Мы на пасту ў памяці стаім

Аднайменная гарадская патрыятычная акцыя прайшла на сталічнай плошчы Перамогі ў першы дзень новага навучальнага года з удзелам кіраўніцтва горада, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, прадстаўнікоў сілавых структур, Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў, педагогаў, навучэнцаў, членаў мемарыяльных атрадаў. Падчас акцыі была ўрачыста адкрыта ганаровая Вахта памяці на Пасту № 1 горада-героя Мінска.

Ужо 37 гадоў лепшыя школьнікі Мінска нясуць ганаровую Вахту памяці, аддаючы даніну павагі тым, хто выратаваў свет ад фашызму, адстаяў свабоду і незалежнасць Радзімы. Вобразы гэтых людзей увекавечаны на велічным мануменце. Нам нельга забываць пра іх подзвіг, пра гісторыю нашай шматпакутнай беларускай зямлі, яе гераічную спадчыну. Толькі з’яўляючыся адной вялікай сям’ёй, нашы продкі змаглі вытрымаць нечалавечыя выпрабаванні, што выпалі на іх долю 80 гадоў назад. Прадстаўнікі ваеннага пакалення даказалі, наколькі важнае адзінства народа, нашай любімай Беларусі. Невыпадкова гарадская патрыятычная акцыя была прымеркавана да Года народнага адзінства.

Як адзначыў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Мікалаевіч Цуран, шмат гадоў сталічныя навучэнцы і педагогі сустракаюцца 1 верасня на плошчы Перамогі, каб адкрыць ганаровую Вахту памяці на Пасту № 1. “У вучняў, якія прайшлі праз гэтую акцыю, ніколі не будзе думак пра тое, каб забыць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, яе герояў, што адлюстраваны на мануменце і нібыта дзякуюць нам за тое, што мы з вамі тут сабраліся, помнім пра іх подзвігі”.

Для юных мінчан ганаровая Вахта памяці стала сапраўднай школай жыцця, дзе фарміруюцца якасці будучых абаронцаў Айчыны. Паставыя шануюць рытуалы і традыцыі, яны дастойныя гераічнай гісторыі горада і краіны. Па словах начальніка штаба Паста № 1 горада-героя Мінска Сяргея Мікалаевіча Быкава, на працягу кожнага навучальнага года з серады па суботу, акрамя канікулярнага перыяду, больш за 900 навучэнцаў праходзяць праз ганаровую Вахту памяці. Дзякуючы гэтаму, у іх фарміруецца адно з найважнейшых пачуццяў — любоў да Радзімы.

Вялікая Айчынная вайна закранула кожную беларускую сям’ю. У кожнага роду свая гісторыя, свая трагедыя. У памяць пра герояў і ахвяр вайны была аб’яўлена мінута маўчання. Яшчэ адной часткай праграмы мерапрыемства стала ўзнагароджванне лепшых паставых па выніках мінулага навучальнага года. За сумленныя адносіны да падрыхтоўкі, выдатнае нясенне ганаровай Вахты памяці на Пасту № 1 горада-героя Мінска граматамі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама навучэнцаў узнагародзіла яго старшыня Наталля Варленаўна Праскурава.

Свой наказ і эстафету памяці маладому пакаленню перадаў старшыня савета Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў Анатоль Аляксеевіч Адоньеў: “Ад імя ветранаў сталіцы прыміце словы падзякі за вашу адданасць гераічным традыцыям, за тое, што захоўваеце ў сваіх сэрцах памяць пра абаронцаў нашай Айчыны. Дазвольце пажадаць вам шчасця, дабрабыту, адданасці на працягу ўсяго вашага жыцця. Няхай ваша праца, подзвігі будуць гэтак жа прымнажаць светлыя традыцыі папярэдніх пакаленняў. Дзякуй вам за тое, што захоўваеце памяць пра абаронцаў краіны”.

Эстафета пакаленняў па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны была працягнута ў раёнах Мінска. Мемарыяльныя атрады адправіліся для ўскладання кветак і правядзення мітынгаў на мемарыял “Памяць” брацкай магілы на праспекце Дзяржынскага, а таксама мемарыялы “Яма” і “Беларусь партызанская”, да помнікаў Героям Савецкага Саюза Іону Солтысу і Джумашу Асаналіеву, братам Уладзіміру і Канстанціну Сянько, Івану Якубоўскаму, у сквер імя маршала Фёдара Талбухіна.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.