Музей “Сялянская хата” як сродак фарміравання нацыянальнай самасвядомасці ў  дашкольнікаў

Як выхаваць духоўна багатую і ўсебакова развітую асобу, сэнс жыцця якой быў бы цесна звязаны з лёсам народа, краіны? Якія прынцыпы і тэхналогіі для гэтага выкарыстаць? Гэтыя пытанні хвалююць кожнага педагога сучаснага дзіцячага сада, таму ўзнікла неабходнасць мэтанакіраванай работы па фарміраванні ў дашкольнікаў погляду на нацыянальную культуру як на фундаментальную духоўную каштоўнасць народа. Толькі той чалавек, які засвоіў культурныя каштоўнасці сваіх продкаў, зможа актыўна ўплываць на жыццёвыя сітуацыі і аналізаваць стваральную дзейнасць людзей.

Нацыянальная самасвядомасць з’яўляецца духоўным здабыткам асобы, складае маральную аснову яго жыццядзейнасці.

Дашкольная ўстанова — пачатковая ступень сістэмы адукацыі. Дашкольны ўзрост — найбольш спрыяльны перыяд для авалодвання дзецьмі элементамі беларускай народнай культуры. Менавіта ў гэты прамежак жыцця ў дзіцяці фарміруецца цікавасць, патрэба да ведаў, якія адпавядаюць яго прыродным і асабістым задаткам, закладваецца трывалы фундамент ведаў.

На сённяшні дзень, на жаль, назіраецца наступнае:

— адсутнасць беларускамоўнай практыкі сярод дзяцей і дарослых;

— бедны слоўнікавы запас;

— маўленне дзяцей знаходзіцца пад моцным уплывам рускай мовы;

— дашкольнікі недастаткова ведаюць народныя традыцыі, гульні і святы;

— большасць бацькоў, дзеці якіх наведваюць дашкольную ўстанову, увогуле не звяртаюцца да беларускай народнай культуры, не размаўляюць на роднай мове, не чытаюць сваім дзецям твораў дзіцячай літаратуры.

Наша дашкольная ўстанова стварае ўмовы для ўсебаковага развіцця дзіцяці і бацькоў, абапіраючыся на асаблівасці традыцый рэгіёна і беларускай культуры ўвогуле.

Адной з асноўных задач выхавання і навучання ясляў-сада № 43 Салігорска з’яўляецца шырокае далучэнне дзяцей да агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей культуры, а адзін з асноўных прынцыпаў адукацыйнай работы — прынцып цеснай узаемасувязі нацыянальнага і агульначалавечага ў выхаванні. Гэта абумоўлівае зварот да народнай педагогікі, нацыянальных традыцый, фальклору.

Прынцып гуманізацыі нашай работы праяўляецца ў стварэнні ўмоў для развіцця дзіцяці, у забеспячэнні ўзаемасувязі адукацыйнага працэсу ў дашкольнай установе з гуманістычнымі традыцыямі народнай педагогікі, фальклорам, нацыянальным мастацтвам. Згодна з гэтым прынцыпам, у работу па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці неабходна ўключаць матэрыял, які пазнаёміць дзяцей з грамадствам, пашырыць веды аб сабе і блізкіх яму людзях, пазнаёміць з народнымі традыцыямі, святамі, абрадамі.

Наступны прынцып работы — прынцып паслядоўнасці і паступовасці. Ён дазваляе фарміраваць нацыянальную самасвядомасць дзяцей дашкольнага ўзросту, не парушаючы ўнутранага свету дзіцяці: праз малое — да вялікага, праз вядомае знаёміць з невядомым. Дзецям мэтазгодна даваць элементарныя звесткі аб прыродзе Беларусі, працоўнай дзейнасці беларускага народа, аб культуры і мастацтве, выкарыстоўваючы загадкі, забаўлянкі, песенкі, беларускія народныя гульні. Новы матэрыял павінен мець пад сабой фундамент раней засвоеных ведаў.

Паводле прынцыпу прыродаадпаведнасці і індывідуалізацыі выбіраюцца тыя аб’екты, якія з’яўляюцца цікавымі і даступнымі для ўспрымання дзіцяці пэўнага ўзросту. Увесь пазнавальны матэрыял размяркоўваецца з улікам псіхалагічных, індывідуальных асаблівасцей і палавой дыферэнцыяцыі дзяцей групы.

Прынцып цеснага ўзаемадзеяння выхавання сям’і і дашкольнай установы яскрава праяўляецца праз арганізацыю розных форм супрацоўніцтва з бацькамі выхаванцаў, правядзенне сумесных мерапрыемстваў. Толькі тады будзе станоўчы вынік дзейнасці, калі работа будзе паслядоўнай і сістэмнай.

Паводле прынцыпу пераемнасці, трэба прасочваць узаемасувязь паміж мэтамі, зместам, метадамі і прыёмамі арганізацыі педагагічнага працэсу, што дапаможа зрабіць працэс цікавым, а навучанне будзе мець інтэграваны характар.

Прынцып гармоніі трох пачаткаў неабходна ўлічваць пры выбары задач, падборы метадаў і прыёмаў работы па стварэнні эмацыянальнага клімату кожнаму выхаванцу на працягу ўсяго адукацыйнага працэсу.

Планаванне і арганізацыя работы па фарміраванні элементаў нацыянальнай самасвядомасці з улікам усіх прынцыпаў зробіць працэс навучання і выхавання эфектыўным і паслядоўным, а засваенне ведаў дзяцей будзе мець трывалы характар.

Музей — месца захавання народнай спадчыны

Захавальнікамі памяці заўсёды былі і застаюцца музеі. Для большасці дзяцей Беларусі менавіта з музея і пачынаецца іх грамадзянскае станаўленне. Тут яны ўпершыню пачынаюць асэнсоўваць сваё дачыненне да ўсяго, што адбываецца навокал, а паняцці “Радзіма”, “родны кут”, “любоў да Айчыны” напаўняюцца новым сэнсам.
Што бачыць, што чуе сёння ў сваёй роднай старонцы сучаснае беларускае дзіця? Вакол яго — мора традыцыйнай культуры, але амаль у забыцці каляндарныя абрадавыя святы, фальклорнае мастацтва, нацыянальнае адзенне, рамесныя вырабы. Наяўнасць у дзіцячым садзе музея дазваляе глыбей вывучыць і асэнсаваць гісторыю, культуру ў мэтах развіцця інтэлектуальных, маральных, культурных і творчых магчымасцей дзяцей, выхоўваць у іх нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм, далучаць іх да нацыянальнай і агульначалавечай культуры, удзельнічаць ва ўдасканаленні выхаваўчай работы, праводзіць культурнаасветніцкую работу сярод бацькоў, насельніцтва.

Кожны высокаадукаваны чалавек павінен ведаць традыцыі і мову свайго народа, павінен умець спяваць свае народныя песні, шанаваць народныя танцы, ведаць, як спрадвеку праходзілі святы ў нашым краі, любіць свае родныя мясціны, сваю Рдзіму — Беларусь. Таму я добра ўсвядоміла: чым больш нацыянальнага ў выхаванні дзяцей, тым мацнейшай і духоўна багацейшай будзе наша нацыя. Калі перада мной паўстала пытанне, з чаго пачынаць работу, было зразумела, што спачатку неабходна стварыць музей, які з’яўляецца падмуркам рэалізацыі выхаваўчых мэт.

Музей — гэта тая прыступка, дзе ў працэсе навучання і выхавання дзіця далучаецца да багацця нацыянальнай культуры, спасцігае і асэнсоўвае свае карані, спазнае народную мудрасць.

Галоўная мэта музея — выхаваць дашкольніка-грамадзяніна, дашкольніка — сына сваёй Радзімы, які паважае і ведае спадчыну сваіх бацькоў, гісторыю роднага краю, родную беларускую мову, які шануе і зберагае беларускія традыцыі.

У музеі дзеці судакранаюцца з прадметамі — праўдзівымі сведкамі культурнай спадчыны народа, яго багацця. Гэта забяспечвае высокую эмацыянальнасць успрымання матэрыялу, доказнасць пры яго выкладанні, што робіць выхаваўчы працэс больш дзейсным.

Вочы свецяцца радасцю і зацікаўленасцю тады, калі дзеці пераступаюць парог “Сялянскай хаты”. Да вясковай печы хочацца дакрануцца рукой: здаецца, яна яшчэ дыхае цяплом, пачаставаўшы гасцей верашчакай, дранікамі, пульхнымі блінамі.

Адна справа — бачыць першабытныя прылады на фотаздымках, а зусім іншая — патрымаць у руках гэтыя рэчы. Можна шмат разоў гаварыць аб прыроднай кемлівасці і спрактыкаванасці нашых продкаў, іх уменні прыстасоўвацца да жыццёвых сітуацый і цяжкасцей, а можна прадэманстраваць дзецям драўляную мянташку, якую выкарыстоўвалі нашы продкі для таго, каб навастрыць касу, і паказаць, як гэта рабілася, як можна дрэвам завастрыць жалеза. Дзеці гэтую кемлівасць і вынаходлівасць абавязкова ацэняць.

Усім вядома, што любы музейны прадмет — гэта прадмет жыцця беларускага народа ў пэўны час, таму яго неабходна берагчы ў памяць аб сваіх продках.

Дзеці з задавальненнем калышуць ляльку ў зыбцы, прасуюць бялізну з дапамогай валка і качалкі. Найбольш якаснае грамадзянскае станаўленне асобы дашкольніка адбываецца менавіта праз практычную дзейнасць.

Праз шэраг свят, экскурсій, заняткаў дзеці далучаюцца да гістарычнай спадчыны, захоўваюць усё лепшае, што мае наш народ у сваёй скарбонцы, прымнажаючы тыя нацыянальныя здабыткі, якія ўжо займела незалежная Беларусь.

К.Д.Ушынскі пісаў: “У кожнага народа свая сістэма выхавання. Вопыт іншых народаў у справе выхавання з’яўляецца каштоўнай спадчынай для ўсіх, але дакладна ў тым жа сэнсе, як і вопыт сусветнай гісторыі належыць усім народам. Як нельга жыць па ўзоры чужога народа, так і нельга выхоўваць па чужой педагагічнай сістэме, якой бы яна ні была прыгожай і добра прадуманай. Кожны народ у гэтых адносінах павінен мець натуральныя сілы”. Аналагічнай думкі прытрымліваюцца і беларускія педагогі: “Мэта адукацыі — культурныя каштоўнасці, да якіх павінен будзе далучыцца чалавек. А гэтыя каштоўнасці маюць найперш нацыянальны характар. Шлях да сусветнай культуры магчымы толькі праз культуру нацыянальную”.

Ірына САЧКО,
выхавальнік дашкольнай адукацыі першай катэгорыі
ясляў-сада № 43 Салігорска.