Нам з табою крочыць праз гады…

Дзіцячы і маладзёжны рух у Алекшыцкай сярэдняй школе Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці — гэта школа грамадзянскай актыўнасці і лабараторыя сацыяльных ініцыятыў падрастаючага пакалення. Адной з яркіх актыўных выхаваўчых форм у нас даўно стала агітбрыгада. У вялікай разнастайнасці выхаваўчых сродкаў і метадаў, якія выкарыстоўваюць педагогі, менавіта гэты жанр вабіць дзяцей і дарослых, бо ён у найбольш эфектнай і яркай форме дапамагае паказаць уласную ініцыятыву, дае магчымасць злучыць рух, чытанне, танец, песню, гульню, спартыўныя нумары.

Агітбрыгада з’яўляецца асаблівай формай выхавання грамадзянскай актыўнасці і паспяховасці навучэнцаў. Гэта сапраўды аматарскі, самадзейны жанр, здольны злучыць хвалюючы водар свежай газеты з чароўнай магіяй тэатра, дакладную фактаграфію з палётам самай дзёрзкай фантазіі, эстрадную кідкасць з вострай публіцыстыкай. Упэўненасць агітатара, дакладнасць прапагандыста, заўзятасць акцёра — вось што такое сапраўдная агітбрыгада! А яшчэ мабільнасць, дынамічнасць, аператыўнасць, злабадзённасць!
Агітбрыгадны жанр складаны і адказны. Першааснова агітбрыгаднага паказу — гэта добры, высакаякасны рэпертуар. Знайсці гэты рэпертуар у прафесійнай літаратуры практычна немагчыма. Але ён адкрывае незвычайныя гарызонты для пошуку, творчасці, ініцыятывы. Гістарычна склалася, што агітбрыгада — гэта маладзёжны жанр. Менавіта гэтая асаблівасць дазваляе сёння прывабіць дзяцей і моладзь да актыўнага ўдзелу ў агітбрыгадным руху. Тым больш, што сродкамі гэтага жанру можна выказаць свае ідэі, прапанаваць ініцыятывы, паказаць недахопы і праблемы. Галоўнае ў выступленнях агітбрыгады — гэта сучаснасць, трапнасць, вастрыня рэпертуару, які заклікае дзяцей не заставацца абыякавымі, а актыўна ўключацца ў жыццё грамадства.
Як вядома, гатовага прафесійнага сцэнарыя агітбрыгады няма, таму што гэты жанр сапраўды самадзейны. Матэрыял для кожнай агітбрыгады падбіраецца разам з дзецьмі з улікам ідэй, што прапаноўваюцца, з выкарыстаннем літаратуры, музыкі, мясцовага матэрыялу. Мы ганарымся тым, што з’яўляемся сапраўднымі аўтарамі некалькіх дзясяткаў сцэнарыяў, якія вылучаюцца змястоўнасцю, злабадзённасцю, цэласнасцю, тэматычным адзінствам і эмацыянальнай насычанасцю.
Для папулярызацыі дзіцячага і маладзёжнага руху сёння выкарыстоўваюцца розныя формы і метады. У нас ёсць вопыт правядзення прома-акцый з удзелам прадстаўнікоў навучальных устаноў раёна. Гэта дае магчымасць не толькі ў творчай форме прадставіць свае планы, паказаць таленты, падзяліцца вопытам сацыяльнага ўзаемадзеяння, але і сфарміраваць актыўнае поле для маладзёжных зносін. Прома-акцыя “Рух — гэта жыццё, якое мы цэнім” дала яшчэ і магчымасць лідарам маладзёжнага руху школы прадэманстраваць свой вопыт.
Форма агітбрыгады настолькі зацікавіла грамадскасць мікрараёна, што нашы дзеці выступалі перад бацькамі, удзельнікамі абласных і раённых семінараў, якія праводзіліся на базе школы і падшэфнай гаспадаркі СВК “Алекшыцы”, гасцямі з Гродна, Мінска, Масквы. Мы яшчэ раз пераканаліся, што такое ўзаемадзеянне дапамагае не толькі паказаць сябе шырокаму колу гледачоў, але і ўмацаваць партнёрскія сувязі ў рамках выхаваўчай мадэлі “Школа аграгарадка як сацыякультурны цэнтр”.
Адно з актуальных пытанняў сённяшняга часу — прапаганда здаровага ладу жыцця, які трэба папулярызаваць на ўласным прыкладзе праз актыўны ўдзел у спартыўным жыцці школы, інфармаванне іншых, выкарыстанне методыкі “роўны вучыць роўнага”, а таксама дэманстрацыю вопыту.
Так узнікла ідэя стварэння агітбрыгады “Запал”. Асаблівасць гэтай агітбрыгады ў тым, што ў ёй вельмі гарманічна спалучаюцца тэатральныя і спартыўныя мініяцюры: напрыклад, зарадка малодшых школьнікаў і акрабатычны эцюд старшакласнікаў. Гэта дазволіла дзецям не толькі паказаць альтэрнатыву пасіўнасці, але і ў захапляльнай форме прадэманстраваць тыя рэальныя магчымасці, што даюць ім заняткі фізкультурай і спортам.
Традыцыйна ў пачатку снежня ў школе праходзіць Тыдзень прафілактыкі ВІЧ (СНІДу). Менавіта ў гэты тыдзень праводзіцца шэраг цікавых мерапрыемстваў, якія знаёмяць навучэнцаў з праблемай захворвання і правіламі годных паводзін, фарміруюць станоўчы вопыт будучага жыцця. Лідары школьнай ячэйкі БРСМ вырашылі не на словах, а на справе ўнесці свой уклад у вырашэнне пытання. Былі створаны дзве агітбрыгады: “Ратуйце нашы душы!” і “Антырэклама”. У яркай і эмацыянальна напружанай форме ўдзельнікі агітбрыгад паказваюць наступствы бяздумных паводзін і шкодных звычак у маладзёжным і дарослым асяроддзях. Заклік цаніць жыццё як самае дарагое багацце прымушае гледачоў задумацца над сваімі паводзінамі і зрабіць высновы на карысць здаровага ладу жыцця і адмовы ад шкодных звычак.
Агітбрыгада як яркая прапагандысцкая форма выкарыстоўваецца ў школе для папулярызацыі дзіцячага і маладзёжнага праваахоўнага руху, які прадстаўлены ў нас атрадамі ЮІР і ЮПМ. Дзеці дапамагаюць іншым прытрымлівацца правіл дарожнага руху, выконваць штодзённыя нормы паводзін, арганізоўваюць цікавыя прафілактычныя сустрэчы і мерапрыемствы. А яшчэ яны дзеляцца станоўчым вопытам сваёй работы на ўзроўні школы, раёна і вобласці, паказваючы сваю ініцыятыву ў форме агітбрыгады, напрыклад, праграмы “У эфіры Пешаходны Пераход!” і “Плюсы і мінусы ЮПМ”. Нашы атрады ЮІР і ЮПМ ужо некалькі гадоў запар з’яўляюцца аднымі з лепшых у раёне, а навучэнцы школы вызначаюцца станоўчым стылем паводзін.
Як вядома, сёння адзін з найважнейшых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі — гэта выхаванне грамадзяніна-патрыёта. Менавіта патрыятычная тэматыка лягла ў аснову агітбрыгады, падрыхтаванай да ўдзелу ў раённым, абласным і рэспубліканскім этапах агляду-конкурсу агітбрыгад “Запалі касцёр дабрыні!”. Злабадзённасць і актуальнасць выбранай тэматыкі прымусілі задумацца над самой назвай нашага калектыву. І яна была знойдзена — “Пульс”! Мы заўсёды ў гушчыні падзей, хочам прапагандаваць важныя падзеі і вырашаць праблемы, выказваючы свае ідэі і ініцыятывы. Мы маладыя і можам сваёй творчасцю і рэальна значнай справай змяніць жыццё да лепшага. Сёння агітбрыгада “Пульс” з’яўляецца візіткай не толькі нашай школы, але і раёна, і вобласці. Цяпер ёсць два яе склады: малодшы (2 — 7 класы) і старэйшы (8 — 11 класы). Малодшая група ўжо была пераможцай раённага конкурсу агітбрыгад з прадстаўленнем дзіцячых ініцыятыў у праграме “Няхай жыве ўзрост росквіту!”.
Праграмай “З чаго пачынаецца памяць?” мы хацелі паказаць агульначалавечае гора, якое прыносіць людзям вайна. Эмацыянальная напружанасць выступлення дасягаецца тым, што ў аснову пакладзены мясцовы, але творча апрацаваны матэрыял трагедыі вёскі Верхаўляны Бераставіцкага раёна, спаленай у гады вайны.
Праграма “Мы — разам!” — гэта творчая рэклама нашага школьнага дзіцячага калектыву, дзе ўсе — і малыя, і дарослыя, дружныя і блізкія адно аднаму. А характэрная рыса іх — запал, упэўненасць і актыўнасць!
З 2009 года Алекшыцкая школа ўдзельнічала ў рэалізацыі двух рэспубліканскіх інавацыйных праектаў. Інавацыйная дзейнасць паказала, што расслабляцца нельга, таму што яна патрабуе руху наперад, пастаяннага ўдасканалення, пошуку новых форм і метадаў узаемадзеяння дзіцячага і дарослага калектываў. Вопыт работы школы ў інавацыйным рэжыме неаднойчы трансліраваўся на розных узроўнях, у тым ліку і на абласным фестывалі, дзе мы ў выглядзе агітбрыгады прадставілі творчую справаздачу “Інавацыйнае стварэнне школьнага свету”.
Як паказвае практыка, у выніку агітбрыгаднай дзейнасці адбываецца прыкметная якасная дынаміка ў развіцці асобы кожнага яе ўдзельніка. Дзеці становяцца разняволенымі, лёгка знаходзяць кантакт з равеснікамі і дарослымі, могуць без цяжкасці выказаць сваю думку, адстаяць свой пункт гледжання ці ініцыіраваць карысную справу. У дзяцей развіваюцца лідарскія якасці, так неабходныя ў сучасным грамадстве, якое дынамічна развіваецца.

Святлана КУРЫЛА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алекшыцкай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.