У кампаніі з паэтам-песеннікам

Апошняя субота першай чвэрці была адзначана надзвычай цёплай сустрэчай з неверагодна харызматычным паэтам-песеннікам Кастусём Цыбульскім. Мерапрыемства ладзілася ў рамках пазакласнай дзейнасці па прадметах “Беларуская мова “ і “Беларуская літаратура”.

Фота да матэрыялу: У кампаніі з паэтам-песеннікам.

Акіян самых светлых эмоцый напоўніў актавую залу сярэдняй школы № 32 Мінска, якая знаходзіцца ў Цэнтральным раёне сталіцы. Тут адбылося свята паэзіі і музыкі, свята роднай мовы “Жыцця непаўторная кніга”, прысвечанае таленавітаму сыну беларускай зямлі, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыні секцыі музыкі СПБ, паэту Кастусю Цыбульскаму.

Кастусь Пятровіч Цыбульскі — аўтар больш чым сотні песень, сярод выканаўцаў якіх такія беларускія спевакі, як В.Дайнека, М.Скорыкаў, Я.Навуменка, У.Правалiнскi, М.Васiлеўская, А.Сямёнаў, А.Ярмоленка i ансамбль “Сябры”, Ф.Жыляк i ансамбль “Явар”, В.Кiрыленка, Т.Лазоўская i ансамблi “Бяседа”, “Талака”, народны хор iмя Г.І.Цiтовiча, паказальны аркестр МУС Беларусi, вакальная група “Рэй” i многія iншыя. З-пад пяра аўтара выйшла ў свет больш за 10 кніг.

Сярод узнагарод, якімі адзначаны К.П.Цыбульскі, — першае месца ў конкурсе 100-годдзя міліцыі Беларусі “Лепшая песня пра беларускую міліцыю”. Таксама ён удзель-нік і неаднаразовы пераможца (2000, 2002, 2003 гады) Міжнароднага кінатэлефестывалю “Закон і грамадства” ў Маскве, аўтар гімна гэтага кінатэлефестывалю. Песнi Кастуся Пятровіча гучалi на “Славянскiм базары ў Вiцебску”, на свяце песнi i паэзii ў Маладзечне, на песенным фестывалi “На скрыжаваннях Еўропы” (“Пані Гражына” стала песняй года — 2003), на рэспублiканскiх песенных фестывалях “Песню бярыце з сабою”, на рэспублiканскiх i абласных святах “Дажынкi” (2005, 2006, 2011 гады) у Слуцку, Бабруйску, Маладзечне i iншых гарадах Беларусі.

Сюрпрызам-кампліментам на школьнай сустрэчы стала для Кастуся Пятровіча выступленне творчай групы старшакласнікаў Глеба Міхеля, Івана Серафімовіча, Надзеі Андрэйчык, Цімафея Севярына, Кацярыны Ярашэнка, якія падрыхтавалі пра паэта біяграфічную мініяцюру ў форме п’есы ў трох дзеях “Нерастрачанае” пад кіраўніцтвам настаўніц беларускай мовы і літаратуры Алены Мікалаеўны Лукіной і Валянціны Паўлаўны Бярдзюк. На сцэне перагортваліся старонкі маленства, юнацтва, першага кахання, а таксама згадваліся зборнікі вершаў “Малітва і песня”, “Сілуэт у акне”. Прынамсі, удзельнікі тэатральнай імпрэзы былі адзначаны на конкурсе Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі “Думаць вершы” ў намінацыі “Малая радзіма — душы запаветны куток”, дзе дэманстравалі згаданую п’есу.

Старонкі творчай біяграфіі паэта насычаны прызнаннем у любові да малой радзімы, вёсачкі Забалоцце, што ў Маладзечанскім раёне, клопатам пра лёс Беларусі і землякоў, адкрытасцю сэрца і водгукам на падзеі ў свеце: Вялікая Айчынная вайна. Афганістан, Чарнобыль, 500-годдзе з дня нараджэння Францыска Скарыны… Са сцэны гучалі песні на словы Кастуся Цыбульскага “Зязюля”, “Мая Радзіма — мая зямля”, “Я жадаю…”, “Сэрца вёскі маёй”.

Госць уразіў прысутных сваёй шчырасцю, цеплынёй душы, пазітывам, а таксама сакавітай беларускай мовай, уменнем трымаць аўдыторыю. Паэт-песеннік падзяліўся развагамі пра сучасныя каштоўнасці. Для яго гэта сям’я, сувязь з бацькоўскім ганкам, жыццё на адной хвалі з сучаснасцю.

На літаратурнай вечарыне ў прысутных асабліва знайшла прызнанне прэм’ера верша, які Кастусь Пятровіч прысвяціў сваёй унучцы:

Мы з дзядулем сябрукі —
Не разліць вадою.
Ходзім у лес і да ракі
Улетку і зімою.
На арэлях ясным днём
Ён мяне люляе.
І заўсёды перад сном
Песні мне спявае.
З ім малюем край такі,
Дзе жывём з табою.
Мы з дзядулем сябрукі —
Не разліць вадою.

Верш чытала маленькая Даша, унучка К.П.Цыбульскага.

— Ёсць час, — зазначыў паэт, — калі анёлы спускаюцца на зямлю. Гэта час, калі нараджаюцца ўнукі.

Навучэнцы школы настолькі былі захоплены талентам госця, што доўга не адпускалі Кастуся Пятровіча са сцэны. Мацей Мартыненка пацікавіўся, што рабіў бы паэт, калі б адкрылі дваццаць пятую гадзіну. Тут аўтар хітоў, уладальнік прэміі “Песня года Беларусі — 2016”, падзяліўся сваімі творчымі планамі:

— Хачу зборнік вершаў падрыхтаваць.

Кастусь Сухоцкі, навучэнец 5 “В” класа, пачаў разважаць пра асабліва пільную ўвагу суайчыннікаў да Марса і задаў такое пытанне:

— Чаму, як вы думаеце, людзі разважаюць пра жыццё на Марсе?

Кастусь Пятровіч як не толькі творчы чалавек, але і вялікі эрудыт прыгадаў, што Марс — копія Зямлі — вабіць людзей сваёй падобнасцю да нашай планеты. Ён выказаў жаданне пакрочыць па паверхні Чырвонай планеты.

Іван Аманенка, навучэнец 5 “Б” класа, пацікавіўся, як прыходзіць да творцы ідэя верша, і атрымаў наступны адказ:

— Кветка, воблака, слова або ўсмешка спадарожнікаў можа стаць зыходным пунктам. З зусім нечаканых вобразаў пачынаецца дарога да верша. Які ён будзе — вядома напрыканцы шляху. І рыфма таксама можа быць рознай — усё залежыць ад натхнення.

К.Цыбульскі праявіў цікавасць да кожнага госця: паціснуў руку настаўнікам і бацькам, якіх было багата ў актавай зале.

Лідзія Аўсюк, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 32 Мінска, падзялілася сваімі думкамі ад сустрэчы:

— Усё было выдатна: і вершы, і песні, і аздабленне сцэны, і гаркавы пах хрызантэм.

Паэт адзначыў:

— Для мяне стала прыемнай нечаканасцю тэатральная імпрэза па старонках маёй біяграфіі. Дзякуй настаўнікам цудоўнай беларускай мовы і літаратуры Валянціне Паўлаўне і Алене Мікалаеўне!

Былі ўражаны і члены сям’і паэта, якія прыйшлі разам з ім на свята беларускага слова. Надзея Мікалаеўна, жонка Кастуся Пятровіча, не магла стрымаць слёз, калі на сцэне згадалі пра іх дзяцінства і юнацтва.

У Кастуся Цыбульскага ёсць такі верш:
Я застаюся навек, дзе чабор і ажына,
Дзе ў нарачанскім бярэзніку плача жаўна.
Тут Сож і Дняпро, дубы Белавежы,
Тут песні крыніц і споведзь званоў.
Са мной Беларусь, і не трэба замежжа,
Бо тут карані і дубоў, і сяброў.

На нашу думку, гэта глыбока патрыятычныя словы. Яны і іх аўтар назаўсёды застануцца ў нашай памяці, уквечаныя пахам хрызантэм і пачаткам восеньскіх канікул.

Вікторыя ЛЕПЯШЫНСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 32 Мінска.