Ролевыя гульні на ўроках грамадазнаўства

Кожны педагог мае сваю скарбонку адукацыйных тэхналогій, разнастайных прыёмаў і метадаў, якія забяспечваюць не толькі  назапашванне ведаў, уменняў, навыкаў, спосабаў камунікацыі, але і раскрываюць новыя магчымасці вучняў праз уключэнне іх у асэнсаванае перажыванне індывідуальнай і калектыўнай дзейнасці для назапашвання вопыту, усведамлення і прыняцця каштоўнасцей. Мой педагагічны вопыт паказвае, што ролевыя гульні з’яўляюцца эфектыўным метадам, які дае магчымасць вучыць дзяцей весці канструктыўны дыялог і працаваць у камандзе (падпарадкоўвацца, кіраваць, дзяліцца ведамі і паўнамоцтвамі), авалодваць мінімальна неабходнымі для жыцця ў сучасным грамадстве навыкамі сацыяльнай актыўнасці і функцыянальнай пісьменнасці.

Тэматыка вучэбнага прадмета “Грамадазнаўства” дае магчымасць выкарыстоўваць ролевую гульню, у якой ствараецца пэўная сітуацыя, якая прымушае ўдзельнікаў прымаць разнапланавыя нестандартныя рашэнні ва ўмовах недахопу часу, непаўнаты інфармацыі, процідзеяння іншых удзельнікаў гульні. Часам гэта прыводзіць да супярэчнасці з прыхільнікамі іншых поглядаў, да неабходнасці адстойваць свой пункт гледжання. Такім чынам, ролевая гульня садзейнічае развіццю творчага мыслення, патрабуе ад удзельнікаў увагі, вытрымкі, кемлівасці, спрытнасці, умення арыентавацца ў прасторы, праяўлення пачуцця калектывізму, зладжанасці дзеянняў, узаемадапамогі. Гэта асаблівы метад далучэння вучняў да творчай дзейнасці, метад стымулявання іх актыўнасці. Вельмі важна, што ў працэсе гульні вучань — паўнацэнны суб’ект дзейнасці. Мэта гульні на ўроку грамадазнаўства — стварэнне гульнявога стану, спецыфічных эмацыянальных адносін вучня да гістарычнай рэчаіснасці ці жыццёвай сітуацыі, з якой давядзецца сутыкнуцца ў будучыні.

Ролевая гульня, як правіла, будуецца на развіцці пэўнага сюжэта, які задаецца ўводнымі данымі як аснова адносін паміж рэальнымі людзьмі ў зададзенай сітуацыі, а развіццё падзей залежыць ад ініцыятыўнасці, фантазіі і жыццёвага вопыту ўдзельнікаў.

Структура ролева-гульнявых праектаў такая:

  • канструяванне гіпатэтычнай гульнявой сітуацыі;
  • выкананне пэўных роляў, якія імітуюць дзелавыя, сацыяльныя і іншыя адносіны;
  • вынік (застаецца невядомым да канца работы).

Вельмі часта ролевая гульня прадугледжвае работу ў групах. Як арганізаваць дзяцей, каб нікому не было крыўдна? Я выкарыстоўваю наступныя прыёмы:

  • па радах парт у класе;
  • па нумары варыянта (І і ІІ варыянт);
  • суседзі па парце;
  • па журнале (папалам, праз аднаго, цотныя/няцотныя і г.д.);
  • па гендарнай прыкмеце — хлопчыкі, дзяўчынкі;
  • па пары года, у якую нара­дзілася дзіця (зіма, вясна, лета, восень);
  • па даце нараджэння (цотнае/няцотнае чысло месяца);
  • разлік па нумарах (першы, другі, трэці і г.д.). Разлік робіцца зыходзячы з патрэбнай колькасці груп (а не колькасці ўдзельнікаў у групах);
  • па жэрабю;
  • мазаіка (вучням выдаюцца часткі тэксту ці малюнка, і яны павінны знайсці таго, у каго ёсць іншыя часткі гэтага тэксту ці малюнка. У далейшым гэты тэкст ці малюнак можна абыграць на ўроку);
  • “Броўнаўскі рух”;
  • па стылі інтэлектуальнай дзейнасці (эрудыт, крытык, генератар ідэй).

Што тычыцца колькаснага складу групы, то, аналізуючы вопыт работы, магу сцвярджаць, што група з чатырох чалавек у большай меры схільна да абмеркавання, чым група з васьмі чалавек. Дзейнасць групы з чатырох вучняў больш прадукцыйная, чым работа пары. Акрамя таго, мэтазгодна ствараць групу з няцотным складам. Такім чынам, група з пяці чалавек з’яўляецца самай аптымальнай. Унутры кожнай групы паміж яе ўдзельнікамі размяркоўваюцца ролі.

Калі гульня мае на ўвазе падрыхтоўчы этап, то ролі размяр­коўваюцца загадзя, сумесна, зыходзячы з пажаданняў саміх вучняў.

Што дае ролевая гульня як метад арганізацыі вучэбнай дзейнасці розным суб’ектам адукацыйнага працэсу?

Канкрэтнаму вучню:

– вопыт актыўнага вывучэння вучэбнага зместу ва ўзаемадзеянні з вучэбным акружэннем;

– развіццё асобаснай рэфлексіі;

– асваенне новага вопыту вучэбнага ўзаемадзеяння, перажыванняў;

– развіццё талерантнасці.

Вучэбнай мікрагрупе:

– развіццё навыкаў зносін і ўзаемадзеяння ў малой групе;

– фарміраванне каштоўнасна-арыентацыйнага адзінства групы;

– заахвочванне да гібкай змены сацыяльных роляў у залежнасці ад сітуацыі;

– прыняцце маральных норм і правіл сумеснай дзейнасці;

– развіццё навыкаў самааналізу ў працэсе групавой рэфлексіі;

– развіццё здольнасці выра­шаць канфлікты, здольнасці да кампрамісаў.

Сістэме “настаўнік — група”:

– нестандартныя адносіны да арганізацыі адукацыйнага працэсу;

– мнагамернае вывучэнне вучэбнага матэрыялу;

– фарміраванне матывацыйнай гатоўнасці да міжасабовага ўзаемадзеяння не толькі ў вучэбных, але і ў пазаўрочных сітуацыях.

Якія прыёмы, накіраваныя на актывізацыю пазнавальнай дзейнасці вучняў, можна выкарыстоўваць падчас правядзення ролевай гульні:

  • дыскусія (аргументаваць і адстойваць свой пункт гледжання);
  • “акварыум” (адпрацоўка камунікатыўных уменняў у групе, а таксама авалоданне навыкамі прыняцця зваротных сувязей);
  • мазгавая атака (актывізацыя дзейнасці вучняў для хуткага генерыравання ідэй пры пошуку адказу на канкрэтнае пытанне);
  • самаацэнка (рэфлексія дзейнасці);
  • хвіліна гаварэння (развіццё індывідуальнага мыслення і творчага ўяўлення);
  • адкрыты мікрафон (выказванне свайго пункту гледжання на праблему);
  • змена суразмоўніка (уменне слухаць і прымаць супрацьлеглы пункт гледжання);
  • “чатыры вуглы” (выбар пазіцыі).

Пры правядзенні ўрока вывучэння новага матэрыялу ў 11 класе па тэме “Асновы працоўнага права” выкарыстоўваю ролевую гульню “Працаўладкаванне”, у якой вучні могуць выкарыстаць засвоеныя ва ўрочнай дзейнасці ўменні і навыкі ў нестандартнай сітуацыі, якая даволі шырока распаўсюджана ў працэсе навучання.

Клас дзеліцца на міні-групы па тры чалавекі: малады спецыяліст, работадаўца, стылісты, баць­кі, сябры, псіхолаг. Вынік гульні — працаўладкаванне маладога спецыяліста. На пачатку ўрока праводзіцца сацапытанне “Самая патрэбная прафесія”. Папярэдне вучні атрымліваюць дамашняе заданне: неабходна скласці рэйтынг запатрабаваных прафесій у Рэспубліцы Беларусь і вызначыць крытэрыі гэтага ранжыравання. Калі прафесія вызначана, групы атрымліваюць заданне: малады спецыяліст рыхтуецца да субяседавання; работадаўца рыхтуецца да сустрэчы з маладым спецыялістам.

Астатнія групы рыхтуюць рэкамендацыі і парады маладому спецыялісту: стылісты — парады па знешнім выглядзе, бацькі — што расказаць пра сябе і як адказваць на пытанні, сябры — якія лепшыя якасці прадэманстраваць, псіхолаг — як зрабіць уражанне ўпэўненага ў сабе чалавека.

Далей прадстаўнікі груп да­юць парады маладому спецыялісту. Пачынаецца гульня “Субяседаванне”. Усе групы, акрамя маладога спецыяліста і “работадаўцы”, становяцца назіральнікамі. Субяседаванне праходзіць у форме дыялогу: работадаўца задае пытанні (загадзя ім падрыхтаваныя), а малады спецыяліст на іх адказвае. Пасля заканчэння субяседавання праводзіцца адкрыты мікрафон. Для міні-дыскусіі выносяцца наступныя пытанні:

  1. Якія асабовыя якасці, на ваш погляд, найбольш важныя пры пошуку работы?
  2. Сучаснае грамадства дынамічна развіваецца, прад’яўляючы новыя патрабаванні да чалавека, яго ведаў, уменняў, асабовых якасцей. Як вы лічыце, якія фактары садзейнічаюць паспяховай самарэалізацыі сучаснага чалавека?

Адна з праблем сучаснага школьніка, з якой ён сустрэнецца ў дарослым самастойным жыцці, — няўменне рэкламаваць сябе, прадстаўляць свае лепшыя якасці, дэманстраваць веды і ўменні і рабіць гэта ў рэжыме абмежаванага часу. Для вырашэння гэтай праблемы выкарыстоўваю на ўроку абагульнення тэмы “Грамадская сутнасць чалавека” метад “Печа-куча”. Яго сутнасць заключаецца ў тым, каб падрыхтаваць і зрабіць прэзентацыю, якая характарызуе чалавека як асобу. Вучань выбірае сабе сацыяльную ролю: вучань, прадстаўнік канкрэтнай прафесіі, адпачывальнік за мяжой, лідар групы і г.д. Прэзентацыя складаецца з пэўнай колькасці слайдаў (напрыклад, толькі з 20). Пры гэтым кожны слайд дэманструецца на экране пэўную колькасць часу (напрыклад, 20 секунд), затым ён павінен аўтаматычна мяняцца на наступны. Такім чынам, чысты час прэзентацый таксама пэўны (напрыклад, 6 мінут 40 секунд). Гэты метад фарміруе лаканічнасць і правільнасць пабудовы маўлення, вучыць прэзентаваць сябе, вызначаць дамінуючыя рысы паводзін чалавека ў канкрэтнай сітуацыі.

Пры вывучэнні тэмы “Узаема­дзеянне з навакольнымі людзьмі” ў 9 класе выкарыстоўваю побач з ролевай гульнёй прыём “акварыум” для авалодання навыкамі прыняцця зваротных сувязей.

Папярэдне вучні атрымлі­ваюць дамашняе заданне адказаць на пытанні:

  1. Як людзі ўспрымаюць і разумеюць адно аднаго ў працэсе зносін?
  2. Што неабходна для разумення адно аднаго і ўстанаўлення ўзаемаадносін?
  3. Які вопыт мы атрымліваем у працэсе зносін?
  4. Якія асаблівасці асобы ўплываюць на працэс успрымання і разумення яе іншымі людзьмі?

Для дыскусіі на ўроку вызначаецца наступная тэма: “Зносіны — гэта ўніверсальны інструмент, які дапамагае дасягнуць шмат з таго, што мы хочам дасягнуць у жыцці”.

Даецца некалькі хвілін на абдумванне тэмы. Потым 4 вучні атрым­ліваюць заданне: прадэманстраваўшы пэўны камунікатыўны стыль, уключыцца ў дыскусію адно з адным.

Камунікатыўныя стылі (ролі), якія прадэманструюць вучні:

  • Чалавек, які заспакойвае. Згодны чалавек, які ўсім дагаджае, пастаянна просіць прабачэння і стараецца любой цаной не выклікаць канфлікту. Такі чалавек адчувае сваю бескарыслівасць, выглядае бездапаможным.
  • Абвінаваўца — супраць­леглы чалавеку, які заспакойвае, не пагаджаецца з меркаваннем астатніх, правакуе на канфлікт. Гаворыць напышліва, гучным уладным голасам, мышцы твару і цела напружаны.
  • Чалавек-камп’ютар — раз­важлівы, спакойны, халодны і засяроджаны чалавек, не выказвае свае пачуцці і не дэманструе свае эмоцыі.
  • Чалавек, які вядзе ўбок. Выказвае меркаванні, якія прыво­дзяць у здзіўленне. Позы цела разнастайныя, інтанацыі могуць не адпавядаць словам.

Добраахвотнікі дэманструюць пэўны камунікатыўны стыль, уключаюцца ў дыскусію адно з адным. Астатнія вучні класа назіраюць узаемадзеянне.

На дыскусію даецца 10 мінут. Пасля заканчэння часу назіральнікі каменціруюць сваё ўспрыманне дыскусіі. Потым удзельнікі дыскусіі дзеляцца ўражаннямі, якія ўзніклі ў гэтай сітуацыі. Пасля абмеркавання вучні дзеляцца на некалькі груп, выпрацоўваюць правілы пазітыўных зносін і прымальныя стылі паводзін і прадстаўляюць вынікі сваёй працы.

Пры вывучэнні тэмы “Рэгіянальная і аграрная палітыка Рэспублікі Беларусь” праводжу ролевую гульню “Я — турыст”. Вучні атрымліваюць наступнае заданне: падрыхтаваць інфармацыю аб аб’ектах Рэспублікі Беларусь і памятных мясцінах, якія маюць гістарычную, культурную, архітэктурную каштоўнасць.

Затым вучням прапануецца адказаць на пытанні:

  1. Раскажыце пра сваё ўяўленне аб выгадзе, якую можа прынесці Беларусі такі від дзейнасці, як турызм.
  2. Як вы думаеце, ці можа Беларусь разлічваць на прыток турыстаў з-за мяжы?
  3. Чым яна прывабная для замежных турыстаў?
  4. Чаму ўсё больш беларусаў аддаюць перавагу адпачынку за мяжой?
  5. Ці неабходна заахвочваць выезд на адпачынак у іншыя краіны ці стымуляваць адпачынак у самой Беларусі?
  6. Хто павінен узначаліць работу па развіцці міжнароднага турызму?
  7. Каму гэта выгадна і чаму?

Аналізуючы ўласную педагагічную практыку, магу сказаць, што выкарыстанне ролевых гульняў эфектыўна пры наступных умовах:

  • улік узроставых і індывідуальных асаблівасцей вучняў;
  • нестандартныя адносіны да арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Лічу, што сістэмнае выкарыстанне інтэрактыўных метадаў і прыёмаў у выкладанні грамадазнаўства павышае эфектыўнасць навучання, садзейнічае росту ўнутранай матывацыі вучняў да вывучэння прадмета, садзейнічае фарміраванню сацыяльна-працоўных кампетэнцый, стварае атмасферу зацікаўленасці кожнага вучня як у выніках сваёй працы, так і ў выніках працы ўсяго класа. Стымулюе вучняў да ўдзелу ў дыскусіях, выказвання і доказнага адстойвання свайго вырашэння праблемнага пытання ці задання, выкарыстання розных спосабаў выканання заданняў без страху памыліцца, а значыць, рыхтуе да прыняцця самастойных, адказных рашэнняў у жыцці.

Святлана ДЗЕМІДОВІЧ,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Уздзенскай раённай гімназіі.