Незвычайнае свята

Першага верасня стала для вучняў Вараніноўскага дзіцячага сада — базавай школы Быхаўскага раёна не зусім звычайным. Яны не толькі сустрэліся са сваімі педагогамі, аднакласнікамі пасля летняга адпачынку, але і зноў пазнаёміліся з выпускніцай, якая скончыла нашу школу чатыры гады назад. Зноў пазнаёміліся — таму што такую Аліну Нікіценка яны раней не ведалі.

Так супала, што Аліна менавіта 1 верасня змагла прыехаць дадому, бо зараз у яе вельмі загружаны графік. Сваю школу ў гэты дзень яна наведала ў новым статусе — бронзавага прызёра ў кіданні дыска чэмпіянатаў Еўропы і свету сярод юніёраў! Прычым бронзавы медаль чэмпіянату Еўропы яна заваявала ў ліпені 2021 года ў Таліне (Эстонія), а бронзу сусветнага першынства — 20 жніўня 2021 года ў Найробі (Кенія).

Пасля ўрачыстай лінейкі Аліна пагутарыла з настаўнікамі, навучэнцамі, расказала, як змагла за гэтыя чатыры гады дасягнуць такіх высокіх вынікаў. Словы падзякі яна выказала ўсім сваім настаўнікам і ў першую чаргу настаўніку фізічнай культуры і здароўя П.Ф.Малашонку, які 9 гадоў дапамагаў ёй развівацца фізічна. А цяперашні яе настаўнік М.М.Дамаросаў, якому Аліна таксама бязмерна ўдзячна, працягвае пачатае яшчэ ў школе.

Школьнікам Аліна параіла не ленавацца, атрымліваць веды, браць усё добрае і патрэбнае, што ім даюць іх педагогі. Ды і сама яна не спыняецца на дасягнутым, імкнецца развівацца далей, прычым у розных напрамках. Дарэчы, сёлета Аліна стала студэнткай Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. На сустрэчы прысутнічала і мама Аліны, якая вельмі ганарыцца сваёй дачкой, радуецца яе дасягненням, але і вельмі за яе перажывае, асабліва тады, калі яна знаходзіцца на спаборніцтвах удалечыні ад дома.

Пасля такога незвычайнага свята многія хлопцы і дзяўчаты былі натхнёныя і паабяцалі пачаць навучальны год з яшчэ большымі працавітасцю і стараннасцю, бо ў іх ёсць такі выдатны прыклад перад вачамі. А нашай Аліне мы жадаем далейшых перамог, бо за яе перад экранам тэлевізара хварэе не толькі сям’я, але і ўвесь наш дружны калектыў. Наперад, Аліна!

Таццяна ЖЫЖЫЯН,
настаўніца матэматыкі Вараніноўскага дзіцячага сада — базавай школы Быхаўскага раёна.
Фота аўтара.