Нас аб’ядноўвае хор

Хор — гэта сродак выхавання велізарнай сілы, і ў такой якасці ён выкарыстоўваўся з часоў Старажытнай Грэцыі, Старажытнага Рыма. Нездарма ў тыя часы ў адукацыі былі тры складнікі: лічба, літара і нота.

Узорны хор “Вішанька”.

1 верасня 1970 года адчыніла свае дзверы новая сярэдняя школа № 115 Мінска. Ужо праз два гады на базе школы была створана дзіцячая харавая студыя “Вішанька”, а ў 1975 годзе школе афіцыйна быў прысвоены статус школы з музычна-харавым ухілам. З тых часоў творчасць з’яўляецца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу.

Ініцыятарам стварэння харавой студыі па ўзоры студыі Георгія Струвэ “Піянерыя” ў Маскве быў Мікалай Іванавіч Хаўхлянцаў. Менавіта пад яго пачаткам харавым мастацтвам захапіліся больш за сто навучэнцаў. Творчая дружба звязала калектыў з беларускімі кампазітарамі І.Лучанком, Ю.Семянякам, Я.Глебавым, Г.Вагнерам, Э.Наско, А.Мдывані. Часта хор з’яўляўся першым выканаўцам іх твораў. У 1985 го­дзе хор “Вішанька” атрымлівае званне ўзорнага. Ганаровае званне калектыў з поспехам пацвярджае і ў цяперашні час. У розныя гады хорам кіравалі таленавітыя і творчыя педагогі: Вера Уладзіміраўна Лашук, Зоя Іванаўна Несцяровіч, Уладзімір Аляксеевіч Сінельнік, Галіна Аляксееўна Шаблоў­ская, Кацярына Віктараўна Гарадзецкая, Аліна Ігараўна Каржыцкая.

“Я хачу, каб наш хор стаў адным з лепшых”, — сказаў калісьці першы кіраўнік Мікалай Іванавіч Хаўхлянцаў. З таго часу ў скарбонцы перамог узорнага хору “Вішанька” нямала высокіх узнагарод міжнароднага і рэспубліканскага значэння. Адна з іх стала асаблівым гонарам — гэта дыплом лаўрэата I ступені рэспубліканскага агляду-конкурсу харавой творчасці “Спяваем разам”, якім узнагароджаны хор пад кіраўніцтвам Таццяны Ігараўны Брытко.

Заняткі ў хоры — гэта не толькі праца над фарміраваннем і ўдасканаленнем вакальна-харавых навыкаў, тут вучаць любіць і разумець музыку, сцэнічнай культуры, узаемапавазе ў калектыве, тут выхоўваюць духоўнасць і маральнасць.

Унікальная традыцыя, якая існуе ў сярэдняй школе № 115 ужо на працягу многіх гадоў, вырасла ў магутнае харавое дрэва, карані якога сыхо­дзяць у багатыя выканальніцкія традыцыі мінулага.

Ансамбль народнай песні “Вянок”.

У любой з’явы ёсць свае вытокі. На мяжы 80-х і 90-х гадоў, у перыяд адраджэння беларускіх нацыянальных традыцый, у школе ствараецца ансамбль народнай песні “Вянок”, якому ў 2002 годзе прысвоена ганаровае званне ўзорнага дзіцячага калектыву. Ансамбль з’яўляецца неаднаразовым лаўрэатам гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Яго ўдзельнікі прадстаўлялі сваё майстэрства ў Германіі, Польшчы, Бельгіі і Швейцарыі. За гады існавання ансамбля была праведзена велізарная праца, аснова якой — адраджэнне традыцый беларускага народа, беражлівыя адносіны да песеннай культуры беларусаў, фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці школьнікаў шляхам далучэння да беларускай культуры на ўроках фальклору. Каб засвоіць стылістычныя рысы выканання ў народнай манеры, несумненна, трэба мець таленавітага, захопленага сваёй працай педагога, які па крупінках збіраў прыклады аўтэнтычнай песеннай творчасці беларусаў. Кіравала калектывам яго стваральніца Святлана Мікалаеўна Лукашэвіч, якая накіравала сваю работу на дэталёвае знаёмства з рознымі жанрамі музычнага фальклору і авалоданне манерай народных спеваў у ансамблі. Натуральна, што выкананне народных песень не бывае статычным, а тым больш у невялікім ансамблі. Удзельніцы падчас выступленняў дэманструюць цэлы комплекс ансамблевых імправізацый: танцавальных, карагодных, лірыка-паэтычных. Слухачу заўсёды імпануюць іх непасрэднасць, раскаванасць, тонкае адчуванне стылю і мастацкі густ.

Хор хлопчыкаў і юнакоў “Крылы” быў арганізаваны ў 2001 годзе Ірынай Анатолеўнай Зыгмантовіч.

Вядома, што хлопчыкам значна бліжэй дзейнасць, звязаная з рухам. Яны больш, чым дзяўчынкі, захапляюцца гульнямі, спортам, і яны менш дысцыплінаваныя. Усе гэтыя і іншыя спецыфічныя асаблівасці, уласцівыя хлопчыкам, патрабуюць ад кіраўніка хору асобага падыходу. Такім універсальным кіраўніком для хору хлопчыкаў і юнакоў “Крылы” стала Вольга Віктараўна Тарасава. Прайшоўшы пэўны шлях станаўлення, набыўшы звычку да заняткаў, навучыўшыся працаваць і атрымліваць ад гэтага асалоду і задавальненне, нават хлопчыкі з велізарнай адданасцю ставяцца да свайго хору. Невыпадкова наведвальнасць у хоры хлопчыкаў вельмі высокая — яны прыходзяць на заняткі, нягледзячы на надвор’е, на недамаганне, па-рыцарску захоўваюць вернасць харавому братэрству. Удзел хору “Крылы” ў канцэртах раскрывае ўсе магчымасці калектыву, яго мастацкія дасягненні, выканальніцкі ўзровень, дэманструе яго згуртаванасць, дысцыпліну, здольнасць падпарадкоўвацца волі кіраўніка, сцэнічнасць, эмацыянальнасць, сабранасць.

Пасля рэформы адукацыі 2008/ 2009 навучальнага года традыцыі музычна-харавога ўхілу школы беражліва захоўваюцца праз факультатыўныя заняткі музычнай скіраванасці “Харавы клас”, “Сальфеджыа”, “Ігра на музычным інструменце (фартэпіяна, скрыпка, цымбалы, гітара, баян, акардэон, флейта)”, “Вакальны ансамбль”, “Інструментальны ансамбль”, якія наведваюць каля 300 хлопчыкаў і дзяўчынак.

На думку выбітнага кампазітара, педагога, хормайстра Георгія Аляксандравіча Струвэ, хор — гэта правобраз ідэальнага грамадства, заснаванага на адзіным імкненні і суладным дыханні, грамадства, у якім важна пачуць іншага, прыслухацца адно да аднаго, грамадства, у якім індывідуальнасць не прыгнятаецца, але раскрываецца ў поўнай меры.

Час не стаіць на месцы, і наша школа па-ранейшаму, як і 50 гадоў назад, гучыць, нібы шматгалосны хор, у якім кожны ўдзельнік адукацыйнага працэсу выконвае сваю важную партыю.

Ірына ЛІПСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 115.