У суботні дзень

Як толькі не называюць у нашым асяроддзі суботу! Шосты школьны дзень, нясумная субота, дзень, вольны ад урокаў. На сайце нашай установы размешчана такая інфармацыя: “Для кагосьці субота ўсяго толькі шосты дзень тыдня, а для нас — цэлы свет!” І на самай справе гэта так. Субота прапануе нашым вучням факультатыўныя заняткі, аб’яднанні па інтарэсах, розныя арганізацыйна-масавыя мерапрыемствы.

Субота дае і такую цудоўную магчымасць, як сустракацца з бацькамі нашых выхаванцаў. Таму многія мерапрыемствы па ўзаемадзеянні школы і сям’і ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў (законных прадстаўнікоў) навучэнцаў”, які рэалізуецца ў нашай гімназіі з гэтага навучальнага года, арганізоўваюцца і праводзяцца ў суботу.

Што тычыцца праекта, то, на маю думку, ён узяў у нашым калектыве добры старт. Вынікі работы за першае вучэбнае паўгоддзе паказалі, што паспяхова прайшлі заняткі для бацькоў, сумесныя мерапрыемствы. Напрыклад, вучэбныя трэнінгі “Вучым вершы на памяць разам”, “Соцыум і адаптацыя падлеткаў”, круглы стол “Дзеці ў інтэрнэце”, сход бацькоў і дзяцей “Я цябе ўважліва слухаю”. У гімназіі ўжо ёсць станоўчы вопыт узаемадзеяння з бацькамі, але педагогі імкнуцца да новых прыёмаў і форм работы, каб паступова прыцягнуць усіх бацькоў да сумеснай дзейнасці.

Вядома, ёсць розныя кірункі ўзаемадзеяння з бацькамі. Адным з важных з’яўляецца прафесійная арыентацыя вучняў, да якой разам з педагогамі актыўна далучыліся бацькі. Нядаўна ў гімназіі прайшоў Тыдзень прафарыентацыі. Індывідуальныя гутаркі-кансультацыі, трэнінгі, прафарыентацыйныя гульні і практыкаванні, спецыяльна арганізаваныя дыскусіі, сустрэчы з бацькамі розных прафесій — вось далёка не поўны пералік змястоўных, цікавых мерапрыемстваў. Завяршаўся тыдзень парадам прафесій, у якім прынялі ўдзел вучні малодшых, сярэдніх і старшых класаў. Гучалі цікавыя расказы аб самых розных прафесіях: архітэктара, настаўніка, урача, праграміста, мадэльера і інш. На сцэне разам з дзецьмі дарослыя паказалі літаратурна-музычныя кампазіцыі, інсцэніроўкі, тэатралізаваныя паказы. Асабліва актыўнымі былі малодшыя школьнікі і іх бацькі.

Некаторыя лічаць, што прафарыентацыйная работа павінна праводзіцца ў старшых класах. Але гэта не так, і мерапрыемствы па прафарыентацыі гэта паказалі. Падрыхтоўку школьнікаў да прафесійнай работы неабходна пачынаць з малодшага ўзросту. Пачынаючы з пачатковай школы на ўроках і ў пазакласнай рабоце нашы настаўнікі ўводзяць элементы прафарыентацыйнай работы. З дапамогай гульняў, грамадска карыснай працы, правядзення традыцыйных класных і сямейных свят фарміруюцца ў гэтым узросце добрасумленныя адносіны да працы, разуменне яе ролі ў жыцці чалавека і грамадства, даецца ўстаноўка на выбар прафесіі, развіваецца цікавасць да будучай прафесіі.

У 5—7 класах фарміруецца асэнсаванне вучнямі сваіх інтарэсаў, здольнасцей, звязаных з выбарам прафесіі, з дапамогай сустрэч, экскурсій, знаёмства з прафесіямі бацькоў, выканання сацыяльных праектаў, даследчых работ і азнаямляльных класных гадзін. У гэтым узросце школьнікі павінны суадносіць сваю будучую прафесію са спосабам жыцця і магчымасцямі рэалізацыі сваіх здольнасцей.

Уяўленне аб прафесійных навыках, правілах выбару прафесіі, аб перспектывах прафесійнага росту, а таксама ўменне ацэньваць свае асабістыя магчымасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі выбранай прафесіі фарміруецца ў вучняў старшых класаў. І калі гэтаму ўсяму разам з класнымі кіраўнікамі, настаўнікамі-прадметнікамі садзейнічаюць бацькі — поспех забяспечаны.

Ганна КАЗЛОВА,
класны кіраўнік 11 “Б” класа гімназіі № 174 Мінска, удзельнік інавацыйнага праекта.