Веды+крэатыў=перамога

На пачатку сакавіка навучэнцы 9-х класаў сталічных устаноў адукацыі праверылі свае веды, патрэніравалі логіку і адвастрылі крэатыўнае мысленне на гарадскім конкурсе “Дзівосны свет фізікі”, які праводзіўся на базе Ліцэя № 1 Мінска і БДУІР.


Ідэйны натхняльнік, адзін з арганізатараў конкурсу “Дзівосны свет фізікі”, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ліцэя № 1 Мінска Алена Сцяпанаўна Атрушкевіч пераканана, што спаборніцтва “Дзівосны свет фізікі”, якое збірае школьнікаў у ліцэі ўжо на працягу трох гадоў, дэманструе, здавалася б, складаную і сухую навуку з незвычайнага — крэатыўнага і пазітыўнага — боку.

“Больш за 20 гадоў я працавала настаўніцай матэматыкі, і заўсёды з задавальненнем удзельнічала са сваімі вучнямі ў розных матэматычных конкурсах, якія былі арганізаваны асобна для кожнай паралелі: “Юны матэматык”, “Сцяжынкамі матэматыкі”, “Па слядах Піфагора” і г.д., — расказала А.С.Атрушкевіч. — Стаўшы намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў Ліцэі № 1 Мінска, я пачала курыраваць фізічны кірунак і ўбачыла, што попыт на такія спаборніцтвы ў галіне фізікі большы, чым прапанова. Конкурсаў, якія б развівалі пазнавальную цікавасць у гэтай навуцы і былі б па сілах не толькі гімназістам, але і звычайным школьнікам, практычна няма ў Мінску. Некалькі гадоў назад мы з аднадумцамі — настаўнікамі ліцэя — вырашылі запоўніць гэты прабел і арганізавалі разумовае спаборніцтва “Дзівосны свет фізікі” для навучэнцаў 9-х класаў Маскоўскага раёна Мінска. Аналізуючы вынікі, прыйшлі да высновы, што конкурс выклікае цікавасць у падлеткаў дзякуючы сваёй гульнявой форме, ён пакарае незвычайнасцю і дынамічнасцю, паказвае, што фізіка — навука цікавая і практыка-арыентаваная, нарэшце, дазваляе вырашыць галоўную праблему навучання — умацаваць матывацыю да вывучэння і прывіць пазнавальную цікавасць да складанага прадмета. У ліцэі адкрыты 4 фізіка-матэматычныя класы на кожную паралель. Таму такія спаборніцтвы з’яўляюцца для нас выдатнай формай прафарыентацыйнай работы: калі мы прааналізавалі спісы гульцоў і спісы паступіўшых у ліцэй 10-класнікаў, убачылі адны і тыя ж прозвішчы. Такім чынам, у чымсьці дзякуючы конкурсу да нас прыйшлі цікаўныя і здольныя навучэнцы”.


У гэтым годзе пры падтрымцы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама спаборніцтвы пашырылі сваю геаграфію і набылі статус гарадскіх. Да ўдзелу арганізатары запрасілі не толькі Маскоўскі раён Мінска, але і навучэнцаў устаноў адукацыі з усяго горада. Адбыліся змены і ў конкурснай праграме: упершыню конкурс быў праведзены ў два этапы. Першы, адборачны, этап, у якім прымалі ўдзел 90 каманд па 4 прадстаўнікі ў кожнай, традыцыйна праходзіў на базе ліцэя на працягу 3 дзён — з 27 лютага па 1 сакавіка.

За камандамі школьнікаў у якасці гіда быў замацаваны ліцэіст, які дапамагаў ім прайсці па гульнявым маршруце, сачыў за тым, каб навучэнцы не парушалі правіл гульні, праводзіў рэфлексію пасля кожнай лабараторыі. Падчас конкурсу ўдзельнікі прайшліся па ўсіх раздзелах фізікі і астраноміі. Назвы лабараторый, якіх на маршруце школьнікаў сустрэлася ажно 6, гаварылі самі за сябе: “Інжынерны конкурс”, “Схаваны сэнс”, “Свет астраноміі”, “Фізічная анамалія”, “Эксперыментальная фізіка”, “Вакамер”. У кожнай з іх трэба было выканаць пэўныя заданні. Удала пройдзеныя лабараторыі каштавалі 10 балаў, на вырашэнне пытанняў давалася 10 хвілін. Напрыклад, у лабараторыі “Эксперыментальная фізіка” канкурсантам прапанавана было рашыць дзве задачы па тэме “Магнітныя палі”: адна — больш простая, на 3 балы, другая — больш складаная, прынесла ўдзельнікам 7 балаў. Арганізатары ўпэўнілі, што веды, якія трэба было прымяніць пры рашэнні задач, не выходзілі за рамкі школьнай праграмы. Але складанасць заданняў была ў тым, што некаторыя з тэм школьнікі вывучалі даволі даўно — у 7 і пачатку 8 класа, таму падчас пошуку рашэння ім трэба было ўспомніць той ці іншы школьны матэрыял.

“Каб справіцца з заданнямі лабараторыі, школьнікі павінны разумець уласцівасці магнітаў, ведаць электрамагнітныя з’явы, закон Ома, правіла свярдзёлка і нават выкарыстаць компас. Такім чынам заданні не тэарэтычныя, а хутчэй практыка-арыентаваныя, у якіх жыццёвая сітуацыя ўплятаецца ў навуку”, — расказаў распрацоўшчык задач для лабараторыі “Эксперыментальная фізіка” настаўнік фізікі і астраноміі Ліцэя № 1 Мінска Уладзімір Міхайлавіч Грэбень.

У гэты ж час у іншай лабараторыі іншыя канкурсанты з дапамогай некалькіх бытавых прадметаў (трубачак для напіткаў, цэлафанавых пакетаў, ватных дыскаў і г.д.) ратавалі курынае яйка ад разбіцця пры падзенні. Удзельнікі лабараторыі аднесліся да задання з фантазіяй і за 10 хвілін паспелі пабудаваць для яек сапраўдныя лятальныя апараты. Пасля вынаходствы правяраліся на спецыяльна арганізаваных выпрабавальных станцыях — пераносных лесвіцах.

Такім чынам, на конкурсе віталіся не толькі веды, але і крэатыўны падыход з навуковым абгрунтаваннем. Кіравалі работай лабараторый ліцэісты, якія папярэдне прайшлі падрыхтоўку, дапамагалі настаўнікам складаць заданні для гульні, размяркоўваць балы за іх, арганізоўваць афармленне лабараторый. Падчас спаборніцтваў дзесяці- і адзінаццацікласнікі ліцэя выступілі ў ролі журы. У выніку фізічных выпрабаванняў у фінале апынуліся 9 каманд.

Ліцэй № 1 ужо шмат гадоў супрацоўнічае з БДУІР. Разам са студэнтамі гэтай УВА ліцэісты пішуць навуковыя работы, выступаюць на студэнцкіх навукова-практычных канферэнцыях, прымаюць удзел у днях адкрытых дзвярэй на факультэтах БДУІР, дзе праслухоўваюць лекцыі па профільных прадметах. Заключны этап фізічных спаборніцтваў, які сабраў фіналістаў 3 сакавіка ў БДУІР, адбыўся менавіта ў гэтай УВА.

Вызначыць самую моцную з каманд дапамаглі 20-хвілінны конкурс нясумных заданняў, складзеных арганізатарамі, і захапляльная віктарына “Свая гульня”, заснаваная на канцэпцыі добра вядомага тэлешоу. Дарэчы, склалі і распрацавалі гульню ліцэісты пад кіраўніцтвам свайго настаўніка фізікі Яўгена Васільевіча Лебедзева. Заданні ў віктарыне былі размеркаваны па намінацыях рознага кошту — ад 8 да 50 балаў. Каманды самі выбіралі намінацыю і вырашалі, наколькі складанае заданне ім узяць. Па выніках пераможцай “Дзівоснага свету фізікі” стала каманда гімназіі № 56 Мінска, якая набрала ў конкурсе 210 балаў.

Ва ўзнагароджанні канкурсантаў прыняў удзел першы прарэктар БДУІР Сяргей Канстанцінавіч Дзік. “Спадзяюся, удзел у гэтым конкурсе стане для вас першай прыступкай да кар’еры. Калі вы выявілі ў сабе цікавасць да фізікі або іншых дакладных навук, не губляйце яе, не апускайце рукі перад цяжкасцямі і ўжо праз некалькі гадоў зможаце стаць студэнтамі нашай вышэйшай навучальнай установы”, — натхніў ён удзельнікаў.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.