Толькі разам

Актуальнасць праблемы ўзаемадзеяння ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і не выклікае сумнення. Наладжванне партнёрскіх узаемаадносін з бацькамі, якое прадугледжвае прыняцце рашэнняў з максімальна магчымым улікам інтарэсаў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, з’яўляецца важнай умовай для эфектыўнага ўзаемадзеяння дашкольнай установы і сям’і, спрыяе падтрымцы, развіццю індывідуальных здольнасцей і магчымасцей кожнага выхаванца і, безумоўна, дасягненню асноўных мэт дашкольнай адукацыі.

Аднак у сувязі з недастатковай колькасцю часу многія сучасныя бацькі не маюць магчымасці ўдзельнічаць у бацькоўскіх сходах, іншых сумесных мерапрыемствах, яны рэдка карыстаюцца інфармацыйнымі матэрыяламі ў групах. Мамы і таты хочуць ведаць пра падзеі, якія адбываюцца ў групе, ва ўстанове, ім цікава ўсё, што датычыцца іх дзіцяці, яго поспехаў і дасягненняў, яны часта звяртаюцца да педагогаў з рознымі пытаннямі па праблемах дзіцяча-бацькоўскіх адносін.

У такіх умовах неабходна ўдасканальваць сістэму работы па ўзаемадзеянні з сем’ямі выхаванцаў для задавальнення адукацыйных запытаў і ініцыятыў бацькоў у пытаннях развіцця і выхавання дашкольнікаў, аховы і ўмацавання здароўя дзяцей. Аналіз навукова-метадычнай літаратуры дазволіў вылучыць інфармацыйна-камунікацыйныя формы ўзаемадзеяння з сям’ёй як эфектыўны сродак вырашэння названых цяжкасцей і забеспячэння адраснай падтрымкі сем’яў выхаванцаў. У нашай установе ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у практыку супрацоўніцтва з бацькамі ажыццяўляецца ва ўмовах рэалізацыі педагагічнага праекта “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне бацькоў выхаванцаў сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”.

Намі былі вылучаны наступныя этапы рэалізацыі педагагічнага праекта: арганізацыйна-матывацыйны, асноўны, заключны. Мы разумелі, што ўкараненне ІКТ у практыку ўзаемадзеяння з бацькамі магчыма толькі ў падрыхтаваным педагагічным асяроддзі, таму першапачаткова працавалі над павышэннем інфармацыйнай кампетэнтнасці педагогаў, а таксама фарміраваннем у іх станоўчай матывацыі, гатоўнасці да наладжвання партнёрскіх узаемаадносін з бацькамі. Разнастайныя метадычныя мерапрыемствы спрыялі асваенню педагогамі асноў работы ў інтэрнэце, выкарыстанню рэсурсаў анлайн-зносін, электроннай пошты і інш. Значная ўвага была ўдзелена разуменню спецыялістамі псіхалагічных асаблівасцей сучасных бацькоў. Фарміраванню ўнутранай гатоўнасці педагогаў ажыццяўляць асобасна арыентаванае ўзаемадзеянне з бацькамі садзейнічалі педагагічныя майстэрні, семінары-практыкумы, падчас якіх выхавальнікі практыкаваліся ў розных прыёмах знаёмства з сям’ёй, вырашэнні канфліктных сітуацый, вядзенні дыялогу.


Падчас другога (асноўнага) этапу мы ажыццяўлялі апрабацыю розных інфармацыйна-камунікацыйных форм узаемадзеяння з бацькамі, ацэньвалі іх выніковасць. Разгледзім некаторыя з іх.

Сайт установы выконвае інфармацыйную функцыю, даючы бацькам актуальную і неабходную інфармацыю; асветніцкую функцыю — праз размяшчэнне на старонках педагагічна мэтазгоднай і дакладнай інфармацыі па пытаннях развіцця, выхавання і навучання дашкольнікаў. Таксама сайт можа стаць камунікатыўнай пляцоўкай для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Так, на нашай старонцы размешчаны раздзел “Педагог-псіхолаг раіць”, электронны часопіс “Клапатлівы бацька”, электронны блакнот для бацькоў “Што рабіць, калі…”, “Настаўнік-дэфектолаг раіць”, рубрыка “Вашы пытанні — нашы адказы” і інш. У нашай установе функцыянуе не асобны сайт установы адукацыі, а раздзел на старонцы афіцыйнага сайта аддзела адукацыі, спорту і турызму Старадарожскага раёна.

Viber выкарыстоўваюць педагогі ўсіх узроставых груп. Асноўныя магчымасці гэтага дадатку дазваляюць хутка і своечасова данесці інфармацыю да бацькоў групы. Мы выкарыстоўваем дадатак для рассылкі напамінаў, аб’яў пра будучыя мерапрыемствы, запрашэнняў, падзяк, удакладнення інфармацыі пра дзіця. Ва ўмовах дэфіцыту часу ў сучасных бацькоў гэты просты рэсурс дапамагае педагогу заставацца з імі на сувязі на працягу ўсяго часу знаходжання дзіцяці ва ўстанове.

Сацыяльныя сеткі “Аднакласнікі”, “УКантакце”. Педагогамі і спецыялістамі нашай установы ў гэтых сэрвісах створаны групы “Дамісолька”, “Спартыўны калейдаскоп”, “Выхавалачка”. Бацькі ў зручны час могуць выбраць рубрыкі, якія іх цікавяць, задаць пытанні, атрымаць рэкамендацыі настаўніка-дэфектолага, педагога-псіхолага, кіраўніка фізічнага выхавання, музычнага кіраўніка. Выхавальнікі размяшчаюць тут цікавыя матэрыялы для сумеснай гульні з дзіцем дома, карысныя спасылкі, уласныя педагагічныя распрацоўкі.

Старонкі “Дамісолька”, “Спартыўны калейдаскоп” і “Выхавалачка” адкрыты зусім нядаўна, а ўжо налічваюць 120 і 150 сяброў і дзясяткі штодзённых гасцей. Старонка музычных кіраўнікоў “Дамісолька” мае 9 анлайн-альбомаў (“Кансультацыі”, “Святы і забавы”, “Ноты любімых песень”, “Тэатр”, “Адкрытыя заняткі і прагляды” і інш.). Старонка “Выхавалачка” мае 13 альбомаў (“Нашы кветачкі — вашы дочкі і сыночкі”, “Пагаворым пра харчаванне”, “Упрыгожванне дзіцячых страў”, “Чароўныя накрыўкі”, “Маляванне далонькамі”, “Ідэі падарункаў для любімай мамачкі” і інш.). У кожным альбоме можна азнаёміцца з неабходнай інфармацыяй, прагледзець ці скапіраваць яе. Створаныя альбомы карыстаюцца попытам, многія набралі больш за 2 тысячы праглядаў. Бацькі і госці актыўна ставяць лайкі, праглядаюць і каменціруюць пададзеную інфармацыю.

На старонцы “Дамісолька” створаны 4 відэаканалы: “Мульці-KIDS” (развіццёвыя мультфільмы пра музыку і мастацтва), “Мульці-DANS” (навучанне рытмічным рухам з музычным суправаджэннем), “Музычныя інструменты сваімі рукамі” (тут можна паглядзець і зрабіць музычныя інструменты з непрыдатнага матэрыялу), “Спяваем разам з дзецьмі” (развучванне дзіцячых песень са словамі і суправаджэннем, можна праслухаць, вывучыць тэкст і спяваць разам з дзецьмі). Гэта цікава і пазнавальна як для дарослых, так і для дзяцей. Многія матэрыялы набралі больш за 4000 праглядаў.

Для вывучэння запытаў і высвятлення сферы інтарэсаў нашых бацькоў мы выкарыстоўваем Google-формы. Гэта просты і зручны сэрвіс, які дазваляе ствараць і праводзіць анлайн-анкетаванне з бацькамі. Так, на старонцы сайта нашай установы ў розных рубрыках размешчаны анкеты: для бацькоў — “Вывучэнне патрэб бацькоў”, для педагогаў — анкета па самаацэнцы сваёй дзейнасці. На старонках “Выхавалачка”, “Дамісолька” сучасныя інтэрнэт-рэсурсы дазволілі стварыць цікавую рубрыку “Пытанне — адказ”. Бацькам і гасцям мы прапануем паўдзельнічаць у анкетаванні, якое праходзіць ананімна. На пытанні ёсць некалькі варыянтаў адказаў, сістэма аўтаматычна выдае вынікі.

Электронная пошта. Выкарыстанне электроннай пошты дазваляе педагогам адрасна даваць бацькам неабходную і цікавую для іх інфармацыю. У нашай установе функцыянуе віртуальная рассылка інфармацыйных лістоў для бацькоў “Гуляй”, “Чытай”, “Разважай”, “Назірай”, “Па дарозе дадому” з займальнымі гульнямі для сумеснага вольнага часу з дзіцем дома, на вуліцы, па дарозе ў дзіцячы сад і інш.

Творчая група педагагічнага праекта асвойвае тэхналогію правядзення анлайн-зносін з бацькамі выхаванцаў па Skype, таксама мы плануем адкрыццё кансультатыўнага Skype-пакоя.

У выніку мы назіраем павышэнне цікавасці бацькоў да жыцця і дзейнасці дзіцяці ў дашкольнай установе, актыўнае ўзаемадзеянне бацькоў і педагогаў, узаемадапамогу ў вырашэнні задач, уменне весці дыскусію і знаходзіць кампраміс у любой сітуацыі.

Мы лічым, што інфармацыйна-камунікацыйныя формы ўзаемадзеяння з бацькамі нараўне з класічнымі формамі адпавядаюць патрабаванням часу і дазваляюць задаволіць запыты мэтавай аўдыторыі. Забяспечваюць бацькоў аператыўнай інфармацыяй, а педагогам даюць магчымасць хутка рэагаваць на прапановы і пажаданні, што дазваляе своечасова ўрэгуляваць канфліктныя сітуацыі.

У практыцы работы нашай установы дыстанцыйны рэжым узаемадзеяння не супрацьпастаўляе і не выключае традыцыйныя формы работы з сям’ёй у працэсе непасрэдных зносін, а дапаўняе іх, улічваючы сучасныя патрабаванні часу.

Ніна ВІЛЮХА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 Старых Дарог.