Захапляльныя спосабы развіцця дробнай маторыкі

Развіццё дробнай маторыкі цесна звязана з развіццём маўлення ў раннім узросце. Гэта тлумачыцца тым, што ўчасткі мозга, якія адказваюць за развіццё маўлення і рухі пальцаў, знаходзяцца побач. Развіваючы дробную маторыку ў дзяцей, мы стымулюем развіццё маўлення. Пры выкананні дробных рухаў пальцамі рук у кару галаўнога мозга паступаюць сігналы, што актывізуюць клеткі мозга, якія адказваюць за фарміраванне маўлення дзіцяці. Вось чаму трэба пачынаць займацца развіццём дробнай маторыкі з самага ранняга ўзросту.

Але чамусьці мала хто задумваецца, што працэсу ўдасканалення дробнай маторыкі неабходна ўдзяляць увагу і пасля таго, як дзіця загаварыла. Бо ад таго, наколькі спрытнымі і жвавымі да 5—6 гадоў стануць яго пальчыкі, залежаць поспехі ў навучанні.

Я працую з дзецьмі ранняга ўзросту і, усведамляючы важ­насць развіцця дробнай маторыкі, право­джу з малышамі паглыбленую работу ў гэтым напрамку.

На сваіх занятках выкарыстоўваю цікавыя спосабы развіцця дробнай маторыкі. Пальчыкавая гімнастыка, гульні з пластылінам, каменьчыкамі і гарошынамі, гульні з гузікамі і шнуроўкай — усе гэтыя заняткі дапамагаюць дзіцяці навучыцца быць сапраўдным гаспадаром сваіх далонек і дзесяці пальчыкаў, здзяйсняць складаныя маніпуляцыі з прадметамі, а значыць, падняцца яшчэ на адну прыступку крутой лесвіцы, якая вядзе да вяршынь ведаў і ўменняў. З чаго ж пачаць гэтае няпростае ўзыходжанне?

З пальчыкавай гімнастыкі

Па-першае, гэта патрабуе мінімум часавых затрат і зусім не прадугледжвае нейкіх дадатковых інструментаў, акрамя ручак малыша. Па-другое, пальчыкавай гімнастыкай можна займацца з самымі маленькімі дзецьмі. І, па-трэцяе, малышам яна вельмі падабаецца — яны з задавальненнем паўтараюць за мной усе рухі і словы, так што наша мэта — развіццё дробнай маторыкі — дасягаецца без асаблівых намаганняў.

Сутнасць гімнастыкі ў тым, каб навучыць дзіця з дапамогай пальцаў паказваць нейкія прадметы або жывыя істоты. Пры гэтым усе рухі пальцаў павінны тлумачыцца малышу. Гэта дапамагае дзіцяці разабрацца з паняццямі “зверху”, “знізу”, “правы”, “левы”.

Выкарыстоўваю наступныя статыстычныя практыкаванні:

  1. “Каза”. Выцягнуць наперад указальны палец і мезенец. Пры гэтым сярэдні і безыменны пальцы прыціснуты вялікім пальцам да далоні (2—3 разы пад лічэнне да 10).
  2. “Заяц”. Выцягнуты ўверх сярэдні і ўказальны пальцы. Пры гэтым мезенец і безыменны пальцы прыціснуць вялікім пальцам да далоні (3 разы пад лічэнне да 10).
  3. Сіла тонусу. “Сцісні мае далоні так моцна, як моцна ты любіш мяне”.

Пальчыкавы тэатр

Гэта цікавая дыдактычная гульня, якая стымулюе развіццё дробнай маторыкі, знаёміць дзіця з паняццямі “форма”, “колер”, “памер”, дапамагае развіваць прасторавае ўспрыманне, развівае ўяўленне, памяць, мысленне і ўвагу, дапамагае развіваць слоўнікавы запас і актывізуе маўленчыя функцыі, фарміруе творчыя здольнасці і артыстычныя ўменні, знаёміць з элементарнымі матэматычнымі паняццямі.

Для развіцця дробнай маторыкі рукі на занятках выкарыстоўваю разнастайныя стымулюючыя матэрыялы. Напрыклад:

  1. Гатуем “шакалад з арэхамі” — утыкаем сухі гарох у карычневы брусок пластыліну.
  2. Робім “чупа-чупс” — качаем шарыкі з пластыліну, устаўляем у іх ватныя палачкі, папярэдне зняўшы з іх вату.
  3. “Саджаем градкі” — утыкаем у брускі пластыліну розныя крупы: гарох— саджаем “рэпку”, фасолю — саджаем “бульбу”, мазаіку розных колераў — “памідоры, моркву, агуркі” і г.д.
  4. Пацеркі для мамы — выраб пацерак з макароны розный формы, якія нанізваюцца на тоўстую вяроўку.
  5. “Пірамідкі з сушак” — нанізванне сушак на аловак.
  6. Плямкі — на любую выяву, дзе павінны быць плямкі (жырафа, божая кароўка, далмацінец), дзіця прыклейвае кавалачкі пласты­ліну. У канцы гульні мо­­жна пералі­чыць прыклееныя плямкі.
  7. З агульнай талерачкі, у якую насыпаны макарона, фасоля, раскласці змесціва ў дзве розныя шклянкі. Пагрымець і не рассыпаць. Перасыпаць у бутэлечку, адкруціць накрыўку, закруціць. Пагрымець ціха і гучна, хутка і павольна. Пастукаць бутэлечкай па паверхні стала.
  8. Рабіць “бутэрброды” з губак для мыцця посуду.
  9. Раскладанне гароху ў залежнасці ад колеру на рознакаляровыя сподкі.
  10. Масаж рук грэцкім арэхам.
  11. Маляванне пальчыкамі.
  12. Практыкаванні з прышчэпкамі. Бяром прышчэпкі для бялізны і прышчапляем пазногцевыя фалангі пальцаў (акрамя вялікага) на кожны склад. Прышчэпкі павінны быць не тугія, каб не пашкодзіць пальчыкі дзяцей.
  13. “Рознакаляровыя прышчэпкі”. Сутнасць гульні ў тым, каб навучыць дзіця самастойна прымацоўваць прышчэпкі да сілуэтаў.
  14. “Моцныя далонькі”. Дзіця сціскае гумовыя цацкі. Лепш за ўсё — гумовы вожык, таму што калючкі ўздзейні­чаюць як масажор.
  15. Мазаіка. Спачатку трэба выкладваць простыя фігуры (дарожкі, кветкі, квадрацікі), а потым пераходзіць да больш складаных (домікі, машынкі, елачкі).
  16. Канструктар. Велічыня дэталей і складанасць канструкцыі залежаць ад узросту малыша: пачынаць трэба з самых буйных дэталей і з самых простых канструкцый, напрыклад, з пабудовы вежкі.
  17. “Чароўны паднос”. На паднос тонкім пластом насыпаю манну і праводжу пальчыкам дзіцяці па крупах. Потым паказваю дзіцяці, як маляваць розныя фігуры. Ва ўзросце 2—3 гадоў можна маля­ваць лічбы і літары.
  18. Практыкаванне з круглай шчоткай для валасоў. Бяром круглую шчотку для валасоў. Качаем шчотку паміж далонямі, прыгаворваючы:

“У сосны, у пихты, у ёлки,

Очень колкие иголки.

Но ещё сильней, чем ельник,

Вас уколет можжевельник”.

  1. Практыкаванні з гузікамі. Падбіраем гузікі рознага колеру і памеру. Спачатку выкладаем малюнак самі, потым просім малышоў зрабіць тое ж самастойна. Пасля таго як дзеці навучацца выконваць заданне самастойна, прапануем ім прыдумваць свае варыянты малюнкаў. З мазаікі з гузікаў можна скласці матылька, снегавічка, мячыкі, пацеркі і г.д.
  2. Масаж кісцей рук, які спрыяе зняццю напружання, трывожнасці.

Калі рухі кісці сталі ўпэўненымі, дакладнымі, можна пераходзіць да наступнага этапу, накіраванага на развіццё розных тыпаў захоплівання (кулаком, трыма пальцамі), уменне выконваць розныя дзеянні пальцамі (расстаўляць, сціскаць пальцы, выдзяляць адзін палец). Адпрацоўваецца ўзгодненая работа абедзвюх рук дзяцей з дапамогай гульняў з выкарыстаннем пальчыкавага басейна (“Схавай рукі”, “Знайдзі цацку”), пальчыкавай гімнастыкі з маўленчым суправаджэннем, гульняў з пяском, дапаможніка “Сартавальнік”, трэнажораў з коркамі, сюжэтна-ролевых гульняў, працоўнай дзейнасці, гульняў з магнітамі, практыкаванняў на праштурхоўванне, практыкаванняў на шнуроўку, практыкаванняў з вадой.

Выкарыстоўваючы цікавасць малышоў да гульняў з вадой, праводжу такія практыкаванні: “Вылаві з вады” (дзіцяці прапануецца вылавіць сітам цацку, якая плавае), “Не разлівай” (пераліванне вады), “Што на дне?” (неабходна знайсці на дне каменьчыкі і іншыя рэчы, якія тонуць) і г.д.

Такім чынам, адбываецца актыўная трэніроўка пальцаў, якая неабходна для гульні “Люстрана-пясочнае царства”. У ёй выкарыстоўваю не толькі пясок, але і муку, соль, асабліва для адлюстравання зімовых гісторый. Для гульні бярэцца каробка, на дне якой ляжыць люстэрка і насыпана мука. Дзеці пальчыкам во­дзяць па муцэ, рассыпанай на люстэрку. Пры гэтым яны бачаць свой адбітак, што вельмі радуе іх. Выкарыстанне гэтага прыёму спрыяе ўзбагачэнню слоўнікавага запасу дзяцей, развіццю звязнага маўлення, у тым ліку творчага расказвання.

Для ўдасканалення тонкіх рухаў кісці выкарыстоўваю дапаможнік “Сартавальнік”. З ім праводзіцца некалькі варыянтаў практыкаванняў: раскласці пальчыкамі пацеркі ў ячэйкі палітры, рассартаваць дробную садавіну-агародніну па кантэйнерах патрэбнага колеру (“Збяры ўра­джай”), раскласці шчыпцамі для цукру каляровыя прадметы (ракавінкі, каменьчыкі, пацеркі) у ёмістасці патрэбнага колеру, перабраць гузікі, адбіраючы патрэбныя па колеры або памеры, і г.д.

Развіццё тактыльных адчуванняў пальцаў рук праводжу з дапамогай гульняў і масажу з прыродным і падручным матэрыялам, пальчыкавых гульняў, практыкаванняў у пальчыкавым басейне, гульняў з пяском і вадой. Таксама выкарыстоўваю дапаможнік “Тактыльныя далонькі” — дзіцяці прапаноўваецца абмацаць кожны ўзор тканіны, потым знайсці такі ж. Вызначыўшы навобмацак розныя віды тканін, дашкольнікі характарызуюць свае адчуванні і суадносяць узор тканін з прадметам. Выкарыстоўваю і прыём, які развівае тонкую адчувальнасць пальцаў, — прапаноўваю знайсці схаваныя ў цеста гарох, рыс, проса (гульня “Зной­дзем корм для птушак”).

Выбіраючы метады развіцця ў дзіцяці дробнай маторыкі рук, рэкамендую звяртаць увагу на ўзрост і схільнасці да таго ці іншага віду дзейнасці.

Юлія ЧАРНЯЎСКАЯ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 24 Салігорска.