Мы разам — мы побач

Усе без выключэння бацькі хочуць бачыць сваё дзіця шчаслівым і ўсмешлівым. На жаль, так бывае не заўсёды. У такіх сітуацыях вельмі важна падтрымаць сям’ю, у якой расце дзіця з псіхафізічнымі асаблівасцямі. А падтрымка прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне бацькоў і ўстаноў адукацыі. Гэта добра ўсведамляе педагагічны калектыў ясляў-сада № 110 Магілёва, які з 2007 года па ініцыятыве загадчыцы Ірыны Марцінковай дапамагае сем’ям у выхаванні, навучанні і развіцці дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату.

Дарэчы, аказанне карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям дашкольнага ўзросту з такімі праблемамі, іх сацыялізацыі, уключэнні ў сумесную дзейнасць з аднагодкамі ў дзіцячым садку № 110 было наладжана адным з першых у Магілёве.
Ва ўстанове дашкалятам дапамагаюць вырашыць праблему адзіноты і страху перад навакольным светам, вучаць разуменню таго, што, нягледзячы на шматлікія абмежаванні, яны могуць мець зносіны не толькі з дарослымі, але і з аднагодкамі.
Педагагічны калектыў у рабоце з дзеткамі з асаблівасцямі цесна ўзаемадзейнічае са спецыялістамі Магілёўскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Дзякуючы гэтаму, узрастае якасць карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям, фарміруецца пазітыўнае стаўленне аднагодкаў і дарослых да дадзенай катэгорыі выхаванцаў, а таксама павышэнне псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў.
У дашкольнай установе створана група псіхолага-педагагічнага суправаджэння дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Яна адказвае за арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу. А менавіта распрацоўку рэкамендацый па максімальным прыстасаванні адукацыйнага асяроддзя да патрэб дзіцяці, складанне індывідуальных праграм суправаджэння дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, забеспячэнне пераемнасці і паслядоўнасці ў працы з дзецьмі. Набыты за гады дзейнасці вопыт работы групы псіхолага-педагагічнага суправаджэння асаблівых дзяцей быў прадстаўлены на абласным семінары-практыкуме на тэму “Арганізацыя карэкцыйнай дапамогі дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах дашкольнай установы”, які праходзіў на базе нашага дзіцячага сада.
Акрамя таго, у нашай дашкольнай установе створана безбар’ернае асяроддзе для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату. Творчы падыход і зацікаўленасць у аснашчэнні, набыцці розных дыдактычных гульняў і наглядных дапаможнікаў для развіцця дыхання, дробнай і буйной маторыкі, сэнсаматорнай і пазнавальнай сферы дзяцей праявілі выхавальнікі груп. Спецыяльная і інтэграваная група адрозніваецца асаблівымі камфортнымі ўмовамі для знаходжання дзяцей, іх узаемадзеяння з аднагодкамі. Абсталяваны кабінет настаўніка-дэфектолага, у якім створаны ўмовы для арганізацыі карэкцыйна-развіццёвага навучання дашкольнікаў з ДЦП.
Штогод на падставе дыягностыкі, якая праводзіцца ў верасні, для кожнага выхаванца спецыяльнай і інтэграванай групы распрацоўваецца індывідуальны маршрут навучання і развіцця.
Карэкцыйна-развіццёвыя заняткі з дзецьмі перыядычна праводзяцца настаўнікам-дэфектолагам Аленай Кожавай у падгрупавой і індывідуальнай форме па розных напрамках агульнага развіцця.
Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў інтэграванай групе асаблівая ўвага надаецца павышэнню статусу дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў калектыве аднагодкаў, якія нармальна развіваюцца, шляхам фарміравання станоўчай Я-канцэпцыі, маральных установак і каштоўнасных арыентацый, спосабаў сацыяльнага ўзаемадзеяння, арганізацыі сумесных відаў дзейнасці.
Большасць бацькоў нашых выхаванцаў праяўляюць досыць актыўную пазіцыю ў развіцці свайго дзіцяці. З цікавасцю наведваюць кансультацыі, удзельнічаюць у трэнінгах. У мінулым навучальным годзе настаўнікам-дэфектолагам праведзены цыкл кансультацый для педагогаў і бацькоў “Якое яно: дзіця з ДЦП?”, дзе былі дасканальна разгледжаны такія тэмы, як “Асаблівасці рухальнага развіцця дзіцяці”, “Асаблівасці развіцця эмацыянальна-валявой сферы дзіцяці”, “Сэнсарнае выхаванне дзяцей” і шмат іншых.
Педагогі дашкольнай установы і бацькі ўсведамляюць, як важна сфарміраваць у дзіцяці правільнае стаўленне да сябе, да сваіх магчымасцей і здольнасцей, што разам з недахопамі ў яго ёсць многа добрых якасцей, што ён зможа шмат чаго дасягнуць у жыцці, калі прыкладзе намаганні. Але галоўнае, да чаго імкнецца педагагічны калектыў ясляў-сада № 110 — даць кожнаму дзіцяці зразумець, што ў велізарным і не заўсёды прыязным свеце ёсць маленькі астравок (яго родны дом і дзіцячы сад), дзе ён заўсёды можа адчуць сябе абароненым, любімым і жаданым.

 

Наталля ЯРАШАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці;
Алена КОЖАВА,
настаўнік-дэфектолаг дзіцячага сада № 110 Магілёва.