Вучым англійскую з цікавасцю

Прадметныя тыдні ў сярэдняй школе № 2 Смалявіч з’яўляюцца адной з самых цікавых форм пазакласнай работы. Навучэнцы маюць добрую магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці, ініцыятыву, уменне самастойна падыходзіць да вырашэння розных задач.

Тыдзень англійскай мовы ў мінулым навучальным годзе быў распланаваны такім чынам, каб былі ахоплены навучэнцы ўсіх ступеней навучання. Улічваліся інтарэсы навучэнцаў пры падрыхтоўцы сцэнарыя тыдня, каб яны маглі цалкам творча раскрыцца. Настрой свята, моўная атмасфера ствараліся з дапамогай музычнага афармлення, англійскіх гумарыстычных выслоўяў і выказванняў, маляўніча аформленых насценгазет пра гарады, святы і традыцыі краін, мова якіх вывучаецца, праглядам відэафільмаў на англійскай мове. Усе вучэбныя кабінеты былі пазначаны на англійскай мове так, што кожны мог адразу заўважыць: у школе праходзіць прадметны тыдзень.


Кожны дзень тыдня быў сугучны з вызначаным напрамкам дзейнасці. Усё гэта дазволіла мэтанакіравана фарміраваць пазнавальную цікавасць вучняў, пашыраць кругагляд і сферы прымянення атрыманых ведаў і ўменняў. Так, панядзелак быў Днём інтэлектуала. У гэты дзень праводзіліся конкурс “Ці ведаеш ты Вялікабрытанію?” для 7-х класаў, гульня-віктарына In the Zoo для чацвёртакласнікаў, выстава It’s Interesting to Know. У аўторак — Дзень паэзіі — былі праведзены конкурс на лепшага чытальніка верша на англійскай мове сярод шасцікласнікаў і праслухоўванне вершаў на англійскай мове на ўроках ва ўсіх класах. Серада — Дзень творчасці. Прайшоў конкурс відэаролікаў на англійскай мове “Чаму я вывучаю англійскую мову”, прагляд відэаролікаў на перапынках і ўроках у старшых класах, конкурс насценгазет для навучэнцаў 5—7 класаў. У чацвер — Дзень форум-тэатра — мы праводзілі інсцэніроўку казкі “Чырвоная Шапачка”, урок A Wonderful World of Fairy Tales, а таксама глядзелі мультфільмы на англійскай мове. І, вядома ж, самым цікавым днём мы пастараліся зрабіць закрыццё тыдня. У гэты дзень у школе было шмат гасцей у рамках правядзення раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы. Спачатку іх запрасілі ў чайны пакой для знаёмства з чайнымі традыцыямі краіны, мова якой вывучаецца, і роднай Беларусі. Удзельнікі форум-тэатра расказалі пра цікавыя рэцэпты і правілы заварвання чаю ў розных краінах. Чайная цырымонія праходзіла на фоне відэароліка пра карысць чаявання, знятага старшакласнікамі.

Затым гасцям было прапанавана ста ць членамі журы школьнага “Еўрабачання”. Гэтым грандыёзным мерапрыемствам мы штогод завяршаем Тыдзень замежнай мовы. Зараз было шэсць удзельнікаў — навучэнцаў 6—11 класаў. Лозунг “Ніводнага слова на рускай мове” рабіў конкурс асабліва цікавым. Цяжка было выбраць пераможцу, бо ўсе ўдзельнікі — таленавітыя, творчыя выканаўцы песень на англійскай мове.

Настаўнікі англійскай мовы пастараліся зрабіць мерапрыемствы тыдня цікавымі, займальнымі, інтэрактыўнымі, што выклікала вялікую цікавасць ва ўсіх навучэнцаў школы. І, мяркуючы па рэакцыі і саміх навучэнцаў, і нашых гасцей, у нас гэта атрымалася.

Тамара БОЛБАС,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Смалявіч.