На шляху грамадзянскага сталення

На чарговыя заняткі праекта “ШАГ” па тэме “У адзінстве народа — сіла незалежнай дзяржавы” ў сярэднюю школу № 3 імя В.М.Усава Гродна была запрошана дэлегат Усебеларускага народнага сходу Бажэна Ярэміч.

Выпускніца школы прыйшла падзяліцца вопытам удзелу ў такім значным дзяржаўным форуме. Паспяховая вучаніца, вядучая школьных мера­прыемстваў, стараста класа, актыўны член БРСМ, ініцыятар многіх творчых спраў, яна запальвала сваім энтузіязмам, рашучасцю ў рэалізацыі сябе як асобы творчай, гарманічнай і актыўнай. Дзяўчына скончыла ГрДУ імя Янкі Купалы і зараз з’яўляецца выкладчыкам-стажорам кафедры тэорыі і гісто­рыі дзяржавы і права, магістранткай юрыдычнага факультэта. 

Апынуўшыся ў сценах роднай школы, Бажэна Ярэміч ахвотна дзялілася са старшакласнікамі сваімі ўражаннямі ад удзелу ва Усебеларускім народным сходзе і сваім станоўчым жыццёвым вопытам, хаця ёй усяго 22 гады. Вучняў цікавілі самыя розныя пытанні: для чаго нам патрэбна адзінства, у чым праяўляецца адзінства народа любой краіны, чаму важна ўлічваць урокі мінулага і інш.

Атрымаўся карысны дыялог. Панавала атмасфера зацікаўленасці, даверу, добразычлівасці. Думаецца, вучням запомняцца словы маладога дэлегата: “Удзельнікі Усебеларускага народнага сходу — лепшыя людзі краіны. Знаём­ства з імі, сумесная работа дадуць бясцэнны вопыт, веды і навыкі”. Менавіта падчас такіх сустрэч маладое пакаленне і набывае гэты вопыт, а пэўныя веды і навыкі — пакуль што ў сценах роднай школы.

Расце новае пакаленне маладых людзей, неабыякавых, здольных верыць у сябе, дасягаць новых вяршынь, станавіцца духоўна багатымі людзьмі, выхоўваць у сябе пачуццё грамадзянскасці і патрыятызму, а галоўнае, вучыцца на прыкладах сваіх старэйшых сяброў.

Настасся ЦЕЛЕШ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 імя В.М.Усава Гродна.