Яблычны смак перамогі

5 мая ў сярэдняй школе № 34 Мінска прайшоў фінал фестывалю па падтрымцы маладых і таленавітых педагогаў “Зялёны яблык — 2017”. Свята адбылося пад дэвізам 

“Ісці ўперад — значыць не ісці назад”.


Фестываль стартаваў яшчэ ў сакавіку. За плячамі фіналістаў ужо застаўся важны этап конкурсу — адкрыты ўрок. Шэсць маладых педагогаў на працягу двух месяцаў давалі адкрытыя ўрокі, абменьваліся думкамі аб іх правядзенні, вучыліся адно ў аднаго метадычным прыёмам і асвойвалі новыя, паказвалі сябе ў ролі кампетэнтных настаўнікаў. Але ўсю палітру эмоцый канкурсантам прыйшлося адчуць на самапрэзентацыі — фінальным іспыце конкурсу. Удзельнікам фестывалю неабходна было прэзентаваць сваю педагагічную ідэю ці крэда. У склад журы, якое ацэньвала і адкрытыя ўрокі, і фінальныя выступленні канкурсантаў, увайшлі адміністрацыя школы і лепшыя яе педагогі.

— Як птушка, пачынаючы свой палёт, набірае ў грудзі паветра, так і нашы маладыя педагогі толькі набіраюцца паветра ў сценах роднай школы, дзе настаўнікі ставяць іх на ногі. Вучыце і вучыцеся самі, любіце сваю прафесію і сябе ў прафесіі,— звярнулася да канкурсантаў старшыня журы конкурсу дырэктар школы Святлана Міхайлаўна Сацукевіч.

На фінальным выступленні-самапрэзентацыі маладая настаўніца біялогіі Вікторыя Мікалаеўна Кісялевіч прэзентавала інсцэніроўку з самымі яркімі ўспамінамі свайго жыцця і выканала танец. Настаўніца пачатковых класаў Аліна Ігараўна Бабко разам са сваімі навучэнцамі прадставіла, з якіх якасцей складаецца прафесія настаўніка, і паказала, як выглядае педагог вачыма дзяцей. “Настаўнік пачатковых класаў — таленавіты чалавек, творца дзіцячых душ, які да кожнага свайго маленькага вучня шукае асабісты ключык. Калі ён праяўляе любоў да справы і да вучняў — гэта дасканалы настаўнік”, — пераканана Вікторыя Мікалаеўна.

Настаўніца матэматыкі Кацярына Сяргееўна Жукоўская склала са сваімі вучнямі рознакаляровую вясёлку. “Кожны педагог, нібы вясёлка, змяшчае ў сабе розныя колеры. І кожны колер мае сваё значэнне”, — упэўніла гледачоў малады педагог.

Юлія Міхайлаўна Тажун, настаўніца англійскай мовы, паказала гумарыстычнае відэа з дэтэктыўнай гісторыяй па пошуку лепшага маладога настаўніка ў роднай школе і рэзюмавала: “Мая задача як настаўніка — даць магчымасць кожнаму вучню паверыць у сябе, усведамляць свой талент і здольнасці”.

Настаўніца геаграфіі Аксана Віктараўна Жданава паказала, як прадмет, які яна выкладае, адлюстроўвае ўсю неабмежаванасць прафесіі настаўніка. “Калі не жывеш і не дыхаеш тым, што робіш, нішто не дапаможа запаліць агонь у сэрцах вучняў. Няхай у кожным з нас, настаўнікаў, будзе сваё сонца, якое дасць магчымасць сагрэцца дзіцячаму сэрцайку”, — пажадала ўдзельніца конкурсу.

Дар’я Атарыеўна Лосева, канкурсантка, маладая настаўніца англійскай мовы, у вершаванай форме паказала гледачам, якім разнастайным і яркім з’яўляецца яе ўнутраны свет. “Мой свет складзены з радасных і шчаслівых дзіцячых твараў”, — прызналася яна.

Рашэнне вылучыць сярод канкурсантак лепшую маладую настаўніцу школы далося журы цяжка — такімі таленавітымі і яркімі паказалі яны сябе. Пераможцай фестывалю “Зялёны яблык” стала настаўніца англійскай мовы Юлія Міхайлаўна Тажун. На другім месцы апынулася настаўніца біялогіі Вікторыя Мікалаеўна Кісялевіч, на трэцяй прыступцы — настаўніца геаграфіі Аксана Віктараўна Жданава. Але няважна, за кім засталася перамога ў конкурсе, таму што ў такім свяце педагогікі не можа быць прайграўшых. Сведчанне таго — падтрымка маладых настаўнікаў-канкурсантаў калегамі, гледачамі і, самае галоўнае, любоў вучняў.

У цырымоніі ўзнагароджання прымалі ўдзел і ганаровыя госці фестывалю: Аляксей Мікалаевіч Сокал, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканамічнай палітыцы; Аксана Аляксандраўна Нікіціна, намеснік старшыні Савецкай раённай арганізацыі Мінска “Белая Русь”; Анатоль Сільвестравіч Сячко, начальнік упраўлення каардынацыі метадычнай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі; Валянціна Леанідаўна Маеўская, намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі метадычнай работы МГІРА; Таццяна Уладзіміраўна Дымкова, метадыст аддзела па арганізацыі навучання менеджараў адукацыі і дзяржслужачых МГІРА, і Алена Іванаўна Бадранкова, метадыст МГІРА.

Асабіста былі адзначаны педагогі школы, якія не толькі дапамагалі ўдзельнікам фестывалю рыхтавацца да конкурсных іспытаў, але і сістэмна працуюць з маладымі педагогамі ў рамках настаўніцтва: Святлана Генадзьеўна Зыкава, настаўніца нямецкай мовы, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы, Вольга Аляксееўна Дасюкевіч, настаўніца пачатковых класаў, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў, Людміла Пятроўна Дзятко, настаўніца матэматыкі, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў матэматыкі.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.