Мой любімы настаўнік

Настаўнік — гэта не проста прафесія. Гэта прызванне, заклік душы, імкненне быць сябрам, апорай, арыенцірам. У сярэдняй школе № 215 Мінска пераемнасць паміж пакаленнямі — добрая традыцыя. Вопытныя і кваліфікаваныя настаўнікі адчыняюць дзверы ў свет педагогікі навучэнцам профільных педкласаў, а тыя набываюць свой першы вопыт работы з дзецьмі.

Напярэдадні прафесійнага свята, Дня настаўніка, навучэнцы класаў педагагічнай накіраванасці арганізавалі ў школе святочныя мерапрыемствы.

Галоўным сімвалам падзякі настаўніку з’яўляюцца, вядома, кветкі. Падчас акцыі “Падары букет настаўніку” хлопцы і дзяўчаты майстравалі кампазіцыі з рознакаляровых шароў, укладваючы ў кожны падарунак самыя цёплыя эмоцыі і з трапятаннем уручаючы іх педагогам.

Талент настаўніка бачыць будучыню на некалькі крокаў наперад, чуйна планаваць працэс навучання знайшоў адлюстраванне ў латарэі “Даведайся пра сваю будучыню”. Кожны ахвотны змог даведацца, што яго чакае ў будучыні, з жартоўных прагнозаў, складзеных вучнямі педагагічнага класа. Складаючы прадказанні, старшакласнікі задумваліся і пра сваю будучыню: які кірунак педагогікі выберуць, у чым бачаць сваё прызванне?

Аб насычаных і часам няпростых школьных буднях настаўнікі школы расказалі ў сваіх інтэрв’ю. Як са­праўдныя карэспандэнты, навучэнцы задавалі актуальныя пытанні, цікавіліся незвычайнымі выпадкамі з працэсу навучання, даведваліся асаблівасці будняў настаўніка. Вынікам апытання стаў маляўнічы відэасюжэт, які трансліраваўся ў фае першага паверха.

Чырвонай ніткай свята стала віншавальная пошта. Шчырыя віншаванні і словы ўдзячнасці, аўтарскія малюнкі і крэатыўныя паштоўкі навучэнцы 10 “А” класа сабралі і даставілі адрасатам. Партрэты самых любімых педагогаў ўпрыгожылі выставу “Мой любімы настаўнік”.

Творчым падарункам стала выкананне песні пад гітару вучнямі 11 “А” класа. Дружнае выкананне кампазіцыі самімі юнымі артыстамі, гледачамі і гасцямі мерапрыемства дазволіла кожнаму адчуць сябе часткай дружнай і згуртаванай школьнай сям’і.

Навучэнцы класаў педагагічнай накіраванасці змаглі стварыць у школе сапраўднае свята, адрасаваць кожнаму настаўніку, кожнаму выхавальніку словы падзякі, адзначыць важнасць і неацэннасць педагагічнай працы.

Ірына БАБРОЎСКАЯ,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 215.