Мы — маладыя!

У найбліжэйшы час маладым педагогам Мінска давядзецца дэманстраваць свае прафесійныя і творчыя навыкі не толькі каля школьнай дошкі, але і на сцэне. 30 студзеня ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама адкрыўся гарадскі конкурс прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2018” у намінацыі “Мы — маладыя!”.


— Любы конкурс — гэта сур’ёзны крок у жыцці любога чалавека, асабліва маладога. Гэта магчымасць творчага і асабістага росту, абмену вопытам. Сёння, гледзячы ў вашы іскрыстыя вочы, хачу пажадаць, каб агеньчык творчасці не згасаў, грэючы ўсіх, хто вас акружае. І ў першую чаргу дзяцей, з якімі даводзіцца працаваць. Хачу пажадаць, каб вы не проста як мага даўжэй заставаліся ў прафесіі настаўніка, а былі верныя ёй усё жыццё. Захоўвайце душэўную цеплыню і дабрыню — гэта галоўныя якасці, якія павінны быць уласцівы педагогу, — звярнуўся да маладых настаўнікаў першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталь Прыгодзіч. — Прыемна адзначыць, што якасць падрыхтоўкі ўдзельнікаў конкурсу расце з кожным годам. Сёння сярод маладых педагогаў 2 кандыдаты навук, 9 аспірантаў, 4 стыпендыяты спецфонду прэзідэнта, 1 уладальнік гранта Мінгарвыканкама.

У спаборніцтве прымаюць удзел пераможцы адборачных раённых этапаў конкурсу — 83 педагогі. Канкурэнтная барацьба чакаецца сур’ёзная, таму што маладыя ўдзельнікі актыўныя і творчыя, кожны з іх зацікаўлены ва ўдасканаленні сваёй педагагічнай практыкі.

— Патрабаванні да канкурсантаў мінімальныя — стаж іх работы ва ўстановах адукацыі Мінска павінен быць не большым за 3 гады. У асноўным гэта маладыя педагогі, якія з-за невялікага вопыту яшчэ не маюць кваліфікацыйнай катэгорыі. Усе ўдзельнікі атрымалі метадычную і псіхалагічную дапамогу і падтрымку вопытных калег, пазнаёміліся з крытэрыямі конкурсу, — расказала начальнік цэнтра падтрымкі і развіцця інавацыйнай адукацыйнай практыкі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Людміла Венцарава.

Конкурс традыцыйна праводзіцца па 9 намінацыях. Настаўнікі-прадметнікі спаборнічаюць у сямі з іх. Намінацыя “Вакол свету” аб’ядноўвае канкурсантаў-географаў, гісторыкаў і грамадазнаўцаў. У намінацыі “Калі цябе разумеюць” спаборнічаюць настаўнікі замежных моў, “Сваю вышыню” дэманструюць маладыя выкладчыкі фізічнай культуры і здароўя, пра “Разумнае. Добрае. Вечнае” спрачаюцца педагогі беларускай і рускай мовы і літаратуры. Намінацыя “Мудрасць у абліччы прыгажосці” ахоплівае настаўнікаў музыкі, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры. “Правільнае рашэнне” шукаюць маладыя фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, а “Звычайны цуд” паказваюць настаўнікі хіміі і біялогіі. Прадугледжаны асобныя намінацыі для педагогаў пачатковай (“Пачатак пачаткаў”) і дашкольнай адукацыі (“Дзяцінства. Творчасць. Развіццё”).

Маладым людзям трэба прайсці тры этапы. На кожным з іх свае конкурсныя выпрабаванні. Падчас першага этапу, які праходзіць з 30 студзеня па 27 лютага, настаўнікам неабходна правесці ўрок-нарыхтоўку і расказаць аб сваёй педагагічнай знаходцы. Нягледзячы на тое, што ва ўдзельнікаў конкурсу невялікі працоўны стаж, у кожнага з іх ёсць у арсенале эфектыўныя метадычныя прыёмы. Менавіта гэты вопыт канкурсанты і паспрабуюць прадставіць на суд журы. На другім этапе (28 лютага — 28 сакавіка) маладых людзей чакаюць заняткі ў незнаёмым класе і работа над адукацыйным відэаролікам “ТВ-педагогіка”. У фінал конкурсу, які пройдзе з 29 сакавіка па 11 красавіка, трапяць толькі 9 лепшых — па адным прадстаўніку з кожнай намінацыі. Фіналістам давядзецца дэманстраваць шырокай публіцы фрагмент урока.

З 9 лепшых будзе выбраны абсалютны пераможца. Ацэньваць прафесійнае майстэрства маладых педагогаў запрошана кампетэнтнае журы, у якое ўвайшлі прадстаўнікі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і вядомыя педагогі горада.

Алёна КРЫВЯНКОВА.