Оршазнаўства на нямецкай і англійскай мовах

Ужо шмат гадоў навучэнцы Оршы і Аршанскага раёна вывучаюць курс “Оршазнаўства” ў гуртках і на факультатывах. У ходзе заняткаў школьнікі адкрываюць для сябе многа цікавага і займальнага аб прыродзе, насельніцтве, культуры, гісторыі і гаспадарцы Аршаншчыны.

Акрамя таго, яны наведваюць дзяржаўныя і ведамасныя музеі, здзяй­сняюць экскурсіі на прадпрыемствы, сустракаюцца з цікавымі і знакамітымі людзьмі нашага рэгіёна. Перыядычна выдаюцца вучэбныя дапаможнікі, якія спрыяюць цікавай падачы вучэбнага матэрыялу. Настаўнікі-энтузіясты ўвесь час шукаюць новае ў міжпрадметных сувязях курса “Оршазнаўства” з іншымі прадметамі. А як вядома, хто шукае, той заўсёды знаходзіць. Вось і настаўнікі сярэдняй школы № 2 Оршы Віктар Жукоўскі і Марына Сугакова нядаўна выдалі дапаможнік “Heimatkunde im Deutschunterricht” (“Оршазнаўства на нямецкай мове”). Яго можна выкарыстоўваць на ўроках нямецкай мовы і ў пазакласнай рабоце. Навучэнцы могуць даведацца з кнігі аб карысных выкапнях раёна, культавых камянях “Рагвалодаў камень” і “Сямігаюн”, рацэ Днепр і возеры Вялікае Арэхаўскае, праваслаўных храмах, знакамітых людзях Аршаншчыны, музеях горада і многім іншым. Тэкст суправаджаецца фотаздымкамі, якія лагічна дапаўняюць вучэбны матэ­рыял. Акрамя таго, настаўнікі нашай школы Віктар Жукоўскі і Жанна Пянькоўская сімвалічным тыражом выдалі вучэбны дапаможнік “Across Orsha. Падарожнічаем па Оршы” на англійскай мове. Брашуру таксама можна выкарыстоўваць на ўроках англійскай мовы і ў пазакласнай рабоце. Навучэнцы з яе даведаюцца ў тым ліку аб геаграфічным становішчы Аршаншчыны, Аршанскім зам­ку, раззбраенні “Дзікай дывізіі” ў Оршы, подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны Івана Флёрава і Канстанціна Заслонава. Вучэбны матэ­рыял дапамагае бліжэй і глыбей азнаёміцца са сваім горадам, спрыяе развіццю ў навучэнцаў навыкаў чытання і вуснага маўлення.

Выданне падобных вучэбных дапаможнікаў па краязнаўстве, ды яшчэ на нямецкай і англійскай мовах, — даволі рэдкая з’ява нават у маштабах адукацыйнай прасторы краіны. Гэта трэба вітаць і ствараць спрыяльныя ўмовы, каб коль­касць такіх патрэбных выданняў расла з кожным годам не толькі на Віцебшчыне, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны.

Людміла САКАЛОВА,
настаўніца сярэдняй школы № 2 Оршы.
Фота аўтара.