Здзяйсняць цуды так проста!

У канцы снежня на базе сярэдняй школы № 78 Мінска адбылося мерапрыемства “Новы год ля варот” у рамках навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. На гэтае свята былі запрошаны дзеці Савецкага раёна з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Прысутнічалі таксама ганаровыя госці: намеснік старшыні Савецкай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Жанна Іванаўна Пахольчык і другі сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання БРСМ Павел Дзежкін, якія ўручылі дзецям навагоднія падарункі.

У свет чароўнай казкі хлопцаў і дзяўчат паглыбіла выступленне кіналагічнага грамадскага аб’яднання “Эліта”. Дзеянне разгортвалася ў хатцы Дзеда Мароза, дзе ён разам са сваёй унучкай збіраў падарункі для дзяцей. Поўны мех з цацкамі, прысмакамі заўважылі разбойнікі. Пакуль Дзед Мароз запрагаў сваіх аленяў, нягоднікі сцягнулі дзіцячыя падарункі. Ім удалося непрыкметна прашмыгнуць прама пад носам у вясёлага кухара і яго вернага памочніка. На дапамогу Дзеду Марозу прыйшлі добры чараўнік са сваімі вучнямі і следапыты. Верныя сябры следапытаў, Гранд і Герміёна, адшукалі прайдзісветаў, а чараўнік зняў з разбойнікаў вядзьмарскія чары, і яны зноў сталі прыстойнымі людзьмі, якім было вельмі сорамна за тое, што нарабілі, калі былі зачараванымі.

А што ж было ў чароўным мяшку Дзеда Мароза? Акрамя падарункаў для хлопчыкаў і дзяўчынак, там былі яшчэ кубкі і граматы для лепшых навучэнцаў школы. Пасля спектакля ўдзельнікі творчых аб’яднанняў школы прадставілі прысутным свае канцэртныя нумары, а выхаванцы аб’яднання “Эліта” Праменьчык, Кэш, Гера, Гранд, Герміёна, Гудвін, якія прымалі ўдзе­л у паказе, ад сябе падарылі навагоднюю фотасесію.

Свята атрымалася яркім, па-дамашняму ўтульным, сагрэтым цяплом дзіцячых сэрцаў. У памяці хлопчыкаў і дзяўчынак надоўга застанецца навагодняя казка, падораная ім дарослымі. Здзяйсняць цуды так проста! Пада­рыць усмешку і радасць дзецям, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі, здольны не толькі чараўнікі, але і ўсе, у каго ў сэрцы жыве дабрыня, бескарыслівае жаданне дапамагчы дзецям, зрабіць іх жыццё ярчэй­шым і больш шчаслівым.

Таццяна МЕСІЧ,
в.а. намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 78.
Фота з архіва школы.