Мы ў прафесіі гуляем

Дашкольнае дзяцінства — кароткі, але важны перыяд станаўлення асобы. Важнае месца ў жыцці дашкольнікаў займае гульня, якая з’яўляецца для іх вядучай дзейнасцю. У ёй фарміруюцца ўсе бакі асобы дзіцяці, адбываюцца значныя змены ў яго псіхіцы, ідзе падрыхтоўка да пераходу на новы, больш высокі ўзровень развіцця. Гэтым і тлумачацца вялікія выхаваўчыя магчымасці гульні.

У выніку назіранняў за гульнямі дзяцей і анкетавання бацькоў мы высветлілі, што ўсё большае месца ў жыцці дашкольнікаў займаюць камп’ютарныя гульні. На жаль, многія бацькі не разумеюць ролі гульні ў развіцці дзіцяці і маюць цяжкасці ў арганізацыі гульнявых зносін. Увага да гульні, асабліва да сюжэтна-ролевай, слабее і знікае. Яе ролю часта недаацэньваюць не толькі бацькі, але і педагогі, аддаючы перавагу арганізаваным відам дзейнасці.
Мэтанакіраваная работа па развіцці сюжэтна-ролевай гульні як сродку пазнання дзецьмі навакольнага свету і працы людзей (найперш сваёй мясцовасці) пачалася ў нашай установе з 2011 года. Тэма развіцця гульні і стварэння ўмоў для яе стала адной з галоўных задач ясляў-сада.
Спачатку з бацькамі і педагогамі былі праведзены кансультацыі, семінары, віктарыны і гутаркі, а таксама аформлены наглядны матэрыял на тэму “Гульня ў дзіцячым жыцці”. На тэматычным пасяджэнні педагагічнага савета абмяркоўваліся пытанні “Гульня і яе ўплыў на раннюю сацыялізацыю дзіцяці”, “Гульня як умова ўсебаковага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту” і “Роля гульні ў развіцці маўлення дзяцей”.
Па меры развіцця дзіця пазнае навакольны свет, а ў сельскай мясцовасці з ранняга ўзросту штодзень блізка знаёміцца з працай бацькоў на сваім падворку і агародзе, удзельнічае ў пасільнай дамашняй рабоце. У выніку ў дзіцяці ўзнікае жаданне (нават патрэба) удзельнічаць у дзейнасці дарослых.
Выхавальнікі Л.М.Чатырбок, М.С.Макарчук і С.М.Волкава стварылі ў групах сюжэтныя гульні “Жыхары нашага двара” і “Наш падворак”, знаёмыя і зразумелыя для дзяцей. Выхаванцы ахвотна ўключыліся ў гульні, прапаноўваючы новыя сюжэты і ролі.
З узростам дзяцей тэматыка гульняў пашыраецца. Выхаванцы сярэдняй групы пад кіраўніцтвам педагога І.В.Патапчук з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі пазнавальнай гульні “Ад зярнятка — да булачкі”. Выхавальніца С.В.Кавалевіч праводзіць з дзецьмі цыкл пазнавальных экскурсій на тэму “Як хлеб да нас на стол прыходзіць”.
Гульнявыя мерапрыемствы працягваюць гутаркі і сустрэчы з цікавымі людзьмі, экскурсіі з цыкла “Мая малая радзіма”. Яркія ўражанні застаюцца ў выхаванцаў ад сустрэчы трох пакаленняў “Мой род”, выстаў творчых работ “Герб маёй сям’і”, “Дорым цяпло” і “Сцяжынкамі роднага краю”, работы над часопісам “Вясёлка над родным дахам” і рукапіснай кнігай памяці “Вялікай Перамозе прысвячаецца”.
Праект “Аграгарадок Лінова працай слаўны”, над якім сёння працуе наш калектыў, стаў вынікам папярэдняй работы ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Праект падтрымалі бацькі, ім зацікавіліся кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў (ААТ “Ліноўскае”, ААТ “Аранчыцкая птушкафабрыка” і ААТ “Аранчыцкае хлебапрыёмнае прадпрыемства”). Творчая група педагогаў распрацавала завочныя экскурсіі для дзяцей на гэтыя прадпрыемствы, дзе працуюць бацькі нашых выхаванцаў. З удзелам бацькоў — работнікаў прадпрыемстваў былі створаны атрыбуты (макеты) для сюжэтна-ролевых гульняў. Дзеці з вялікай цікавасцю знаёмяцца праз гульню з прафесіямі тэхніка-лабаранта, млынара, майстра-пекара, жывёлавода, аператара машыннага даення, ветурача і птушкавода.
Дзякуючы праекту, нашы выхаванцы ўжо змалку шмат ведаюць пра сваю малую радзіму, прадпрыемствы і арганізацыі рэгіёна, лёгка арыентуюцца на карце роднага аграгарадка Лінова. У кожнай узроставай групе дзяцей створаны ўмовы для развіцця гульнявых зносін, выхавання такіх якасцей, як дысцыплінаванасць, адказнасць, беражлівасць, узаемадапамога, жаданне працаваць на карысць людзей, сваёй сям’і і краіны. Педагогі імкнуцца падштурхнуць дзяцей падчас гульняў да самастойнасці і ініцыятыўнасці ў пазнанні навакольнага асяроддзя.
Пастаяннае ўзаемадзеянне ясляў-сада з соцыумам, знаёмства выхаванцаў з працай дарослых, развіццё творчай актыўнасці дзяцей — гэта складнікі ранняй прафарыентацыі і, магчыма, падставы для будучага выбару сельскагаспадарчай прафесіі, з якой выхаванцы знаёмы з ранняга дзяцінства.

Святлана ГАРДЗІЕЎСКАЯ,
загадчыца Ліноўскага ясляў-сада № 21 Пружанскага раёна.