Мой край завецца Беларуссю

Фарміраванне ў выхаванцаў уяўленняў аб роднай мове, родным краі, станоўчых адносін да яго, далучэнне да агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей — адны з галоўных задач выхавання і навучання ў дашкольных установах адукацыі.

Вялікая роля ў вырашэнні гэтых задач адводзіцца педагогам. Важна, каб яны былі шчырымі прыхільнікамі адраджэння беларускай культуры, разумелі неабходнасць увядзення беларускай мовы ў дзейнасць дзіцячага сада, самі добра валодалі ёй, ведалі традыцыі беларускага народа. Перад дарослымі стаіць складаная задача: раскрыць багацце і непаўторнасць роднага краю, яго гісторыі, традыцый, выхаваць у дзяцей гордасць за сваю краіну, узбагаціць іх маўленне творамі беларускага фальклору. Але гэта магчыма толькі пры правільна выбудаванай сістэме работы.

Сярод сродкаў, якія прымяняюцца ў нашай установе для дасягнення пастаўленых мэт, важнае месца адводзіцца ўдзелу ў розных раённых мерапрыемствах. Нядаўна мы ўдзельнічалі ў раённым фестывалі педагагічнай творчасці “Мой край завецца Беларуссю”. Педагогі нашай установы паказалі сваё майстэрства ў розных намінацыях.

Так, у намінацыі “Метадычнае мерапрыемства” прайшла пазнавальная гульня-віктарына “Люб-лю мой край, старонку гэту…”, якую правяла выхавальнік дашкольнай адукацыі Н.В.Парашкова. Удзель-нікі віктарыны адгадвалі загадкі аб Радзіме, родным краі, называлі прыказкі, прымаўкі, скорагаворкі, гулялі ў гульню “Перакладчыкі”, у беларускія народныя гульні.

Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што адлюстроўвае нацыянальнае аблічча народа, тое, што кожнае пакаленне павінна шанаваць і прымнажаць. Адзенне з’яўляецца адной з найважнейшых складовых частак матэрыяльнай культуры народа і цесна звязана з умовамі яго жыцця. Яскрава і цікава прайшла прэзентацыя нацыянальных беларускіх дзіцячых і дарослых касцюмаў “І тчэ, забыўшыся, рука, заміж персідскага ўзору, цвяток радзімы васілька”, якую падрыхтавала выхавальнік дашкольнай адукацыі Л.М.Лапо ў намінацыі “Прадстаўленне адзення з беларус-кімі нацыянальнымі акцэнтамі”. Усе касцюмы створаны супрацоўнікамі ўстановы, якія да таго ж прадставілі звесткі аб значэнні розных узораў беларускага арнаменту.

Меладычна гучалі вершы беларускіх аўтараў у выкананні педагогаў установы А.А.Лысавай, Н.М.Асіпёнак у намінацыі “Чытанне твораў беларускіх аўтараў”.

Шырока была прадстаўлена намінацыя “Выстава матэрыялаў па стварэнні беларускамоўнага асяроддзя” пад назвай “Радзімаю нашай край гэты завецца, хай нашай Радзіме шчасліва жывецца!”. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Т.А.Мельнікава прадставіла матэрыялы розных напрамкаў: “Слова народнае — самае роднае” (вершы, загадкі, пацешкі, казкі, забаўлянкі і г.д.), “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…” (народныя святы, абрады, беларускія народныя рамёствы, народная цацка, сімвалы Беларусі, сімвалы ў беларускай народнай вышыўцы), “Люблю мой край, старонку гэту…” (метадычныя распрацоўкі, прак-тычны матэрыял), “Беларускія краявіды” (славутасці краіны, творчасць беларускіх мастакоў), “Мой родны кут, як ты мне мілы…” (звесткі пра родны горад Круглае). Матэрыял прадстаўлены ў розных формах: дыдактычныя і настольныя гульні, лэпбукі, папкі, прадметы побыту, беларускія лялькі, лялькі-абярэгі, мастацкае слова, кансультацыі, памяткі для законных прадстаўнікоў і г.д.

Мерапрыемства дало магчымасць педагогам устаноў раёна падзяліцца педагагічным вопытам, узбагаціць свае веды, майстэрства. Сёння гэта асабліва важна. Атмасфера кожнай установы да-школьнай адукацыі павінна быць прасякнута творчасцю, пошукам, рэалістычнай ацэнкай дасягнутага.

Алена ЯРКОВІЧ,
выхавальнік ясляў-сада № 3 Круглага.