Увойдзем у свет кнігі разам

Адсутнасць цікавасці да чытання і кнігі ў сучасных школьнікаў — адна з галоўных праблем, якія хвалююць мяне як педагога. Мала хто памятае, што кніга — гэта не толькі крыніца ведаў, але і магчымасць правесці час цікава, з карысцю. Такая праблема так ці інакш уплывае на далейшае развіццё і навучанне дзіцяці.


Педагагічны праект “Фарміраванне ўстойлівай цікавасці навучэнцаў да кнігі і чытання шляхам узаемадзеяння сям’і, установы адукацыі, соцыуму”, які рэалізоўваецца на базе нашай установы адукацыі з 2015 года, накіраваны на сумеснае выхаванне цікавасці і любові да кнігі ў дзяцей і бацькоў, імкненне зносін з ёй, уменне слухаць і разумець мастацкі тэкст.

На падрыхтоўчым этапе работы над праектам была сфарміравана творчая група, якая вывучыла навукова-метадычную літаратуру па праблеме фарміравання цікавасці да кнігі, чытання, быў праведзены аналіз існуючых педагагічных падыходаў да вырашэння гэтай праблемы. Анкетаванне бацькоў “Сямейнае чытанне”, апытанне “Месца кнігі ў маім жыцці”, бацькоўскі сход “Тата, мама, я — чытаючая сям’я” далі магчымасць вывучыць адносіны бацькоў да гэтага пытання, вынікам чаго стала стварэнне сямейнага чытацкага клуба “Разам з кнігай мы расцём”. Зацікаўленасць педагогаў, бацькоў, работнікаў бібліятэкі раённага цэнтра традыцыйнай культуры аграгарадка Мажа спрыяла планаванню змястоўнай дзейнасці па рэалізацыі праекта.


У нашай установе ўжо тры гады праводзіцца плённая работа ў гэтым кірунку для розных узроставых катэгорый вучняў. Укараненне і апрабацыя новых форм работы і элементаў педагагічных тэхналогій, сістэма разнастайных відаў дзейнасці па фарміраванні цікавасці да кнігі і чытання — гэта неад’емны складнік нашай штодзённай работы.

Кожную раніцу з усмешкай і добрым настроем у дашкольнай рознаўзроставай групе сустракаюць дзяцей выхавальніцы Таццяна Мікалаеўна Купрыянчык і Наталля Анатольеўна Астрэйка. Любоў да дзяцей, адказнасць і педагагічны вопыт нашых педагогаў даюць магчымасць арганізаваць адукацыйны працэс у групе з улікам работы па рэалізацыі плана праекта. Напрыклад, праводзяцца штодзённыя вечары чытання мастацкай і пазнавальнай літаратуры, якія суправаджаюцца паказам цацак, карцінак, персанажаў настольнага тэатра і іншых сродкаў нагляднасці. З вялікай цікавасцю дзеці інсцэніравалі казку “Маша і мядзведзь”, увазе бацькоў быў прадстаўлены спектакль на фланелеграфе “Мішка”, разам з педагогамі дзеці стварылі тэатр конуснай цацкі “Зайчыкава хацінка”.


Формы работы, якія выкарыстоўвае педагог дашкольнай адукацыі Таццяна Леанідаўна Маргалік у рознаўзроставай групе, разнастайныя. Гэта і тэматычныя вечары (вечар казак “Пасядзім-паслухаем”, вечар загадак “Загадкі з казкі”), сюжэтна-ролевыя гульні (“Кніжчын магазін”, “Бібліятэка”, “Кніжчына бальніца”), тэатралізаваныя гульні (гульня-драматызацыя і гульня з фігуркамі розных відаў настольнага, пальчыкавага і лялечнага тэатра) па тэкстах знаёмых літаратурных твораў, выкарыстанне прадметна-схематычнай выявы зместу літаратурнага тэксту ў малюнках, арганізацыя тэматычных выстаў у “Кутку кнігі” (“Казкі К.Чукоўскага”, “Беларусь мая сінявокая”, “У гасцях у часопіса “Буся”, “Залатая восень”), конкурс малюнкаў “Мой любімы казачны герой”. Гасцёўня “Каб не згубіць каштоўнае штосьці” ў дашкольнай групе інтэграванага навучання і выхавання вылучаецца дэманстрацыяй Таццянай Леанідаўнай прыгажосці гучання роднай мовы, заклікам ведаць і ўжываць яе ў штодзённым маўленні. Штодзень выхавальніца чытае дзецям творы мастацкай літаратуры, у сваю чаргу дзеці дзеляцца ўражаннямі пра кнігі, прачытаныя ім бацькамі дома.


Настаўнікі пачатковых класаў Ірына Антонаўна Капарыха, Галіна Аляксандраўна Зайцава, Анжэла Васільеўна Маліноўская, Яна Леанідаўна Макаўчык, выхавальнікі ГПД Вольга Аляксандраўна Жукоўская, Аксана Уладзіміраўна Халыкіна праводзяць штодзённую плённую работу па рэалізацыі праекта з вучнямі 1—4 класаў. Пяціхвіліннае чытанне — прывычны пачатак кожнага ўрока. Штотыднёвая акцыя “Чытанне — шлях да поспеху” ў нашай установе стартавала ў рамках педагагічнага праекта ў мінулым навучальным годзе. Вучні 1 класа штотыднёва падавалі пералік кніг, прачытаных разам з бацькамі, а 2—4 класаў — пералік кніг, прачытаных за тыдзень самастойна. Абмеркаванне твораў праходзіла на класных і інфармацыйных гадзінах. У канцы года падвялі вынікі: у кожным класе вызначылі самага актыўнага чытача, які быў узнагароджаны памятным падарункам і граматай “Самы актыўны чытач установы” і самая чытаючая сям’я, якой была аб’яўлена падзяка за захаванне традыцыі сямейнага чытання.

Пра разнастайнасць форм правядзення класных, інфармацыйных гадзін і пазакласных мерапрыемстваў літаратурнай скіраванасці гавораць штомесячныя фотасправаздачы, размешчаныя на сайце нашай установы. Літаратурныя рынгі, караоке і конкурсы, тэатралізаваныя паказы, інтэлектуальныя марафоны, інсцэніроўкі казак, калектыўна-творчыя справы, выставы малюнкаў па казках, тэматычныя выставы, штотыднёвае наведванне бібліятэкі, экскурсійная паездка ў Нацыянальную бібліятэку — вось невялікі пералік работы, якая праводзіцца педагогамі з нашымі дзецьмі ў рамках праекта.

Яркім і запамінальным быў літаратурны вернісаж “Тут мой край, мае вытокі”, дзе вучні 1—4 класаў чыталі вершы свайго сачынення. Мерапрыемства “Паэтычны вернісаж”, у якім першакласнікі і выхаванцы групы інтэграванага навучання і выхавання дэкламавалі вершы беларускіх аўтараў пра нашу родную мову, паказала, што чытаць беларускія творы — адно задавальненне.


За час рэалізацыі праекта ва ўстанове ўжо выдадзены два зборнікі вершаў уласнага сачынення “Я говорю с тобой стихами…” і “Душа моя, открытая стихам…”.

Вялікую дапамогу ў рэалізацыі праекта аказваюць педагогам работнікі бібліятэкі раённага цэнтра традыцыйнай культуры аг. Мажа. Сумесна праведзеныя святы і мерапрыемствы застаюцца надоўга ў памяці нашых дзяцей. Эколага-краязнаўчы экскурс “Ёсць на маёй Радзіме дрэвы”, патрыятычна-выхаваўчы ўрок “Зямля пад белымі крыламі”, літаратурная гасцёўня “Свет беларускай дзіцячай літаратуры” — мерапрыемствы, якія знаёмяць нашых дзяцей з багатым светам беларускай дзіцячай літаратуры, развіваюць цікавасць да вывучэння беларускай мовы.

Сямейны чытацкі клуб “Разам з кнігай мы расцём” створаны ва ўстанове з мэтай абуджэння цікавасці вучняў і іх бацькоў да сумеснага чытання і творчасці. Пасяджэнні чытацкага клуба праводзяцца адзін раз у квартал у адпаведнасці з зацверджаным планам работы. Бацькам прапануюцца буклеты, раздрукоўкі з рэкамендацыямі, заданнямі і практычнымі матэрыяламі, якія могуць выкарыстоўвацца ў працэсе зносін з дзіцем. На пасяджэннях дэманструецца літаратура, якая дапамагае дзецям у штодзённай вучэбнай рабоце і агульным інтэлектуальным развіцці: слоўнікі, энцыклапедыі, навукова-папулярная літаратура. Гэты падыход аказвае велізарную дапамогу ў падрыхтоўцы дзяцей да заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў. Па ініцыятыве бацькоў была створана рубрыка ў класнай бібліятэцы “Кнігі маіх бацькоў”.


Пасяджэнні сямейнага чытацкага клуба праходзяць з вялікім поспехам. Тэатралізацыя “Бяспецы вучыцца і ў казках спатрэбіцца”, паказаная бацькамі, спрыяла паўтарэнню і замацаванню правіл бяспечных паводзін дзякуючы героям вядомых казак. Гульня КВЗ “Кніга ў жыцці і сям’і дзіцяці” праводзілася ў рамках раённага метадычнага аб’яднання педагогаў дашкольнай адукацыі. Бацькі разам з дзецьмі чыталі вершы, адгадвалі загадкі, інсцэніравалі ўрыўкі з казак, малявалі герояў твораў. Актыўны ўдзел прынялі бацькі ў распрацоўцы і правядзенні навагодняга паказу для дзяцей “Чараўніцтва Новага года”.

Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву педагогаў устаноў адукацыі і бацькоў да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі арганізавана калектыўна-творчая справа “Стварае сям’я — вось кніжачка мая”, у выніку якой было выраблена больш за 20 кніг, адбылася прэзентацыя “Чалавек народжаны, каб ствараць” з прадстаўленнем 12 лэпбукаў рознай тэматыкі, вырабленых рукамі педагогаў і бацькоў.

Святочныя канцэрты, літаратурныя сустрэчы, конкурсныя праграмы, прэзентацыі сумеснай дзейнасці сям’і, соцыуму і ўстановы адукацыі па рэалізацыі педагагічнага праекта натхняюць на супрацоўніцтва, узаемаразуменне, узаемадапамогу і падтрымку. Вынікам сумеснай творчай работы ў маі стала выстава-справаздача “Кнігі водзяць карагод”. Лепшыя работы адзначаны падзякамі, граматамі.


Хочацца сказаць пра вынікі нашай работы. Вучні 3 класа, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі праекта з яго пачатку, паказалі высокія вынікі па прадметах літаратурнай скіраванасці. Сярэдні гадавы бал па рускай літаратуры склаў 8.4, па беларускай — 8.0. Дзеці чытаюць цэлымі словамі, тэмп чытання набліжаны да хуткасці размовы. Навучэнцы самастойна вызначаюць задачы выразнага чытання, на высокім узроўні сфарміраваны ў іх і чытацкія ўменні.

Наведванне дзецьмі сельскай бібліятэкі ўзрасло ў 3 разы. Вучні самі выбіраюць кнігі ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай, умела арыентуюцца ў кнігах з улікам розных паказчыкаў: прозвішча аўтара, загаловак, тытульны ліст, змест. З велізарным задавальненнем працуюць з дзіцячай даведачнай літаратурай, дзіцячымі часопісамі і газетамі ў чытальнай зале бібліятэкі, умела выказваюць ацэначныя меркаванні аб прачытаным. Трэцякласнікі неаднаразова з’яўляліся прызёрамі рэспубліканскіх інтэлектуальных гульняў-конкурсаў “Жураўлік”, “Буслік”, “Каласок” (прызы ІІІ і IV ступені).

Выхаванне чытача, здольнага ўспрымаць мастацкае слова ва ўсім яго багацці, — працэс доўгі і цяжкі. Але калі этап увядзення дзіцяці ў кніжную культуру будзе паспяховым, то значна скароціцца колькасць маладых людзей, якія не здольны ці не жадаюць далучацца да духоўнага вопыту чалавецтва праз кнігі.

Ірына КАПАРЫХА,
кіраўнік педагагічнага праекта, настаўніца пачатковых класаў
Мажскага дзіцячага сада — пачатковай школы.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*