“МОВА ціКАВА”, або Гаварыць па–беларуску вучымся разам

Неабыякавы да лёсу роднай мовы педагагічны калектыў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 97 Гродна не адзін год шукае эфектыўныя спосабы навучання дзяцей дашкольнага ўзросту беларускаму слову.

Паспяхова вырашыць гэтую задачу можна толькі пры ўмове, што самі педагогі дасканала валодаюць роднай мовай, хочуць і могуць дапамагчы дзецям адчуць смак беларускага слова, выклікаць у іх жаданне і патрэбу карыстацца гэтым словам у штодзённым жыцці. Каб быць прыкладам для выхаванцаў, педагогі нашай установы адукацыі вырашылі заняцца самаразвіццём. Так з’явілася ідэя стварэння педагагічнага клуба “МОВА ціКАВА”, дзе, па задуме, у добрай кампаніі аднадумцаў ды яшчэ за кубкам духмянай кавы можна з лёгкасцю і цікавасцю пашыраць свой слоўнікавы запас, праз гульні засвойваць моўныя правілы, спасцігаць таямніцы роднага слова, а галоўнае — размаўляць па-беларуску.

Дзейнасць клуба пачалася ў кастрычніку бягучага навучальнага года. Падчас першай сустрэчы стала зразумела, што новая інтэрактыўная форма ўзаемадзеяння педагогаў будзе мець поспех. І сапраўды, чутка пра тое, як лёгка, весела і карысна бавяць час у клубе “МОВА ціКАВА”, хутка разнеслася па дашкольным цэнтры і паспрыяла таму, што да дружнай кампаніі педагогаў далучыліся некаторыя іншыя супрацоўнікі ўстановы. Іх таксама з радасцю прынялі ў клубе. Каб было камфортна працаваць, зноў заварылі каву, гарбату, пачаставаліся духмяным пірагом і пачалі… гуляць. Так-так, менавіта гуляць — увесь моўны матэрыял падаецца ў клубе выключна праз гульнявую дзейнасць. Тут не чытаюць сумных лекцый, не патрабуюць расказаць правіла ці растлумачыць арфаграму. Патрабаванне толькі адно — гаварыць па-беларуску. Аказваецца, гэта зусім не складана, бо беларуская мова нам, беларусам, не чужая. Яна жыве ў кожным з нас, трэба толькі даць ёй магчымасць расквітнець. Наш клуб “МОВА ціКАВА” менавіта для гэтага і створаны.

Ці можна ў такой сур’ёзнай справе, як вывучэнне мовы, разлічваць на гульні? Ці эфектыўны гэты сродак? Перад выхавальнікамі дашкольнай адукацыі такія пытанні не ўзнікаюць: мы працуем з дзецьмі, для якіх гульня — асноўны від дзейнасці, таму ведаем пра яе эфектыўнасць не па чутках. Калі ж размова ідзе пра дарослых, то тут гульня дае яшчэ большы плён (таксама не раз праверана намі на практыцы). Менавіта таму імкнёмся амаль кожную новую сустрэчу ў клубе ператварыць у разгорнутую сюжэтна-ролевую гульню, тэма якой выбіраецца з улікам зага­дзя выказаных пажаданняў саміх педагогаў. Напрыклад, аднойчы аматары роднай мовы сабраліся на кухні (вядома, імправізаванай). Размеркавалі ролі: выбралі маці-гаспадыню і трох дачок, якім трэба было згата­ваць абед, падрыхтавацца да прыходу гасцей. Адна дачка са спісам неабходных прадуктаў, напісаным на беларускай мове, адправілася ў магазін, другая — на рынак за агароднінай. Няпроста было дзяўчынкам выка­наць даручэнні маці: адна доўга думала, што ж такое разынкі і алей, другая замест кавуна (рус. “арбуз”) купіла гарбуз (рус. “тыква”). А трэцяя дачка ў гэты час разбіралася з посудам: кубкі, лыжкі, сподачкі, цукарніцу яна хутка знайшла, а вось калі матуля папрасіла прынесці філіжанкі і імбрычак, задумалася. Вядома, усе таямніцы новых беларускіх слоў былі разгаданы дружнай кампаніяй. А каб гэтыя словы надоўга засталіся ў памяці, кожны ўдзельнік атрымаў памятку з іх перакладам.

На адной з наступных сустрэч гаварылі пра адзенне: разгадвалі тэматычную крыжаванку, гулялі ў перакладчыкаў, складалі аб’яву аб продажы адзення, рэкламавалі тавар, а затым “адправіліся ў магазін” за абноўкамі. Гэтым разам перад гульцамі стаялі іншыя задачы: адзін выбіраў адзенне для заняткаў спортам, другі — гарнітур дзелавога стылю, трэці — вячэрні ўбор. Размаўляць у магазіне пакупнікам, вядома, трэба было толькі па-беларуску.

Ні адны заняткі ў клубе “МОВА ціКАВА” не абыходзяцца без практыкаванняў, якія паспяхова можна прымяняць у рабоце з дзецьмі пры вывучэнні роднай мовы. Так, педагогі ўжо не раз апрабавалі на сабе вясёлую дзіцячую гульню “Абзывалкі”, у якой па чарзе трэба “абзываць” адно аднаго прадметамі адзення, посуду, мэблі, агародніны, садавіны (у залежнасці ад выбранай тэмы). Напрыклад: “Ты — спадніца!”, “А ты — кашуля!”, “А ты — камізэлька!”.

Адметна, што ў клубе педагогі яшчэ і спяваюць! Так, напярэдадні навагодніх свят тут гучалі зімовыя прыпеўкі на беларускай мове.

Вось так, з лёгкасцю і цікавасцю, праз гульні і іншыя забавы педагогі нашай дашкольнай установы пашыраюць свой слоўнікавы запас, спасцігаюць таямніцы роднай мовы, а значыць, маюць чым падзяліцца са сваімі выхаванцамі.

Таццяна ЖЫЛУК,
выхавальнік-метадыст дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 97 Гродна.