Моўныя традыцыі восьмай

26 верасня сярэдняя школа № 8 Гродна традыцыйна адзначае Еўрапейскі дзень моў, аднак фармат мерапрыемства мяняецца з году ў год. Сёлета на працягу тыдня навучэнцам 5—11 класаў было прапанавана прыняць удзел у моўных і творчых конкурсах. Іх мэта — развіццё пазнавальнай актыўнасці вучняў, іх творчых і інтэлектуальных здольнасцей, фарміраванне міжкультурнай камунікацыі.

Вялікую цікавасць выклікаў конкурс “Дзённік юнага паліглота”. На працягу 5 дзён удзельнікі вялі дзённік, кожны дзень выконваючы па адным заданнi. У першы дзень было прапанавана знайсці як мага больш аналагаў свайго імя на розных еўрапейскіх мовах. Другі дзень быў прысвечаны раманскім мовам. Навучэнцы шукалі прыказкі і прымаўкі пра вучобу на французскай, іспанскай, італьян­­­скай і іншых мовах. Выбраць і запісаць пяць самых неабходных фраз на адной з германскіх моў было прапанавана ў трэці дзень. У дзень славянскіх моў навучэнцы выразна чыталі вершаваныя творы на беларускай, украінскай, польскай і іншых славянскіх мовах. У пяты дзень конкурсных выпрабаванняў удзельнікам было прапанавана знайсці дзесяць аргументаў на карысць еўрапейскай мовы, якую яны мараць вывучыць у будучыні.

Праявіць крэатыўнасць і творчы падыход навучэнцы змаглі ў конкурсе “Лагатып Еўрапейскага дня моў”.

— За перамогу ў конкурсе мяне чакаў сюрпрыз — кубак з маім лагатыпам і магчымасць удзельнічаць у Міжнародным конкурсе лагатыпаў для футболак Еўрапейскага дня моў 2021 года, — дзеліцца ўражаннямі вучань 10 “А” класа Ілья Кавалёў.

Тая Iгнатавiчутэ, вучаніца 8 “А” класа, стала пераможцай віктарыны “Знаўца еўрапейскіх моў”. Яна прызналася:

— Заданні віктарыны былі цікавымі і вельмі пазнавальнымі. Я шмат новага даведалася пра розныя мовы. А больш за ўсё запомнілася тое, што літоўскую мову называюць “дыназаўрам” сярод моў. Хацелася б, каб мерапрыемстваў, прысвечаных розным мовам, было як мага больш. Бо так цікава даведвацца пра іншыя культуры, традыцыі і звычаі.

Да Еўрапейскага дня моў было прымеркавана ўрачыстае мерапрыемства “Сардэчна запрашаем у білінгвісты!”. Паступленне ў білінгвістычную франкамоўную секцыю, якая была адкрыта ў сярэдняй школе № 8 Гродна ў 2009 годзе, ажыццяўляецца на конкурснай аснове. 26 верасня 27 васьмікласнікаў папоўнілі шэрагі білінгвістычнай секцыі Гродзенскай вобласці.

Галоўным эрудытам-білінгвістам стала вучаніца 8 “Б” класа Ганна Ішчыловіч.

— Адказваць на пытанні віктарыны “Ці ведаеце вы Францыю?” неабходна было з дапамогай мабільнага тэлефона. Акрамя дакладнасці, улічвалася яшчэ і хуткасць адказу. Цікава, пазнавальна, сучасна, — адзначае Ганна.

Еўрапейскі дзень моў — гэта добрая нагода абудзіць цікавасць людзей да вывучэння розных замежных моў. Нездарма кажуць: “Колькі моў ты ведаеш — столькі жыццяў ты жывеш”.

Святлана АНТРОПАВА,
настаўнiца французскай мовы сярэдняй школы № 8 Гродна.