Што на што падобна?

або Як прыцягнуць навучэнцаў да літаратурнай творчасці

Верш Валянціна Берастава “Страта” прымусіў мяне задумацца аб праблеме праяўлення здольнасцей навучэнцаў да творчасці. Педагогі і бацькі навучэнцаў сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту заўважаюць, што іх кемлівае дзіця, сталеючы, становіцца больш ардынарным. Канечне, з’яўляючыся ўдзельнікам адукацыйнага працэсу, яно атрымлівае ўсё больш ведаў, але страчвае жывасць уражанняў, нестандартнасць думак. Безумоўна, агульная задача бацькоў навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту і настаўніка пачатковых класаў — зберагчы для дарослага жыцця “дашкольную” асацыятыўнасць мыслення, здольнасць фантазіраваць, прыдумляць, думаць арыгінальна.

Вельмі важна не прапусціць час і вызначыць месца і ўмовы, у якіх дзіця можа праяўляць творчыя здольнасці. Дзе ж гэтае месца ў новай сацыяльнай ролі — навучэнца малодшых класаў, які авалодвае раней невядомымі навыкамі і спосабамі дзейнасці?

Адзін з фундаментальных навыкаў, які атрымлівае навучэнец у пачатковай школе і які з’яўляецца важным для далейшага паспяховага навучання, — гэта навык чытання. Мэтай прадмета “Літаратурнае чытанне” на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца фарміраванне кваліфікаванага чытача, веды, уменні і навыкі якога стануць фундаментам для развіцця і сістэматычнага вывучэння літаратуры на наступных ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. Адным з пяці ўзаемазвязаных адукацыйных кампанентаў праграмы па літаратурным чытанні выступае літаратурная творчасць. Развіццё літаратурнай творчасці непарыўна звязана са станаўленнем чытацкага ўспрымання, і разам яны складаюць адзіны працэс літаратурнага развіцця дзіцяці. Значыць, настаўніку і бацькам трэба аб’яднаць намаганні і стымуляваць літаратурную творчасць навучэнца, даваць магчымасць выступаць аўтарам уласных літаратурных твораў, каб выхоўваць у яго патрэбу чытаць і здольнасць спасцігаць па-сапраўднаму мастацкія творы. Такім чынам, каб навучыць дзіця паўнацэнна ўспрымаць паэзію, яго трэба вучыць пісаць вершы.

Для ўвядзення навучэнцаў 1 класа ў мастацкую творчасць ёсць усе падставы з псіхалагічнага пункту гледжання. Па-першае, у дзіцяці развіта сюжэтна-ролевая гульня і гульня-драматызацыя, у якой навучэнец — і аўтар, і герой, і акцёр. Па-другое, шасцігадоваму дзіцяці яшчэ ўласціва пачуццё навізны і здзіўлення ў адносінах да навакольнага свету. І, нарэшце, дзіця вельмі адчувальнае да мовы, яму неабыякава гучанне, рытмічнасць, сэнсавыя адценні слова.

Для развіцця творчага патэнцыялу дзіцяці бацькам важна выбраць правільную мадэль паводзін. Не ўсе дарослыя ўмеюць гуляць, фантазіраваць, як дзіця, яны хочуць выглядаць сур’ёзнымі, замест таго, каб весяліцца або забаўляцца. Аднак выдатным сродкам, які можа даць магчымасць бацькам адпачыць, расслабіцца, а дзіцяці натхніцца і абудзіць творчую актыўнасць, стане літаратурная гульня “Што на што падобна?”.

Яна грунтуецца на назіраннях за рэальнасцю, з’явамі і прадметамі навакольнага жыцця: угляданне, услухоўванне, выяўленне характэрных прымет (разгляданне асенняга лісця, аблокаў на небе, краявідаў за акном…). Гуляць у яе можна ўсёй сям’ёй: адгадчык (іх можа быць некалькі — тады прысутнічае эфект спаборніцтва, хто першы ўгадае) выходзіць за дзверы, а астатнія дамаўляюцца, які прадмет будуць параўноўваць. Калі адгадчык вяртаецца, вядучы пачынае: “Тое, што мы задумалі, падобна на…” — і дае слова таму, хто першым знаходзіць параўнанне.

—… на зорачку…

—… на матылька…

—… на пух…

—… на карункавую кропельку… на белую муху…

—… на слязінку лёгкага воблака…

— Сняжынка! — дадумваецца той, хто адгадвае, і атрымлівае права назначыць новага адгадчыка і прапанаваць прадмет для загадвання, а сам выступае ўжо ў ролі таго, хто прыдумвае параўнанні.

Удзел у такой гульні не толькі дорыць радасць сумесных зносін, але і развівае ўменне ў звычайных рэчах, з’явах знаходзіць штосьці незвычайнае, праяўляць жывасць розуму, фантазію і інтуіцыю.

Працягам гэтай гульні можа стаць прыдумванне аўтарскіх загадак. Пры гэтым фантазію дзіцяці трэба накіраваць на знаходжанне асацыяцый з прадметам апісання (на што падобна або якімі словамі можна замяніць гэты прадмет, чым адрозніваецца), абавязкова прадставіўшы прадметную ілюстрацыю. Потым неабходна падабраць словы, якімі можна апісаць гэты прадмет (прыметы, дзеянні), замяніць прадмет словазлучэннем, напрыклад: толстый (лысый) хрюкатель, рогатая молокодавательница, кудахтельная зерноклевательница, маленький шуршатель, злой кудахтель, ловкий рысюк, перьевой разговариватель (спадзяюся, чытач здагадаўся, пра каго ідзе гаворка). Калі загадка складаецца ў вершаванай форме, то падбіраюцца словы-рыфмы. Памочнікам у гэтым можа стаць гульня “Дагавары слоўца”.

Запісаць складзеныя загадкі могуць бацькі або іншыя члены сям’і, таму што правільнае афармленне сваіх думак — задача тэхнічна складаная для навучэнца 1 класа. Сумесную творчасць аўтар можа дапоўніць малюнкам, аплікацыяй і г.д. Вось і гатовы аўтарскі прадукт.

Тут трэба ўлічыць той факт, што дзіця здольна стварыць сваё ў тым выпадку, калі мае пэўны чытацкі багаж, калі ёсць адрасат, якому хочацца расказаць пісьмова пра свае думкі і ўражанні. Менавіта таму творчыя заданні з’яўляюцца вынікам работы з якім-небудзь тэкстам, жыццёвай або казачнай гісторыяй. Можна ўвесці сямейную традыцыю сумеснага чытання і абмеркавання літаратурных твораў, а аўтарскія работы дзіцяці публікаваць у рубрыках “Агу, таленты!” беларускіх часопісаў для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, дзе любы чытач можа стаць юным карэспандэнтам.

Складайце разам з дзіцем загадкі, казкі, вершы, прыдумвайце неіснуючых жывёл і расліны — падтрымлівайце яго творчую ініцыятыву. Рэалізаваныя магчымасці ў творчай дзейнасці развіваюць навучэнцаў, фарміруюць вусную і пісьмовую мову, стымулююць цікавасць не толькі да чытання, але і ўвогуле да пазнання, а гэта ў канчатковым выніку залог поспеху ў школьным навучанні і развіцці, таму што праз мову, праз маўленне перад школьнікам адкрываецца шырокі свет навукі і жыцця.

Святлана ШАКУН,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 3.