“Цуды ў куфэрку” — вучымся і развіваемся

Няўмольная статыстыка паказвае, што ў цяперашні час назіраецца павелічэнне колькасці дзяцей з рознымі парушэннямі маўлення. Пры гэтым мы, педагогі, цудоўна разумеем, што толькі пры ўмове своечасовага і правільнага, якаснага навучання маўленню можна рэалізаваць усе іншыя адукацыйныя задачы. Каб маўленне дзіцяці было ў норме, трэба весці мэтанакіраваную работу ў гэтым кірунку. Неабходна пастаянна развівацца, шукаць новыя формы, прыёмы і метады работы, каб дзейнасць дзіцяці была гульнявой, дынамічнай, эмацыянальна прыемнай, разнастайнай і нястомнай.

Падчас прафесійнага пошуку новых эфектыўных форм работы я распрацавала шматфунк­цыянальны дапаможнік “Цуды ў куфэрку” . Дапаможнік — гэта пяць “куфэркаў” з наклеенымі яркімі ўмоўнымі знакамі:

  • геаметрычныя формы (круг, квадрат, прамавугольнік, трохвугольнік, авал);
  • палоскі рознага колеру (чырвоная, сіняя, зялёная, жоўтая, блакітная);
  • лічбы (1, 2, 3, 4, 5);
  • адно, два ці тры акенцы;
  • званочак і перакрэслены званочак;
  • палоскі з трыма кружочкамі (на адной палосцы — першы круг чырвоны, на другой — сярэдні круг чырвоны, на трэцяй — апошні круг чырвоны);
  • карцінкі (дзяўчынка, хлопчык, дзеці, сонца).

Дапаможнік просты ў вырабе і прымяненні. Ён дапамагае пры правядзенні карэкцыйна-развіццёвых гульняў і практыкаванняў на аўтаматызацыю гукаў, на развіццё фанематычнага ўспрымання, гукавога аналізу і сінтэзу, граматычнага ладу мовы, прыназоўнікаў. “Куфэркі” могуць выкарыстоўвацца настаўнікам-дэфектолагам, выхавальнікам дашкольнай адукацыі як на карэкцыйна-развіццёвых занятках, так і пры арганізацыі індывідуальнай і спецыяльна арганізаванай дзейнасці з выхаванцамі з 3 да 6 гадоў.

Дапаможнік дазваляе спрашчаць і ўскладняць адну і тую ж гульню, выкарыстоўваючы яе ў рабоце з дзецьмі рознага ўзросту і рознага ўзроўню развіцця. У якасці дыдактычнага матэрыялу можна выкарыстоўваць і карцінкі, і цацкі, не мяняючы зместу гульні. У працэсе ўсіх гульняў з “куфэркамі” развіваецца не адзі­н, а некалькі псіхічных працэсаў — увага, памяць, мысленне, а таксама маўленне.

Прапаную ўвазе чытачоў шэраг гульняў з дапаможнікам “Цуды ў куфэрку”, якія дазваляюць вырашыць розныя адукацыйныя задачы.

З “куфэркам” гуляем — гукі замацоўваем

Мэта: аўтаматызацыя і дыферэнцыяцыя гукаў роднай мовы, фарміраванне навыкаў моўнага аналізу, усведамленне асаблівасцей свайго вымаўлення, ацэньванне свайго маўлення і маўлення навакольных.

Матэрыял і абсталяванне: шматфунк­цыянальны дапаможнік “Цуды ў куфэрку”, раздатачны матэрыял да дапаможніка па тэме.

Ход гульні

Варыянт 1

Настаўнік-дэфектолаг прапануе кожнаму дзіцяці набор карцінак, у назве якіх ёсць зададзены гук.

Дзіцяці трэба выразна вымавіць назву карцінкі, вылучаючы голасам гук, які аўтаматызуецца, і вызначыць месца гуку ў слове (пачатак, сярэдзіна, канец). Калі заданне выканана правільна — дзіця кладзе карцінку ў “куфэрак”, які адпавядае знаку, калі слова названа няправільна ці месца гуку ў слове вызначана ня­правільна — карцінка застаецца ў дзіцяці. У каго не застанецца карцінак, той і пераможца.

Варыянт 2

Разам з дзецьмі мы адпраўляемся на дзень нараджэння да Львяняці. У “куфэрак” збіраем толькі тыя падарункі, у назве якіх ёсць зададзены гук. Перамагае той, хто збярэ больш падарункаў.

Варыянт 3

Дзецям прапануецца вызначыць першы (апошні) гук у назве прадмета, паказанага на карцінцы, і ў адпаведнасці з умоўным знакам размясціць карцінкі ў “куфэркі”:

  • галосны — зычны (чырвоны — сіні);
  • цвёрды — мяккі зычны (сіні — зялёны);
  • звонкі — глухі зычны (званок — перакрэслены званок).

Варыянт 4

Прапануецца набор карцінак, якія неабходна размясціць у “куфэркі” з пэўнай колькасцю акенцаў. Колькасць складоў у слове павінна адпавядаць колькасці акенцаў на “куфэрку”.

З “куфэркам” гуляем — правільна гаварыць пачынаем

Мэта: фарміраванне граматычнага ладу мовы (дапасаванне назоўнікаў і прыметнікаў, назоўнікаў з лічэбнікамі, утварэнне загаднага ладу дзеясловаў, разуменне прыназоўнікаў і прыслоўяў).

Матэрыял і абсталяванне: шматфункцыянальны дапаможнік “Цуды ў куфэрку”, раздатачны матэрыял да дапаможніка па тэме.

Ход гульні

Варыянт 1

Прапануецца набор карцінак на пэўную лексічную тэму, напрыклад, “Адзенне”, “Агародніна”. Неабходна ўзгадніць назву выявы на карцінцы з сімвалам на “куфэрку”.

  • колер (сіні сарафан);
  • форма (круглы памідор).

Варыянт 2

Прапануецца набор карцінак. Неабходна раскласці карцінкі ў “куфэркі”, па радавой прыналежнасці арыентуючыся на ўмоўныя знакі.

Варыянт 3

Дзецям прапануецца “рассяліць” цацкі. Па слоўнай інструкцыі педагога цацкі рассяляюцца: у домік, паміж домікамі, над домікам, за домікам і г.д.

Такім чынам, можна адзначыць, што рэгулярнае выкарыстанне дапаможніка “Цуды ў куфэрку” на карэкцыйна-развіццёвых занятках спрыяе стварэнню псіхалагічнага камфорту і развіццю эмацыянальна-валявой сферы дзяцей у час заняткаў, павышэнню маўленчай матывацыі. Таксама гульні з “куфэркамі” дапамагаюць кампенсаваць недастатковасць фанематычнага слыху, павышаць хуткасць запамінання і паляпшаць маўленчае прадуцыраванне, актывіза­ваць і аднаўляць вышэйшыя псіхалагічныя функцыі, аўтаматызаваць неабходныя гукі ў выніку запамінання вялікай колькасці маўленчага матэрыялу.

Таццяна ВАЛЮКЕВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 3 “Пралеска” Валожына.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*