Мова — гэта стылёва

Для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага і выхаваўчага працэсу ў нашай Стараруднянскай сярэдняй школе Жлобінскага раёна рэалізуецца ўкараненне тэхналогій Web 2.0, якія прадугледжваюць развіццё інтэрактыўных форм навучання, правядзенне семінараў, мадэрнізацыю камп’ютарнай тэхнікі, выкарыстанне новых інфармацыйных рэсурсаў. Пры гэтым для нас вельмі важна і зберажэнне мясцовых і беларускіх традыцый.

Менавіта таму на базе нашай установы настаўнік гісторыі Эдуард Гарцуеў і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Мельчанка прыдумалі і распрацавалі на аснове тэхналогій Web 2.0 анлайн-гульню па беларускай мове і літаратуры пад назвай “Мова — гэта стылёва”.

Гульня распрацавана на вэб-рэсурсе Quizizz. Гэты воблачны сэрвіс уяўляе сабой інтэрнэт-рэсурс ацэньвання вучняў. Тэсты могуць быць адноўлены на любым прыстасаванні з выхадам у інтэрнэт. Гульню мы праводзім кожны месяц 21 чысла, у ёй пры­маюць удзел вучні 5—11 класаў.

Пры распрацоўцы заданняў не арыентуемся на вучэбную праграму, а аддаём перавагу развіццю светапогляду вучняў. Таму распрацоўваем тэставыя заданні па наступных напрамках: лексіка і фразеалогія, фальклор, літаратурныя старонкі мінулага, сінтаксіс і пунктуацыя, знаўцы літаратурнага твора.

Для таго каб прыняць удзел у віктарыне, кожная каманда падае заяўку ў школьную групу “УКантакце”. Анлайн-віктарына “Мова — гэта стылёва” — камандная гульня. Усе каманды выконваюць аднолькавыя заданні, але кожная на сваім прыстасаванні атрымлівае пытанні ў выпадковай паслядоўнасці і працуе з тэстам у сваім асабістым тэмпе. Усе пытанні і адказы паказаны на дысплеі кожнай каманды і адлюс­троўваюцца на камп’ютары настаўніка.

Вынікі інтэлектуальнага спаборніцтва выхо­дзяць на манітор камп’ютара арганізатара. Ён фіксуе правільнасць выкананых заданняў і час выканання. Такім чынам, выбар пераможца праходзіць аб’ектыўна і незалежна. Каманды, якія паспяхова прайшлі адбор, адпраўляюцца ў паўфінал. А ў фінале сустракаюцца толькі тры каманды, якія набралі найбольшую колькасць балаў. Пераможцай становіцца каманда, якая ўсім даказала, што “мова — гэта стылёва”.

Работа па папулярызацыі беларускай мовы ў нашай школе зацікавіла і настаўнікаў, і вучняў. Яна носіць інтэрактыўны, эмацыянальны і мабільны характар. На працягу ўсяго навучальнага года на базе школы былі праведзены тыдні беларускай культуры і роднай мовы, конкурсы чытальнікаў, квест-гульні ў этнаграфічнай экспазіцыі музея, створаны праект “Зямля пад белымі крыламі”, прайшла дэманстрацыя адзення “З бабулінага куфэрка”, арганізавана выстава “Скарбы майго роду”, дзе вучнямі былі прадстаўлены даматканыя посцілкі, ручнікі, посуд, старажытныя самавары і нават сапраўдныя падковы.

Штомесяц праходзіць школьная акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”. У ёй удзельні­чаюць настаўнікі, вучні і самыя маленькія выхаванцы нашай школы-сада. Удзельнічаць у анлайн-віктарыне “Мова — гэта стылёва” выказвае жаданне вялікая колькасць вучняў. Форма інтэрнэт-гульні дапамагае павысіць матывацыю да вывучэння беларускай мовы і гісторыі краіны, дазваляе зрабіць адукацыйны працэс больш цікавым і займальным.

Наталля БАЛЯНКОВА,
дырэктар Стараруднянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Жлобінскага раёна.