Да нас на заняткі ў Рэчыцкі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі часта прыходзяць дзеці ранняга ўзросту, якія не ўступаюць у кантакт з дарослым, праяўляюць негатывізм, абыякавасць да прадметнай дзейнасці, не могуць выканаць прапанаваныя заданні нават па перайманні. Слыхавое ўспрыманне такіх дзяцей зніжана, візуальны кантакт і сачэнне за прадметамі не сфарміраваны, невербальная камунікацыя адсутнічае. Разуменне гаворкі зніжана, назіраецца поўная адсутнасць вакалізацый ці наяўнасць набліжаных галосных. Усё гэта перашкаджае паўнавартаснаму ўзаемадзеянню дзіцяці з навакольным светам. У спецыяліста ўзнікае пытанне: з чаго пачаць карэкцыйную работу?
Вельмі важна на пачатковых этапах удзяліць увагу фарміраванню псіхафізіялагічнай базы. На пачатковым этапе гэта фарміраванне матывацыйнай сферы, зрокавага кантакту, мэтанакіраваных дзеянняў, развіццё маторнай імітацыі і разумення простых інструкцый. Работа па фарміраванні матывацыйнай сферы і зрокавага кантакту ажыццяўляецца на працягу ўсяго перыяду карэкцыйнай работы.
Як жа прымусіць дзіця рабіць тое, што трэба? Неабходна знайсці ў малога матыў — каб ён захацеў удзельнічаць у нашай гульні, захацеў выканаць прапанаваныя заданні. Матыў — гэта крыніца дзіцячай актыўнасці, фактар, які падахвочвае і накіроўвае дзіця на дзейнасць. Матывацыя — гэта сукупнасць прычын, якія тлумачаць паводзіны чалавека, яго скіраванасць і актыўнасць.
Выяўленне матывацыйных стымулаў неабходна для заахвочвання і матывавання дзіцяці да дзеяння і можа ажыццяўляцца некалькімі спосабамі. Гэта назіранне за дзіцем у штодзённых сітуацыях: якія цацкі выбірае, як доўга гуляе, як з імі растаецца, як паводзіць сябе, калі забіраюць прадметы. З моманту знаёмства з дзіцем неабходна запісваць усе прадметы, якія яго зацікавілі, і тыя дзеянні, якім малы аддае перавагу. Важна эмацыянальна прапаноўваць матэрыял. На пачатковым этапе найбольш дзейнічаюць рухавыя, яркія, гучныя прадметы, а таксама харчовыя стымулы. Важна выкарыстанне спецыяльных апытальнікаў і анкет. Напрыклад, што з’яўляецца для дзіцяці ласункам, якія любіць дзеянні, якое сэнсарнае ўздзеянне (масаж, козыт, кружэнне, купанне і г.д.). Бацькі запаўняюць такую табліцу (5—10 фактараў у кожнай катэгорыі).
Табліца “Ацэнка матывацыйных фактараў”
Любімыя стравы/ежа/прысмакі | |
Любімыя напіткі | |
Любімыя заняткі (глядзець тэлевізар, сядзець у пэўным месцы і г.д.) | |
Любімыя гульні (сумесныя; у адзіноце) | |
Месцы, у якіх любіць бываць | |
Людзі, з якімі любіць бавіць час | |
Чым займаецца ў вольны час |
Вынікі правядзення тэсціравання — выяўлення матывацыйных стымулаў — можна таксама звесці ў табліцу, якую запаўняе педагог. Метады правядзення тэсціравання:
• прад’яўленне адзінкавага стымулу. Дазваляе зрабіць выснову пра індывідуальныя перавагі дзіцяці найбольш проста;
• выбар з двух прадметаў. Займае вялікую колькасць часу, але дазваляе зрабіць выснову пра індывідуальныя перавагі найбольш дакладна;
• множны выбар. Выяўляе індывідуальныя перавагі найбольш хутка.
Табліца стымулаў
Стымул/прадмет, якому найбольш аддае перавагу | Стымул/прадмет, якому найменш аддае перавагу | Нейтральны стымул |
Мы вучым дзіця прасіць тое, што яму падабаецца, а ў будучыні выкарыстоўваем гэты стымул як заахвочванне: пагуляў з іншымі прадметамі — атрымаў любімы прадмет. Для гэтага праводзім работу над пашырэннем матывацыйных стымулаў. Важна перыядычна правяраць рэакцыю на заахвочванні і шукаць новыя матывацыйныя стымулы, абмежаваць доступ дзіцяці да заахвочвання (інакш яно страціць сваю каштоўнасць), матывацыйны стымул выкарыстоўваем 2—3 хвіліны, з часам трэба скарачаць выкарыстанне ўзмацняльнікаў.
Фарміраванне ўмення фіксаваць позірк на прадмеце і на твары чалавека мэтазгодна пачынаць з выкарыстання яркіх, бліскучых прадметаў адначасова з гукавым раздражняльнікам (круціць спінер, кветачкі-круцёлкі і г.д.). Добра дзейнічае наступны прыём: паднесці рукі дзіцяці пад вочы педагога і сказаць “Паглядзі!”. Выкарыстоўваем выразную міміку, эмацыянальныя выгукі і г.д.
Для фарміравання ўмення фіксаваць позірк на нерухомым прадмеце, які свеціцца, выкарыстоўваем ліхтарыкі, полымя свечкі, цацкі, якія свецяцца… Пры гэтым неабходна выключыць святло, таму з асцярожнасцю прымяняем для дзяцей, якія баяцца цемры. Забаронена для дзяцей з эпілепсіяй. Адлегласць да прадмета не больш за 1 метр. Чым меншы прадмет, тым бліжэй размяшчэнне.
Важна сфарміраваць уменне фіксаваць позірк на нерухомым прадмеце. Паслядоўнасць яго размяшчэння такая: на ўзроўні вачэй, вышэй і ніжэй узроўню вачэй, насупраць дзіцяці (справа, злева ад дзіцяці).
Пры фарміраванні ўмення прасочваць позіркам за рухомым прадметам, які блізка размешчаны, паслядоўнасць такая: па гарызанталі, па вертыкалі, па крузе, наперад/назад. Калі дзіця вучыцца сачыць позіркам за рухомым аддаленым аб’ектам, падахвочваем знайсці цацку ў прасторы пакоя і прасачыць позіркам за яе перамяшчэннем. Прапануем знайсці ў пакоі падвешаную на нітачцы любімую цацку. Можна выкарыстоўваць усё, што плавае, скача, рухаецца, лётае (завадныя цацкі, самалёцікі і г.д.). Перавод позірку з прадмета на прадмет, суправаджэнне позіркам прадмета ў руху (спачатку блізка размешчаным, потым аддаленым) садзейнічаюць фарміраванню ўмення прасочваць за рухомым аб’ектам.
Якасная і мэтанакіраваная работа па гэтых кірунках дазволіць скараціць час уключэння дзіцяці ў прадукцыйную дзейнасць і зробіць работу больш эфектыўнай. Бо вядома ж — у першыя тры гады жыцця закладваюцца найбольш важныя і фундаментальныя чалавечыя здольнасці — пазнавальная актыўнасць, дапытлівасць, упэўненасць у сабе і давер да іншых людзей, мэтанакіраванасць і настойлівасць, творчая пазіцыя і многа чаго яшчэ. Прычым усе гэтыя здольнасці не ўзнікаюць самі, а патрабуюць абавязковага ўдзелу дарослага і адпаведных узросту форм дзейнасці.
Алеся КАМЧАТНАЯ,
настаўнік-дэфектолаг Рэчыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.