У жадання — шмат магчымасцей

Падчас зімовых канікул у сярэдняй школе № 189 Мінска прайшло пашыранае пасяджэнне педагагічнага савета на тэму “Калі мы будзем сёння вучыць дзяцей так, як вучылі ўчора, мы ўкрадзём у іх заўтра” з запрашэннем педагогаў сталічных навучальных устаноў. У яго рабоце прыняла ўдзел начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Наталля Кучынская. 

— Лічбавыя тэхналогіі развіваюцца тэмпамі, не зразумелымі для большасці людзей. Яны рэзка мяняюць тое, пра што мы думаем, як узаемадзейнічаем, працуем. І трэба мець на ўвазе, што гэтая рэвалюцыя толькі-толькі пачалася, — адзначыла, адкрываючы педсавет, дырэктар сярэдняй школы № 189 Алена Абазоўская. — Мы, людзі, якім за 40, нарадзіліся да пачатку гэтай рэвалюцыі і навучыліся выкарыстоўваць лічбавыя цуды — ноўтбукі, планшэты, смартфоны, інтэрнэт — будучы дарослымі людзьмі, і гэта стала чымсьці блізкім да вывучэння замежных моў. Боль­шасць з нас нядрэнна разбіраецца ва ўсім гэтым. Аднак калі ўзяць маладое пакаленне людзей, якім менш за 20 гадоў, то мы зразумеем, што ў параўнанні з імі мы няўмелыя навічкі. Нашы дзеці нарадзіліся ў эпоху лічбавай рэвалюцыі. Для іх мова лічбавых тэхналогій родная.

Сучаснае інфармацыйнае грамадства вылучае свае патрабаванні да фарміравання новага пакалення. Задача сучаснай школы — падрыхтаваць выпускнікоў, здольных арыентавацца ў хутказменлівых жыццёвых сітуацыях, самастойна набываючы неабходныя веды: крытычна мысліць, ба­чыць праблемы і шукаць шляхі рацыянальнага іх вырашэння, выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі, дакладна ўсведамляць, дзе і якім чынам набытыя імі веды могуць быць прыменены, умець генерыраваць новыя ідэі і інш.

— Пры традыцыйным падыхо­дзе да адукацыйнага працэсу вельмі складана выхаваць асобу, якая змагла б задаволіць гэтыя патрабаванні. Безумоўна, наўрад ці можна чакаць, што школа наву­чыць усіх навучэнцаў усім неабходным навыкам, але яна павінна як мінімум закласці асновы далейшага развіцця дзіцяці — грамадзяніна, прада­ставіць усім выхаванцам роўныя магчымасці ў развіцці іх моцных бакоў, — падкрэсліла Алена Ула­дзіміраўна. — І таму асноўная мэта педагагічнага савета, які арганізаваны ў форме метадычнага моста, — не навучыць педагогаў працаваць па-новаму, а матыва­ваць актыўна выкарыстоўваць інтэрактыўныя метады і формы работы ў сваёй педагагічнай дзейнасці.

Майстар-класы для педагогаў правялі выкладчыкі кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка. Кандыдат педагагічных навук дацэнт Міхаіл Ку­дзейка на сваім майстар-класе “Каб ацэнка стала актыўнай” паказаў, як зрабіць так, каб у адукацыйным працэсе вучань браў адказнасць на сябе і ўсвядомлена ставіўся да вучэбнай дзейнасці. Педагогі зма­дэлявалі два ўрокі: урок традыцыйны і ўрок з актыўнай ацэнкай. Яны ўбачылі, што ў традыцыйным уроку вучням не хапае інфармацыі, наколькі яны паспяхова вучацца: навучэнцы падглядваюць адно ў аднаго, высвятляючы, у каго якая адзнака, і самі робяць высновы наконт сваёй паспяховасці. Да таго ж адбывалася суб’ектыўнае ацэньванне, бо настаўнік для сябе вырашыў, што ён будзе ацэнь­ваць, вылучыў пэўныя крытэрыі і пры­трымліваўся іх. Дзецям жа крытэрыі не прад’яўляліся, і яны не ведалі, як выконваць работу, аднак выконвалі яе. У выніку вучні атрымалі не тыя адзнакі, якія хацелі. Другі ўрок — поўная супрацьлегласць першаму: удзельнікам было прапанавана намаляваць партрэт сябра, была пастаўлена мэта на мове дзіцяці, вызначаны крытэрыі, якімі яны карысталіся, затым адбылася самаацэнка, узаемаацэнка, і педагог не меў дачынення да кантрольна-ацэначнай дзейнасці. У выніку на ўроку з актыўнай ацэнкай ацэньванне з’яўляецца аб’ектыўным, крытэрыі дапамагаюць вучню разабрацца з адукацыйным працэсам, зрабіць яго больш адкрытым з пазіцый разумення, што будзе адбывацца і на якім узроўні.

Кандыдат педагагічных навук дацэнт Алена Шылава правяла для прысутных майстар-клас па тэме “Тэхналогія інтэрактыўнага навучання: вучым радасна, паспяхова, з цікавасцю і ўсмешкай”. Яна звярнула ўвагу педагогаў на тое, як важна навучыць кожнага малодшага школьніка вучыцца, сфарміра­ваць у дзяцей навыкі вучэбнай дзейнасці, навучыць іх задаваць пытанні і адказваць на пытанні настаўніка, спынілася на тэхналогіі рэалізацыі інтэрактыўных метадаў (“Алфавіт”, “Бумеранг”, “Інтэрв’ю”, “Тузін пытанняў” і інш.). Выкарыстанне гэтых метадаў дазволіць павысіць якасць навучання, будзе садзейнічаць развіццю і самаразвіццю школьнікаў, а таксама выхаванню важных якасцей асобы дзіцяці.

Майстар-клас “Кінатрэнінг як эфектыўная форма выхаваўчай работы з навучэнцамі” правяла кандыдат педагагічных навук дацэнт Вікторыя Гракава. Ён быў прысвечаны праблеме выкарыстання медыясродкаў у развіцці і выхаванні падрастаючага пакалення. Педагогі даведаліся, як можна выкарыстоўваць кароткаметражныя фільмы і іншую медыяпрадукцыю ў якасці сродку паглыблення ў розныя жыццёвыя праблемы, развіцця крытычнага мыслення, пошуку адказаў на пытанні, што цікавяць падлеткаў. На трэнінгу была таксама абмеркавана тэма шчасця. Педагогі праглядзелі фільм “Пацвярджэнне” рэжысёра Курта Кейні, дзе раскрываецца тэма ўсмешкі, добрага слова і тое, як гэта ўплывае на людзей.

“Інтэлект-карты: ад планавання ідэй да дасягнення мэт” — так называўся майстар-клас кандыдата педагагічных навук дацэнта Ірыны Стралковай. На ім педагогі даведаліся, што інтэлект-карты — універсальны інструмент, які дапаможа вырашыць многія праблемы, генерыраваць унікальныя ідэі, планаваць уласную педагагічную практыку, вырашаць шматлікія пытанні ў рамках вучэбнага працэсу і г.д. Яны азнаёміліся з тым, дзе іх можна выкарыстоўваць і як ствараць. Вось толькі некаторыя варыянты прымянення інтэлект-карт у рабоце педагога: самаадукацыя, канспект (адукацыйныя аб’екты, характарыстыкі, высновы, крыніцы), партфоліа (курсы, творчыя работы, дасягненні, публікацыі, метадычныя распрацоўкі), напісанне артыкула (тэма, уводзіны, асноўная частка, заключэнне), планаванне (тэматычны план, план выхаваўчай работы, план урока).

Работа інтэрактыўнай пляцоўкі пачалася з прэзентацыі педагога дадатковай адукацыі Яніны Васільевай студыі танца “Ваяж”, дэвізам якой з’яўляюцца словы “Танцаваць могуць усе”. Настаўніца пачатковых класаў Наталля Бортнік запрасіла прысутных стаць удзель­нікамі групавой работы “Навагодні сувенір”. Праз практычную дзейнасць дакрануцца да мінулага, злучыць яго з сучаснасцю на занятках “Вяселле па-беларуску становіцца модным” запрасілі настаўніцы беларускай мовы Наталля Паслядовіч і Святлана Ерашэвіч. З сакрэтамі брытанскіх традыцый педагогаў азнаёмілі настаўніцы англійскай мовы Наталля Крупа і Ірына Сенічкіна. Выкарыстоўваючы інтэрактыўныя метады і прыёмы навучання, яны арганізоўваюць маўленчае ўзаемадзеянне на ўроку, здымаюць моўны бар’ер.

Падчас педсавета педагогі пераканаліся, што працаваць творча, крэатыўна, нестандартна намнога цікавей. Сярод прычын адсутнасці матывацыі, якія былі вызначаны на дыскусійнай пляцоўцы, — дрэннае аснашчэнне ўстаноў адукацыі тэхнічнымі сродкамі, нежаданне педагогаў вучыцца, штосьці мя­няць у сваёй дзейнасці, незацікаўленасць адміністрацыі, адсут­насць заахвочвання, недасканаласць нарматыўнай базы і г.д. Педагогі прапанавалі розныя шляхі вырашэння гэтых праблем.

— У назве педсавета закла­дзены ключавыя часавыя межы: учора, сёння, заўтра, — адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Наталля Кучынская. — Мы так і жывём: некаторыя з нас завісаюць ва ўчарашнім дні, што ня­правільна, некаторыя з нас думаюць толькі пра заўтрашні дзень, што таксама выклікае пытанні. Мы з вамі жывём сёння, і ад нас залежыць, якое яно: калі жыць учарашнім, то сёння бу­дзе ўчарашнім і мы нікуды не ссунемся, калі жыць заўтрашнім, то можна бегчы за марай і не дабегчы, аднак калі ёсць вобраз рэальнай будучыні, да якой імкнёмся, то пачынаем гэтым жыць і заўтра становіцца сённяшняй рэальнасцю. Калі мы бу­дзем выкладаць так, як хочуць нашы дзеці, то заўтрашні дзень будзе ў нашых руках, вобраз будучыні наблізіцца і стане рэальнасцю.

Нягледзячы на ўсе складанасці ў рабоце педагога, можна сказаць, што той, хто не хоча, будзе шукаць прычыны, а той, хто жадае, зной­дзе магчымасці. І гэтыя магчымасці сапраўды ёсць, толькі трэба карыстацца імі, пастаянна самаўдасканальвацца і расці прафесійна.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.