Школьная бібліятэка і яе чытачы

Сёння ўсё часцей мы чуем, што сучасныя дзеці не чытаюць, іх цяжка чым-небудзь захапіць і зацікавіць. Але ці так гэта? Хтосьці пагодзіцца. Аднак мне здаецца, што справа ў іншым…

Фота да матэрыялу: Школьная бібліятэка і яе чытачы.Сучасныя чытачы жывуць у век інфармацыйных тэхналогій і проста вымушаны паспяваць за развіццём навакольнага свету. Вы скажаце: радзей ходзяць у бібліятэку. Я вам адкажу, што практычна ў кожнага ў руках — свабодны выхад да кніг анлайн. Не шануюць класікаў? Тым не менш назавуць вам дзясятак сучасных аўтараў, пра якіх вы, магчыма, нават не чулі! Людзі, якія чытаюць, нікуды не зніклі — яны проста робяць гэта па-іншаму. А інтэрактыўныя мерапрыемствы, акцыі, конкурсы прыцягваюць юнага чытача не менш, чым некалькі дзясяткаў гадоў назад. Хочаце канкрэтыкі? Калі ласка.

У Міжнародны дзень школьных бібліятэк бібліятэка нашай школы стала самым папулярным месцам сярод навучэнцаў. А ўсё дзякуючы акцыям “Сэлфі ў бібліятэцы” і “Дзень наадварот”. Затраты на падрыхтоўчую работу невялікія, а поспех ашаламляльны — каля сотні наведвальнікаў за адзін день! Юныя бібліятэкары, навучэнкі 7—11 класаў, з усёй адказнасцю падышлі да выканання сваіх абавязкаў і змаглі не проста паглыбіцца ў бібліятэчную работу і задаволіць запыты чытачоў, але і стварыць святочны настрой, станоўчыя эмоцыі ва ўсіх наведвальнікаў.

А колькі пазітыву на працягу ўсяго месяца выклікае кніжны торт “З Днём школьных бібліятэк!”! Прапанова пачаставацца “кавалачкам” паступае кожнаму чытачу, і на сёння торт змаглі “пакаштаваць” больш за 200 чалавек.

Не перастаюць карыстацца папулярнасцю бібліятэчныя акцыі, накіраваныя на папаўненне бібліятэчнага фонду сучаснай літаратурай для чытачоў усіх узростаў. Так, ужо ў гэтым годзе падведзены вынікі акцыі “Кніга для першакласніка”, якую ініцыіравалі дзеці з ліку актыву школьнай бібліятэкі.

Пра ўсё гэта і многае іншае ўсе жадаючыя могуць даведацца больш, наведаўшы сайт нашай школьнай бібліятэкі biblio.sch1.minsk.edu. by. Дарэчы, колькасць наведвальнікаў сайта, для якіх, акрамя пазнавальнай інфармацыі, у адкрытым доступе на дадзены момант — больш за 100 паўнатэкставых твораў, за апошні год павялічылася больш чым у 2 разы.

Школьная бібліятэка пашырае свае межы, ідзе ў нагу з часам і сваімі чытачамі, становіцца адкрытай, даступнай, мабільнай і сучаснай.

Таццяна ПАСУДНЕЎСКАЯ,
загадчыца бібліятэкі сярэдняй школы № 1 Мінска.