Вясёлкавы тыдзень

“Я — пяцікласнік” — гучыць горда і амбіцыйна. Заканчэнне пачатковай школы і пераход у іншы статус — адзін з важных момантаў жыцця навучэнца. У той жа час гэты перыяд самы складаны. З першых дзён школа ўстанаўлівае шэраг задач, не звязаных напрамую з папярэднім вопытам дзіцяці, але якія патрабуюць прыняцця ўсё новых выклікаў, пераадолення нестандартных сітуацый, прытрымлівання рэжыму. З’яўляюцца раней не вядомыя і не заўсёды прывабныя абавязкі. Дзіця ўвесь час знаходзіцца ў стане адаптацыі. Галоўная яго задача — працягваць засвойваць сістэму міжасобасных адносін і падтрымліваць школьную сістэму.

Аранжавы дзень.

Ці здольны класны кіраўнік аказаць падтрымку дзіцяці ў гэты няпросты перыяд? Так, здольны. І найперш здольны паўплываць на агульную атмасферу асяроддзя, якое акружае навучэнца.

У сценах школы самым аўтарытэтным дарослым чалавекам для дзіцяці становіцца настаўнік. Задача класнага кіраўніка — падтрымаць адчуванне паспяховасці навучэнца, знізіць драматычнае ўспрыманне сітуацыі, дапамагчы паразважаць: можа, усё зусім не так, як яму здаецца ўнутры сваёй ракавінкі? Эмацыянальны стан — гэта комплекс пачуццяў, эмоцый, перажыванняў, якія ў пэўны момант існуюць у арганізме чалавека. Прырода іх з’яўлення спантанная, а працягласць іх жыцця непрадказальная. Асабліва хутка ўзнікаюць і востра перажываюцца, трансфармуюцца эмоцыі ў падлеткавым перыядзе. Пры гэтым галоўнае нават не разуменне прыроды іх узнікнення, а спосабы іх прадукцыйнага перажывання.

У 5 класе школьнікі ўступаюць у новы перыяд — падлеткавы. У гэтым узросце яны павінны будуць перажыць найважнейшы асобасны крызіс — крызіс ідэнтычнасці.

Стан навучэнца 5 класа на працягу першага паўгоддзя параўнальны са станам стрэсу, які характарызуецца фізіялагічнымі рэакцыямі чалавека, што ўзнікаюць пры адказах арганізма на экстрэмальныя патрабаванні навакольнага асяроддзя. Большасць падлеткаў бачыць свет вакол сябе дастаткова аднатыпна. Звычайна ён мае шэры і нават чорны колер, што на мове эмоцый азначае негатыўнае ўспрыманне.

Ёсць дзіцячая гульня — глядзець праз каляровыя шкельцы. Сіняе шкло — і свет становіцца сур’ёзным, строгім, нават сумным. Жоўтае — хочацца ўсміхнуцца, нібы надышло свята. На першы погляд, несур’ёзны і бессэнсоўны занятак. Аднак так лёгка за імгненне мы памянялі свой настрой і бачанне свету.

Сіні дзень.

Зараз колер не мае настолькі вялікага значэння, як у старажытнасці, яго не абагаўляюць, а ацэньваюць з пункту погляду адчуванняў, што ўзнікаюць на глядзельных аналізатарах. Нягледзячы на гэта, цяжка не адзначыць яго дабратворнае ўздзеянне на эмацыянальны фон чалавека. Колер — гэта вынік складанага і шматузроўневага ўзаемадзеяння аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў і ўмоў глядзельнага ўспрымання.

Эмацыянальная адчувальнасць праяўляецца таксама ў наладжванні кантактаў з настаўнікамі. Школьнікі шукаюць зносін па-за ўрокамі — для іх гэта важна, ім хочацца зацікавіць педагога сабой, атрымаць падтрымку.

Але асабліва прыкметная эмацыянальная адчувальнасць у адносінах з аднагодкамі. Узрастае канкурэнцыя як паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, так і паміж класамі. Узнікае саперніцтва сярод дзяўчынак і сярод хлопчыкаў. Пачынаецца барацьба за ўплыў у класе. Падлеткам хочацца, каб навакольныя прыслухоўваліся да іх, дзейнічалі па іх жаданні. У гэты час павялічваецца колькасць сварак, крыўды. Гэта адбываецца не ад амаральнасці, а ад няведання іншых спосабаў самасцвярджэння.

З мэтай садзейнічання камфорту і стабілізацыі эмацыя­нальнага стану ў перыяд адаптацыі малодшых школьнікаў у сярэдняй школе № 56 Мінска прайшоў “Вясёлкавы тыдзень”. Кожны дзень тыдня меў свой настрой і быў афарбаваны адпаведным колерам.

Панядзелак — чырвоны (энергія, імкненне да актыўнай дзейнасці).

Аўторак — аранжавы (актыўнасць і добра развіты творчы пачатак).

Серада — жоўты (актыўнасць, імкненне да зносін).

Чацвер — зялёны (упэўненасць).

Пятніца — блакітны, сіні, фіялетавы (спакой).

Цэлы тыдзень, ідучы па вясёлцы свайго настрою, навучэнцы маглі афарбаваць свой свет у розныя колеры і тым самым аблягчыць працэс прывыкання да новых умоў, назапасіць сілы для новых перамог і дасягненняў.

Каласальна важная задача таксама — даць адчуванне веры ў сябе (бо найбольш балюча дзеці ўспрымаюць крытыку аднагодкаў), прызнанне, павагу да сябе як асобы.

Паколькі ў пачатку падлеткавага крызісу перад дзецьмі з’яўляецца праблема прызнання асабістай значнасці, класнаму кіраўніку асабліва важна адзначаць іх унікальнасць, даваць разумець кожнаму, што яго бачаць, заўважаюць, цэняць.

Пяцікласнікі яшчэ не ведаюць, у чым заключаюцца асаблівасці іх індывідуальнага пазнавальнага стылю, не ўсведамляюць уласных магчымасцей, таму яны не ўмеюць прасіць дапамогі з пазіцыі дарослага, а хочуць апекі, ласкі менавіта ад класнага кіраўніка. Іх трэба навучыць успрымаць няўдачы як вучэбныя моманты, што патрабуюць рацыянальнага падыходу, паказаць ім, як неабходна фармуляваць просьбу аб дапамозе.

Адбываецца бесперапыннае развіццё, з’яўляюцца крызісныя скачкі, маленькія трагедыі і перамогі. Абодва бакі знахо­дзяцца ў адаптацыйным перыядзе, і да яго трэба, як бы дзіўна гэта ні гучала, вучыць прыстасоўвацца. Чым больш будзе жыццярадасных момантаў у дзіцяці, тым мацнейшай будзе яго псіхалагічная абарона і ўнутраная ўпэўненасць у сабе.

Валянціна ВІРОНІНА,
настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 56 Мінска;
Марына ШЧЫТЛЯК,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 56 Мінска.