Родны кут для кожнага

Этнаграфічны музей “Родны кут” існуе ў сярэдняй школе № 128 Мінска з 2001 года і зараз налічвае каля 400 экспанатаў, якія знаёмяць наведвальнікаў з побытам, традыцыямі і звычаямі нашых продкаў.

Заснавальнік музея Вольга Фёдараўна Паркалава змагла арганізаваць збор музейных экспанатаў: вучні школы разам з бацькамі накіроўваліся ў вёскі і прывозілі адтуль рэчы, якія зараз складаюць асноўны фонд музея “Родны кут”. З цягам часу амаль усе навучэнцы і супрацоўнікі школы прынялі ўдзел у зборы экспанатаў для школьнага музея. Сярод настаўнікаў школы, якія адказвалі за дзейнасць музея, трэба асабліва адзначыць Н.Ц.Шахаву, С.В.Шыла, А.А.Сахараву, Н.А.Шчуплік, Н.В.Жукаву, К.В.Кандраценка. Зараз кіраўніком школьнага музея з’яўляецца настаўніца гісторыі малады спецыяліст Наталля Алегаўна Гаварушка.

У апошні час дзейнасць этнаграфічнага музея “Родны кут” пашыраецца. Да традыцыйных форм работы, такіх як падрыхтоўка навукова-даследчых прац краязнаўчага напрамку, распрацоўка і правядзенне экскурсій у музеі для вучняў школы № 128, а таксама іншых школ Фрунзенскага раёна, пошук і захаванне новых экспанатаў, правядзенне свят (Калядкі, Гуканне вясны, Масленіца і інш.), лекцыі, далучыўся новы напрамак — падрыхтоўка юных экскурсаводаў.

У 2016/2017 навучальным годзе найбольш актыўныя ўдзельнікі савета музея, вучні 6-х класаў, якія ўжо з’яўляюцца экскурсаводамі ў музеі “Родны кут” і з 5 класа праводзяць сапраўдныя экскурсіі для вучняў іншых школ, падрыхтавалі даследчую працу “Легенды і таямніцы Мінска”. Мэтай гэтай работы было стварэнне экскурсіі па месцах, звязаных з містычнымі легендамі Мінска. Вучні зрабілі вялікую працу: яны не толькі знайшлі містычныя гарадскія легенды, але і распрацавалі маршрут, які ўключае блізка размешчаныя аб’екты горада, звязаныя з нейкімі трагічнымі ці легендарнымі падзеямі. Увага юных даследчыкаў засяродзілася на раёне Верхняга горада. Маршрут экскурсіі ўключае 6 аб’ектаў.

З мэтай папулярызацыі падрыхтаванай экскурсіі вучні 6-х класаў з дапамогай настаўнікаў праводзілі інфармацыйныя гадзіны ў школе, а таксама зрабілі суполку ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” — “Отряд “Добры дзень, паважаныя сябры” (https://vk.com/club_guides_school128). Навучэнцы распрацавалі рэкламную прадукцыю — буклеты, а таксама знялі відэаролік. Калі ўсё было падрыхтавана, юныя экскурсаводы пачалі праводзіць экскурсію “Легенды і таямніцы Мінска” для вучняў нашай школы.

Праца навучэнцаў была ўзнагароджана на некалькіх конкурсах. Так, работа “Легенды і таямніцы Мінска” атрымала дыпломы І ступені на раённым і гарадскім этапах конкурсу экскурсійных маршрутаў “Пазнаем Беларусь разам”, а на рэспубліканскім этапе калектыў вучняў стаў лаўрэатам і атрымаў дыплом Міністэрства адукацыі.

Але юныя экскурсаводы сярэдняй школы № 128 не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. Вучні 6-х класаў у 2016/2017 навучальным годзе ўпершыню ў гісторыі нашай школы прымалі ўдзел у “Фэсце экскурсаводаў”, арганізатарамі якога з’яўляюцца Беларускі камітэт Міжнароднай рады па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцін (ІКАМОС), Беларускае грамадскае аб’яднанне экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, ДУ “Нацыянальнае агенцтва па турызме”, грамадскае аб’яднанне “Беларускi фонд культуры”, пры падтрымцы мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Упершыню дзверы этнаграфічнага музея “Родны кут” расчыніліся для жыхароў нашага раёна і ўсіх жадаючых, хто неабыякава ставіцца да гістарычнай і культурнай спадчыны нашага народа.

Наталля ГАВАРУШКА,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 128.