Зорны золак

Дзіўныя золкі ў нас у гэтую красавіцкую вясну! То духмяна-вясновыя, то сярдзіта-зімовыя… Прырода бывае падманлівай, але ніколі не могуць быць падманлівымі людзі, якія дораць іншым людзям мастацтва і якія ацэньваюць гэтае мастацтва.

З 30 сакавіка па 1 красавіка ў сталічным Палацы дзяцей і моладзі “Золак” праходзіў адкрыты фестываль-конкурс “Золак” збірае сяброў — 2018”. Яго арганізатарамі выступілі ўпраўленне адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна Мінска і ПДіМ “Золак” горада Мінска, а ўдзельнікамі сталі сотні дзяцей з Маларыты, Мар’інай Горкі, Косава, Будслава, Барані, Свіслачы, Ашмян, Мазыра, Дзяржынска, Вілейкі, Ляснога, Гомеля, Барысава, Маладзечна, Дуброўна, Заслаўя, Глуска і, канечне, Мінска. Здаецца, уся дзіцячая творчая Беларусь прыехала на тры дні ў “Золак”, каб сустрэць там свой зорны золак.

Толькі ў першы дзень фестывалю, 30 сакавіка, прынялі ўдзел 95 дзяцей у намінацыях “Інструментальная музыка (ансамблі)” і “Інструментальная музыка (сола)”. Іх выканальніцкае майстэрства ацэньвалі такія спецыялісты, як саліст легендарнага дуэта “Алегрыяс” дырэктар дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 імя М.І.Аладава Мінска Аляксандр Церахаў, выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў па класе “Народная творчасць. Інструментальная музыка” Ларыса Кузьміч, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў, прафесійны музыкант, кампазітар, кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта “Тутэйшая шляхта” Вольга Махнач. Яны прысудзілі першыя месцы ансамблю “Лілея” з Косава (у намінацыі “Інструментальная музыка (ансамблі выканаўцаў з 9 да 13 гадоў)”, мінскаму ансамблю народных духавых інструментаў (ансамблі выканаўцаў з 14 да 18 гадоў), Софіі Міранюк з Маларыты ў намінацыі “Інструментальная музыка (сола)” для дзяцей 6—8 гадоў, Лізавеце Піліпук з Маларыты ў намінацыі “Інструментальная музыка (сола)” для дзяцей 9—13 гадоў, Уладзіславу Абадоўскаму з Мінска ў намінацыі “Інструментальная музыка (сола)” для дзяцей 14—18 гадоў, Дар’і Худзяковай з Косава ў намінацыі “Інструментальная музыка (сола)” для ўдзельнікаў старэйшых за 19 гадоў.

На наступны дзень Палац дзяцей і моладзі “Золак” горада Мінска сабраў ужо больш за 120 чалавек, якія спаборнічалі ў намінацыях “Вакал (сола)” і “Вакал (ансамблі)”. Журы ў складзе педагога па вакале Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна Настассі Марчук, саліста ансамбля “Верасы” Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра эстрады Васіля Мельнічака, кіраўніка вакальна-харэаграфічнай студыі з Мінска MAXI BRIZ Ганны Саковіч, лаўрэата першай прэміі конкурсу “Голас Радзімы”, уладальніка медаля Францыска Скарыны, саліста заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Бяседа” Валянціна Кірыленкі і выкладчыка кафедры “Мастацтва эстрады” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў экс-салісткі групы “Яблычная гарбата” Таццяны Лігорскай назвалі пераможцамі наступных экскурсантаў: у намінацыі “Вакал (ансамблі)”, узрост 4—6 гадоў — узорны вакальны ансамбль “Песенька” з Мінска, у намінацыі “Вакал (ансамблі)”, узрост 7—10 гадоў — шоу-гурт BUBLLES з Мінска, у намінацыі “Вакал (ансамблі)”, узрост 11—14 гадоў — узорны вакальны ансамбль “Песенька” (малодшы канцэртны склад) з Мінска, у намінацыі “Вакал (сола)”, узрост 4—6 гадоў — Ілону Стаўбавушкіну з Мінска, у намінацыі “Вакал (сола)”, узрост 7—9 гадоў — Караліну Васільеву з Мінска, у намінацыі “Вакал (сола)”, узрост 10—12 гадоў — мінчанак Ганну Шэвель і Маланню Крнета, у намінацыі “Вакал (сола)”, узрост 13—15 гадоў — Дар’ю Даўжанкову з Мінска.

Самым масавым выдаўся трэці дзень фестывалю — у “Золку” сабралася больш за 250 дзяцей.

А ў складзе журы былі зноў паважаныя асобы: выкладчык кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў харэограф-пастаноўшчык міжнародных і рэспубліканскіх праектаў Павел Стрэльчанка, выкладчык БДУКіМ двойчы стыпендыят спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Мабіна Мунасыпава, салістка Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, стыпендыят спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, уладальніца медаля Францыска Скарыны Юлія Галавіна і намеснік дырэктара дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў № 1 Мінска Вераніка Быкава. У намінацыі “Харэаграфія (4—6 гадоў)” дыплом І ступені атрымаў харэаграфічны калектыў “Каруселька” з мінскай сярэдняй школы № 162, у намінацыі “Харэаграфія (7—10 гадоў)” — харэаграфічны ансамбль “Калейдаскоп” з мінскай сярэдняй школы № 61 і дзіцячы ансамбль “Славяначка” з Драгічынскай дзіцячай школы мастацтваў. У намінацыі “Харэаграфія (11—14 гадоў)” — харэаграфічны калектыў “Карусель” з мінскай сярэдняй школы № 162, у намінацыі “Харэаграфія (15—18 гадоў)” — узорны тэатр танца “Ірыс-шоу” з Палаца дзяцей і моладзі “Золак”.

Галоўны прыз ад арганізатараў конкурсу — акустычную сістэму — атрымала Маларыцкая дзяржаўная дзіцячая школа мастацтваў. Прымаючы адпаведны сертыфікат, выкладчык гэтай установы Маргарыта Сяргееўна Раянтовіч выказала цёплыя словы ўдзячнасці начальніку ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Людміле Расціславаўне Ляхновіч, дырэктару Палаца дзяцей і моладзі “Золак” горада Мінска Ірыне Уладзіміраўне Жарскай і ўсяму калектыву “Золку”. Маргарыта Сяргееўна адзначыла высокі ўзровень арганізацыі фестывалю-конкурсу, атмасферу творчасці і сяброўства падчас яго правядзення, прафесіяналізм журы і выказала запаветнае жаданне: каб дзіцячыя калектывы, якія прымалі ўдзел у гэтым творчым спаборніцтве, сустрэліся ў Маларыце.

Мікола ЧЭМЕР.