Усё пачынаецца з малога

Дом, сям’я… Як шмат у гэтых словах цёплага, таго, што аб’ядноўвае, зразумелага і бяспечнага. Кожны дом поўны падзей, важных і каштоўных, з аглядкай на якія мы будуем сваю будучыню. Тое, што запомнілі і ярка перажылі ў дзяцінстве, мы нясём праз усё жыццё, праламляючы свае ўчынкі, думкі, пачуцці, меркаванні праз прызму перажытага і прынятага. Краіна — гэта таксама сям’я, у якой свая гісторыя. У гісторыі нашай краіны “100” — гэта 100 гадоў УЛКСМ, 100 гадоў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь, 100 гадоў органам пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, 100 гадоў Міністэрству замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

У жыцці малодшага школьніка паняцце “сям’я” пашыраецца на калектыў класа, школы. І важна зрабіць так, каб яны сталі роднымі. Спрыяць фарміраванню пачуцця гордасці ў адносінах да бацькоў, настаўніцы, класа, школы — і ёсць патрыятызм. Аб’ядноўваючыся, мы фарміруем эмацыянальную сувязь адно да аднаго, становімся бліжэй і даражэй, пачынаем разумець значнасць і неабходнасць адзінства. Такую мэту паставілі мы перад сабой, праводзячы акцыю “100”.

На працягу двух дзён у канцы студзеня навучэнцы сярэдняй школы № 56 Мінска былі аб’яднаны аднымі гістарычнымі падзеямі, адным сімвалам, адным дэвізам — “Памятаем, шануем, працягваем”, адной справай.

На працягу акцыі “100” вучні, бацькі і педагогі выказвалі свае “100 ідэй для школы”, афармлялі 100 плакатаў на памятныя даты мінулага стагоддзя, рабілі мінімум 100 фотаздымкаў з лічбай 100! І, галоўнае, адзін для ўсіх гальштук колеру краіны, чырвона-зялёны.

Усё пачынаецца з малога… Цёплыя маміны рукі, моцнае сяброўскае плячо, мудры настаўнік, адзіная школа, моцная краіна.

Святлана КОЛАБАВА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 56.