Свяціць усюды і заўсёды

“Там, дзе ёсць жыццё, ёсць прыгажосць. Дзе ёсць прыгажосць, ёсць адукацыя. Дзе ёсць адукацыя, ёсць Вілейскі дзяржаўны каледж”, — менавіта такія словы можна прачытаць на адной з віртуальных старонак кантактнай групы ВДК у сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Ці не праўда, даволі парадаксальны паварот думкі? Жыццё — прыгажосць — адукацыя — каледж…

Але на самай справе нічога парадаксальнага ў вышэйпрыведзеным выказванні няма. У Вілейскім дзяржаўным каледжы заўсёды цанілі і цэняць прыгажосць саму па сабе, уласцівую без выключэння ўсім людзям і ўсім прафесіям, у тым ліку і тым, якім вучаць у гэтай установе адукацыі: электраманцёра, электразваршчыка, трактарыста-машыніста, слесара, вадзіцеля, не кажучы ўжо пра швачку, цырульніка і кухара.

Не так даўно ў нашай газеце мы пісалі пра ВДК у кантэксце перамогі яго навучэнца Уладзіміра Высоцкага з вакальнай студыі пад кіраўніцтвам яго бацькі Аляксандра Высоцкага на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе мастацкай творчасці навучэнскай моладзі “АРТ-вакацыі”. І неяк убаку тады застаўся яшчэ адзін яркі творчы калектыў гэтай установы — “Тэатр моды”, які, дарэчы, заняў на тым жа конкурсе прызавое 3-е месца. Тым не менш менавіта “Тэатр моды” Вілейскага дзяржаўнага каледжа з’яўляецца ўвасабленнем менавіта той прыгажосці, пра якую мы толькі што казалі, — прыгажосці чалавека, прыгажосці прафесіі, прыгажосці самога каледжа, у якім людзі набываюць сваю прафесію.


Гісторыя “Тэатра моды” ВДК бярэ пачатак у 2012 годзе, калі па запрашэнні дырэктара каледжа Ігара Кіцікава ва ўстанову прыйшла працаваць былая навучэнка Нацыянальнай школы прыгажосці Дзіяна Хвалько. Яна пачала выкладаць асновы мадэльнага мастацтва і правілы сцэнічнага руху, арганізавала нават некалькі фотасесій у стылі чорна-белага мінімалізму. Тады, праўда, гэта было яшчэ на ўзроўні вузкага творчага аб’яднання па інтарэсах: дзяўчаты, навучэнкі каледжа, што называецца, проста займаліся сабой выключна ў сваё задавальненне.


Іншая справа — “Тэатр моды” Вілейскага дзяржаўнага каледжа сёння. Гэта візітоўка каледжа на ўсіх — найперш прафарыентацыйных — мерапрыемствах у горадзе, раёне, вобласці, краіне. І, што самае дзіўнае, у яго цяпер нават няма канкрэтнага мастацкага кіраўніка: гэта менавіта згуртаваная каманда, дзе “адзін за ўсіх, а ўсе за аднаго”, і ў ролі гэтага аднаго выступае не толькі кожны чалавек паасобку, а ўвесь Вілейскі дзяржаўны каледж, яго прэстыж на рынку адукацыйных паслуг Вілейшчыны і Мінскай вобласці, яго імідж на розных прафесійных і творчых конкурсах, прафарыентацыйных акцыях. Так, гэта сапраўды каманда, дзе ў кожнага ёсць свая роля!

Агульную стратэгію развіцця калектыву вызначаюць непасрэдна дырэктар каледжа Ігар Кіцікаў і яго намеснік па выхаваўчай рабоце Святлана Мацецкая. Вытворчым працэсам (кройкай і шыццём) кіруюць майстры вытворчага навучання Галіна Занкавіч, Алена Арловіч, Алена Вансовіч, Таццяна Арцём. Ідэі прычосак належаць майстрам вытворчага навучання Вользе Каркоцкай, Святлане Апяцёнак, Тамары Карацінскай, Дар’і Кужаль. За дэфіле і фотасесіі адказвае педагог-арганізатар Святлана Мацукевіч. Але, безумоўна, галоўнымі героямі ў кульмінацыі гэтых працэсаў становяцца навучэнцы каледжа, якія і дэманструюць прыгажосць сваёй установы. Як гаворыць Святлана Мацукевіч, “яны становяцца гэтакай жывой і прыгожай тэатральнай заслонай на сцэне жыцця ВДК”.

Безумоўна, асобная калекцыя адзення “Тэатра моды” — гэта і асобная размова. У актыве творчага аб’яднання мноства калекцый розных стыляў: тут і папулярнае сёння “мілітары”, і канкрэтныя тэматычныя ўборы, прымеркаваныя да тых ці іншых свят і падзей у маштабе каледжа і ўсёй краіны. Але асаблівую ўвагу прыцягваюць распрацоўкі з нацыянальнымі і фальклорнымі элементамі, калі ўжо нават самі назвы — “ЭтнаШок”, “Вільяна new” (Вільянай называлі міфалагічную дзяўчыну, з якой звязваюць узнікненне ракі Віліі і горада Вілейкі) — сведчаць, што гэта арыгінальны сімбіёз народнага і сучаснага, фальклорнага і маладзёжнага…

Кантактная група Вілейскага дзяржаўнага каледжа ў сацыяльных сетках красамоўна называецца “Востраў Патрэбных Людзей”. Гэтакім жа “Востравам”, натуральна, з’яўляецца і тутэйшы “Тэатр моды”, неад’емны ад самога каледжа. Але, як паведаміла Святлана Мацукевіч, у тэатра ёсць яшчэ свой нефармальны слоган: “Свяціць усюды і заўсёды”. І ў гэтых, здавалася б, немудрагелістых словах закладзены насамрэч глыбокі сэнс: менавіта свяціць “усюды і заўсёды”, а не засвяціцца для паказухі. Свяціць, апынуўшыся ў патрэбны час у патрэбным месцы, каб яшчэ і яшчэ раз нагадаць, што ёсць на Міншчыне такі цудоўны Вілейскі дзяржаўны каледж, што ў ім працуюць і вучацца цудоўныя людзі, якія атрымліваюць цудоўныя прафесіі і адчуваюць прыгажосць…

Момантаў такой прасветленасці ў жыцці “Тэатра моды” Вілейскага дзяржаўнага каледжа толькі за апошнія год-два было нямала. Гэта і бліскучыя паказы калекцый адзення “Подых восені” і “Вільяна new” у верасні 2016 года падчас святкавання абласнога Дня настаўніка на базе ВДК, і паказ калекцыі “ЭтнаШок” восенню таго ж года на абласным конкурсе мадэльераў-каструктараў, дызайнераў і творчых калектываў “Модны сілуэт” у Заслаўі, і феерычныя выступленні вясной мінулага года на Дні Перамогі каля Кургана Славы і на “АРТ-вакацыях” у Маладзечне. І ў новым 2018 годзе “Тэатр моды” не дазволіў сабе доўга адпачываць пасля калядных свят: 20 студзеня калектыў ярка прадставіў каледж на Дні прафарыентацыі для выпускнікоў устаноў адукацыі Мядзела і Мядзельскага раёна “Шляхі атрымання адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”, а 25 сту-дзеня стаў яскравым упрыгажэннем фірменнага вілейскага кулінарнага шоу-конкурсу “Судак — не дурань”.

А хутка настане вясна і разам з ёй — самая гарачая пара прафарыентацыйнай кампаніі. І, значыць, “Тэатр моды” Вілейскага дзяржаўнага каледжа будзе зноў і зноў свяціць на ўсё новых і новых пляцоўках горада, раёна, вобласці. І Вільяна будзе ўсё new і new…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва Вілейскага дзяржаўнага каледжа.