Не прайсці міма

Ёсць веды, ад якіх залежыць жыццё. Не толькі сваё, але і жыццё чалавека, які, магчыма, сустрэўся на вашым шляху абсалютна выпадкова. Галоўнае — не прайсці міма. У гэтым упэўнены ўдзельнікі гарадскога злёту-конкурсу атрадаў міласэрнасці “Экстрэмальная сітуацыя. Першая дапамога”, які прайшоў 27 студзеня ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Юнакі і дзяўчаты з дзевяці раёнаў сталіцы прадэманстравалі не толькі тэарэтычныя веды, але і паказалі на практыцы, як трэба дзейнічаць у экстрэмальнай сітуацыі, якая можа аднойчы здарыцца з кожным.

Дарэчы, злёт-конкурс праводзіўся пяты год у рамках гарадскога праекта “Міласэрнасць для дзяцей і моладзі 7—18 гадоў” камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, сектарам “Цэнтр “Бяспечнае дзяцінства” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі разам з Мінскай гарадской арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
— Мы вучым дзяцей дзейнічаць, — удакладніла галоўны спецыяліст Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Аксана Юргісаўна Дудзенас. — Відавочна, што пэўнай часткі смерцяў ад няшчасных выпадкаў можна было б пазбегнуць, калі насельніцтва ўмела б аказваць першую дапамогу. На жаль, нашы старшакласнікі на занятках па медыцынскай падрыхтоўцы часцей за ўсё праходзяць усё гэта ў лекцыйным выглядзе, таму не ведаюць, як на самай справе паводзіць сябе ў экстрэмальнай сітуацыі. Дастаткова даўно мы прыйшлі да высновы, што трэба вучыць не ведаць, а дзейнічаць, адпрацоўваючы на практыцы, таму гэты конкурс мае не толькі спаборніцкую функцыю, але і вучэбную.Удзельнікамі злёту-конкурсу сталі каманды-пераможцы раённых этапаў спаборніцтваў у складзе чатырох чалавек — юнакоў і дзяўчат ва ўзросце 15—16 гадоў. Першым выпрабаваннем для атрадаў міласэрнасці стаў тэарэтычны этап, на якім трэба было адказаць на пытанні аб дзейнасці таварыства Чырвонага Крыжа. Пасля пачалося самае цікавае — практычныя этапы. Вось тут дзеянне адбывалася па прынцыпе ролевай гульні: члены каманды станавіліся “выпадковымі сведкамі” экстрэмальнай сітуацыі і павінны былі аказаць дапамогу “пацярпеўшым” з камбінаванымі траўмамі. Цікава тое, што назвы практычных этапаў і месцы іх правядзення не былі адзначаны, бо ўдзельнікі конкурсу павінны былі самастойна вызначыць від пашкоджання і аказаць першую дапамогу. Члены журы выбралі сітуацыі, з якімі дзеці могуць сутыкнуцца ў жыцці і ў якіх трэба дзейнічаць хутка і неадкладна: непраходнасць дыхальных шляхоў, іншароднае цела ў ране з моцным крывацёкам, тэрмічны апёк, страта прытомнасці і нават паражэнне электрычным токам і сардэчна-лёгачная рэанімацыя. У кожнай экстрэмальнай сітуацыі ўдзельнікаў чакалі своеасаблівыя правакацыі, такія як, напрыклад, імітацыя асколкаў шкла на падлозе ці аголены провад, каб у чарговы раз напомніць пра самае галоўнае — асабістую бяспеку.
— Мы наўмысна робім перашкоды, каб дзеці з-за сваіх узроставых асаблівасцей не ўяўлялі сябе супергероямі, а рэальна ведалі, што, калі ёсць пагроза асабістаму жыццю, ты павінен выклікаць спецыяліста, — тлумачыць Аксана Юргісаўна. — Асабістая бяспека абавязкова ацэньваецца ў спаборніцтвах, як і правільны выклік хуткай дапамогі, усё, як у сапраўдным жыцці. Да таго ж вялікую ўвагу ўдзяляем псіхалагічнаму аспекту, каб дзеці праяўлялі міласэрнасць, дабрыню і абавязкова падтрымлівалі пацярпеўшага. Мы нават ацэньваем гэта як асобны крытэрый — псіхалагічная падтрымка. Трэба вучыцца пераадольваць сціпласць, па-першае, перад полам, па-другое, перад узростам пацярпеўшага і, па-трэцяе, сціпласць перад незнаёмым чалавекам, навучыцца гаварыць нешта накшталт “не хвалюйся”, “я цябе не пакіну аднаго”. Гэта важна, а такія спаборніцтвы вучаць менавіта міласэрным адносінам і неабыякавасці.
Новым этапам конкурсу сёлета стаў мастацкі этап на лепшы піяр-праект па тэме “Мой атрад”, дзе ўдзельнікі павінны былі прадставіць каманду і дзейнасць атрада міласэрнасці ў сваёй навучальнай установе. З дапамогай прэзентацый, відэаролікаў і нават невялікіх тэатральных пастановак дзеці не толькі расказвалі пра сабе — атрады міласэрнасці, якія дзякуючы намаганням педагогаў працуюць практычна ў кожнай школе Мінска, але і, зразумела, піярылі першую дапамогу — веды, якія неабходны кожнаму для жыцця. Дарэчы, пераможцам у гэтай намінацыі стаў атрад міласэрнасці Фрунзенскага раёна. Журы таксама адзначыла выступленні каманд Савецкага, Заводскага і Маскоўскага раёнаў.
Па выніках усіх этапаў конкурсу лепшым у камандным першынстве стаў атрад Савецкага раёна (сярэдняя школа № 53), другое месца заваяваў Заводскі раён (сярэдняя школа № 135), а трэцяй стала каманда гімназіі № 10 Маскоўскага раёна. Акрамя таго, узнагароджаны былі і ўдзельнікі, якія паказалі найлепшыя вынікі ў асабістым першынстве па выніках усіх этапаў злёту-конкурсу: навучэнка сярэдняй школы № 53 Савецкага раёна Віёла Лобань і навучэнец сярэдняй школы № 135 Заводскага раёна Ягор Кулініч. Пераможцы і ўдзельнікі злёту-конкурсу атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі.

Людміла ГУРСКАЯ.