Мова жывая, пакуль на ёй гавораць

21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы — асаблівае свята для беларускамоўнай школы. І гэта нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню мовы, якую мы называем нацыянальнай і матчынай.

З вялікім натхненнем і адказнасцю рыхтуюцца да Дня роднай мовы навучэнцы і настаўнікі Квасоўскай сярэдняй школы. Мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце, праводзяцца на працягу ўсяго месяца: конкурс чытальнікаў і аматараў беларускай паэзіі, конкурс выканаўцаў музычных твораў на вершы беларускіх пісьменнікаў. Дзеці з захапленнем і самі пішуць вершы на роднай мове.

Для нашай школы стала традыцыяй акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”. Усе навучэнцы і педагогі размаўляюць на беларускай мове, а ў дзень свята ў фае першага паверха размяшчаецца насценная газета, дзе дзеці могуць пакінуць свае ўражанні і пажаданні. Кожны, хто прыходзіць у школу, атрымлівае лісток — матыватар з выказваннямі на беларускай мове. Гасцей сустракаюць мелодыямі беларускіх кампазітараў.

Школьная бібліятэка ладзіць выставу кніг, прысвечаных творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, а таксама прапануе навінкі беларускамоўных выданняў. Па ініцыятыве бібліятэкара арганізоўваецца конкурс малюнкаў да беларускіх народных казак, паданняў і легенд. Лепшыя ўпрыгожваюць паліцы бібліятэкі і ствараюць асаблівы святочны настрой.

З вялікай ахвотай і захапленнем навучэнцы прымаюць ­удзел у конкурсе флаер-фэсту. Звычайна ствараецца спецыяльнае журы з ліку адміністрацыі школы, настаўнікаў і навучэнцаў для адбору лепшых работ. Флаеры размяшчаюцца для азнаямлення ў фае школы. Усе ўдзельнікі атрымліваюць салодкія падарункі.

У мінулым го­дзе з мэтай папулярызацыі беларускай мовы, удасканалення ведаў па роднай мове ў школе ўпершыню быў арганізаваны ўсеагульны дыктант. Настаўнікі, бацькі і грамадскасць аграгарадка актыўна ўключыліся ў яго напісанне. Многія паспяхова справіліся з тэкстам. Адказна аднесліся і да самаправеркі. У школе панавала добразычлівая атмасфера. Напісанне дыктанта завяршылася сумесным салодкім сталом, за якім гучала беларуская мова.

Каларытнай асаблівасцю свята дня роднай мовы з’яўляюцца тэатралізаваныя пастаноўкі. Асабліва запомніліся ўсім “Кірмаш” і “Сёння ў нашай хаце свята”. Дзеці з вялікім жаданнем і ахвотай прымаюць удзел у пастаноўках, бо гэта магчымасць раскрыцца і паказаць свой талент, прадэманстраваць культуру і быт нашых продкаў.

Завяршаюцца мерапрыемствы да Дня роднай мовы канцэртнай праграмай, вучні прымаюць удзел у беларускіх народных гульнях, танцуюць “Лявоніху”, спяваюць “Купалінку” і сучасныя песні на беларускай мове, слухаюць пераможцаў конкурсу чытальнікаў вершаў. Своеасаблівы настрой надаюць святу вядучыя ў беларускіх нацыянальных касцюмах і беларуская, мілагучная, пяшчотная мова, якая льецца з вуснаў вядучых і ўдзельнікаў свята і зачароўвае ўсіх прысутных.

Марыя ТУРЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Квасоўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.