа праводзіцца праз бацькоўскія сходы, наведванне ўрокаў літаратуры, гісторыі Беларусі, факультатыўных заняткаў, праз сумеснае правядзенне каляндарна-абрадавых свят, удзел у фестывалях, квестах, у даследчай і краязнаўчай  дзейнасці.

Вынікі ўзаемадзеяння настаўніка і сям’і ў рамках інавацыйнай дзейнасці бачны ў павышэнні педагагічнай культуры бацькоў, у на­быцці імі ўменняў аналізаваць і адэкватна ацэньваць паводзіны і дзейнасць сваіх дзяцей, ва ўключэнні іх у спецыяльна арганізаваныя зносіны з дзецьмі і сумесную з імі дзейнасць. Яшчэ некалькі гадоў назад не ўяўлялася, як звычайнае народнае свята ці абрад правесці па-новаму, выкарыстоўваючы інфармацыйныя тэхналогіі, а сёння нашы настаўнікі ўжо разважаюць па-іншаму. Усё, што заклікана палепшыць якасць адукацыі, неабходна выкарыстоўваць на карысць вучняў.

Актыўнае ўключэнне бацькоў у адукацыйны працэс, а таксама прыцягненне іх да арганізацыі вольнага часу дзяцей дазволілі дасягнуць пэўных змен ва ўзаемадзеянні бацькоў і дзяцей. Зараз мы спрабуем выкарыстаць кластарную мадэль кіравання ў рэалізацыі інавацыйнага праекта. Наперадзе мноства задум, планаў, якія мы абавязкова рэалізуем.

Рэгіна ДРАВІЦА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Азёркаўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.